Набалелая праблема
Пытанне аб энергарэсурсах востра стаіць у нашай рэспубліцы і ўсім вядома, што ўрад вырашыў пабудаваць атамную электрастанцыю і такім чынам рашыць праблему энергазабеспячэння. Аднак сродкаў на такую будоўлю няма, бо пазбаўленне ільгот грамадзян Беларусі гаворыць аб недахопе фінансаў. Акрамя гэтага, план аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі за 2-3 гады наводзіць на думку аб якасці будучай будоўлі. У развітых краінах на гэта ідзе 10-12 , а то і 15 гадоў. Пры “ударных” тэмпах існуе верагоднасць паўтора Чарнобыльскай трагедыі, таму асноўная маса насельніства супраць падобнай будоўлі. Наш народ панес вялікія страты ад “мірнага” атама. Нельга дапусціць новых ахвяраў.
Для рашэння праблемы знергазабеспячэння неабходна пераглядзець выкарыстанне мясцовых сродкаў. Так, на думку навукоўцаў, запасаў нафты ў Беларусі дастаткова для забеспячэння нашай краіны. Толькі патрэбна пракантраляваць куды і як “ідуць” карысныя выкапні. Так, газ, які атрымліваюць пры дабычы нафты, забруджвае паветра, а не выкарыстоўваецца па прызначэнню.
Неабходна напомніць і аб тым, што наша рэспубліка адна з багацейшых краін не толькі ляснымі рэсурсамі, але і воднымі запасамі. Аднак на прылаўках нашых магазінаў знаходзяцца толькі прывазныя рыбныя прадукты, а аб існаванні рачнога транспарту мы і не чуем. А ён лічыцца самым танным транспартным сродкам.
Менавіта будоўля гідраэлектрастанцый дапаможа вырашыць праблему энергазабеспячэння і абараніць насельніцтва ад новых “Чарнобыльскіх” іспытаў.
Гэта таксама дапаможа адрадзіць рачны транспарт. Будоўля гідраэлектрастанцый, вадасховішчаў з’вярне ўвагу і на рыбныя рэсурсы нашай краіны. Зараз плануюць будоўлю некалькіх гідраэлектрастанцый на Нёмане. Так будзе забяспечаны электраэнергіяй заходні рэгіён нашай рэспублікі, а частку электрычнай энергіі плануюць прадаваць у іншыя краіны.
Ёсць у Беларусі і вопыт будаўніцтва ветраных электрастанцый. У Еўропе зараз звярнуліся да выкарыстання сонечнай энергіі. Так, у некаторых краінах мяркуюць адтрымліваць да 50% энергіі ад сонечных крыніц. Нельга забываць і аб існаванні вялікіх запасаў торфу на Беларусі.
Патрэбна звярнуцца і да выкарыстання ў якасці крыніц энергіі адходаў сельскай, лясной гаспадаркі і прамысловасці. Беларускія рацыяналізатары даўно распрацавалі праекты па выкарыстанню бытавых адходаў у якасці крыніц энергіі. Аднак іх ідэі засталіся на паперы, а горы смецця забруджваюць навакольнае асяроддзе. Такім чынам, існуе шмат шляхоў для вырашэння праблемы энергазабеспячэння ў нашай рэспубліцы, таму няма патрэбы ў будоўлі атамнай электрастанцыі.
Ларыса Шукайла