Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members capriche Гомель Сож № 1, красавік
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Сож № 1, красавік

Улада вырашыла: смуткаваць не варта...

Гомельскі аблвыканкам забараніў мітынг, прымеркаваны да ўгодкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Чым не задаволены аблвыканкам?

У афіцыйнай адмове №36/23 ад 20 красавіка намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Петр Кірычэнка паведаміў, што арганізатары мітынгу (гэта апазыцыйныя партыі ПКБ і АГП) ў замове не ўказалі, якія меры будуць прыняты дзеля забеспячэння грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання, уборкі тэрыторыі.

Меркаванне камуніста

Уладзімер Сякерка, першы сакратар Гомельскага абкама ПКБ:

"У замове мы, як заўсёды, указалі адказных за грамадскі парадак. Раней гэтага было дастаткова. Цяпер аблвыканкам запатрабаваў дэталізацыі. Мяркую, тое проста фармальная падстава адмовіць нам праводзіць чарнобыльскі мітынг".

Дэталі

Адаслаўшы ў аблвыканкам замову, гомельскія апазіцыянеры выпусцілі ўлёткі з інфармацыяй пра тое, што на чарнобыльскім мітынгу павінен выступіць экс-кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч.  Праўдападобна, гэта інфармацыя і напалохала гомельскія ўладныя структуры. У замове актывісты назвалі і лічбу магчымых прысутных гараджанаў на чарнобыльскім мітынгу – усяго да 5 тысяч чалавек.

Анатоль Ліпскі

За інфармацыю пра Чарнобыль – 10 сутак арышту

Улёткі пра чарнобыльскі мітынг сталіся падставай, каб суд даў дзесяць сутак арышту Уладзіміру Кацору, аднаму з дэмакратычных актывістаў Гомельшчыны.

Матывы арышту

– Гэта нечуванае самавольства, – сказаў адразу пасля абвяшчэння пастановы суддзі Уладзімер Кацора, намеснік старшыні  абласной арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі.

Яго затрымалі позна ўвечары, калі ён вяртаўся з Мінску на прыватным легкавіку. У Савецкім райаддзеле міліцыі ўчынілі ператрус: канфіскавалі каля чатырох тысяч асобнікаў газет "Народная воля" і "Товарищ".

Ужо пасля поўначы прад`явілі ўлёткі аб чарнобыльскім мітынгу з яго кантактным тэлефонам. Кацору міліцыя абвінавацілі ў арганізацыі мітынгу, на які яшчэ не дадзены дазвол уладаў. Дарэчы, Чарнобыльскі мітынг  замовілі ў Гомельскім аблвыканкаме рада абласной арганізацыі АГП і абласны камітэт ПКБ. Паводле арганізатараў, збяруцца да пяці тысяч гараджан. Адказным за парадак ад рады АГП прызначаны менавіта спадар Уладзімір.

Невядомы сведка

На суд  міліцыя прызвала нейкага Уладзіміра Казлова, інжынера Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту. Ён заявіў, што 13 красавіка прыязджаў  у офіс АГП. Уладзімер Кацора нібыта казаў яму, што "апазіцыя будзе арганізоўваць мітынг нават тады, калі не атрымае дазвол уладаў на яго правядзенне".

Уладзімер Кацора абвінавачванняў на свой адрас не прызнаў. Ён патлумачыў суду, што  Казлова ніколі не бачыў у офісе, а трынаццатага наогул быў у ад`ездзе.

Недавер суддзі

Кацора хадайнічаў, каб суддзя Козыраў абавязкова выклікаў у якасці сведкі   спадара Ільінчыка. Той мог бы засведчыць, што ў распаўсюджаны улётках  не згадвалася нават дата правядзення чарнобыльскага мітынгу.

Прадстаўнік Фэміды адхіліў хадайніцтва, тады Уладзір Кацора выказаў недавер суддзі. Апошні палічыў вырашыў працягнуць паседжэнне.

Пазіцыя адваката

Адвакат Пётр Барысаў заявіў, што ў дзеяньнях ягонага падабароннага адсутнічае склад якога-небудзь правапарушэння. Нават калі дапусціць, што Уладзімір Кацора вусна казаў пра мітынг, то ён не можа быць за гэта прыцягнуты да адказнасці паводле адпаведнага закону. А ў вырабленых кустарным чынам улётках няма канкрэтнай згадкі пра месца і час мітынгу. Да таго ж, на думку адваката, як адзін з лідэраў АГП, Уладзімер Кацора паводле іншых прававых актаў дзейнічаў зноў жа ў межах заканадаўства.

Наша даведка

Арышт Уладзімера Кацоры на 10 сутак – другі па ліку. Напярэдадні выбараў прэзідэнта, 18 сакавіка позна ўвечары,  спадар Кацора  быў схоплены каля пад`езду свайго дому, абвінавачаны ў хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі. За кратамі ён правёў 8 сутак. Праўдападобна гэтым разам усё абстаўлена так, каб актывіст АГП правёў у няволі і "Чарнобыльскі шлях".

Анатоль Ліпскі

Газета "Товарищ" – міліцыі вораг?

У Гомелі міліцыянты Цэнтральнага РАУС затрымалі распаўсюднікаў  газеты "Товарищ". Хоць актывісты мелі ўсе неадходныя дакументы.

На вуліцы Катуніна Марыя Багдановіч і Анатоль Паплаўны бесплатна раздавалі гараджанам газету Партыі камуністаў Беларускай "Товарищ". Гэта выданне, як і некаторыя іншыя незалежныя СМІ, адмовілася распаўсюджваць  "Белпошта".

Боязь чалавека з газетай

Пад "хапун" трапіў таксама і Андрэй Баранаў. Хоць у яго, апрача газеты "Пресс-бол",  ніякіх іншых выданняў не было. Але паўтары гадзіны ён сядзеў у пастарунку, пакуль на  Марыю Багдановіч і Анатоля Паплаўнага складалі пратаколы затрымання.

Міліцыянты адмовіліся паведаміць сваякам пра затрыманне актывістаў.

Участковы Уладзімір Недабой, які браў непасрэдны ўдзел у іх, прагаварыўся. Аказваецца, міліцыя шукае цяпер ў людзей запрашэнні на чарнобыльскі мітынг.

Наша даведка

Рэгіянальныя актывісты са штабу Мілінкевіча замовілі ў гарвыканкаме на 25 красавіка мітынг, прысвечаны 20-м угодкам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Анатоль Ліпскі

Мост мог абрушыцца на цягнік

Позьнім красавіцкім вечарам ў Гомелі на чыгуначныя рэйкі абрынулася пліта Кузнечнага пуцепровада.

Пліта ўпала на чыгуначныя рэйкі, па якіх ідуць цягнікі з Гомеля ва Украіну і Расію. Аператыўныя службы Міністэрства надзвычайных сітуацый  расчышчалі шлях да раніцы. Рух саставаў амаль на 7 гадзінаў быў накіраваны ў абход асноўнай магістралі.

Гараджане рызыкавалі

Кузнечны мост звязвае цэнтр гораду з мікрараёнам Манастырок, дзе пераважаюць прыватныя пабудовы. Да  1978 году праз яго праходзіла адна з асноўных аўтама  магістралей. З уводам новага пуцеправоду праз чыгунку стары мост выкарыстоўваўся выключна як пешаходны.

Сітуацыю каментуюць:

Алена В.,   жыхарка Манастырка: "Мы ўжо гадоў дзесяць звяртаемся да гарадскіх уладаў з просьбай адрамантаваць наш  пешаходны мост. Але марна. Дайшло да таго, што там з`явілася дзірка. Не дай Божа, дзіця адлучыцца ад маці – вельмі проста магло праваліцца на рэйкі, пад цягнік... Ды што малыя – дарослыя таксама! З горам папалам дзірку залаталі. Мост жа застаўся без рамонту. Ці не таму, што ён  стаіць адным канцом у Цэнтральным раёне, другім – у Савецкім. Нікому мост не патрэбны..."

Аляксандр Беляеў, старшыня Гомельскага гарвыканкаму: "Мы заказалі праектную дакументацыю для будаўніцтва новага моста з ажурных канструкцый. Ацалелыя пралёты пуцеправода будуць дэманціраваны. Для пешаходаў  усталюем часовы драўляны пераход".

Анатоль ЛІПСКІ

Гомельскі чыноўнік стаў "невыязным"

За фальсіфікацыю вынікаў выбараў краіны Еўраcаюзу адмовіліся выдаваць уязныя візы 37 беларускім чыноўнікам. Шэсьць зь іх – рэгіянальныя.

У Гомелі гэта намеснік старшыні абласной выбарчай камісіі, ён жа намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкаму Аляксандр Усаў. Як зрэагавалі на вострую сітуацыю ідэолаг мясцовай вертыкалі і яго палітычныя апаненты?

– Гэта несправядліва, – перакананы Аляксандр Усаў. – Я, напрыклад, спрыяў прадстаўнікам штабу Мілінкевіча арганізоўваць сустрэчы з выбарцамі ў лепшай зале абласнога цэнтру, на стадыёне "Цэнтральны". А яны ўключылі мяне ў спіс, каму забаронены выезд у краіны Еўрасаюза...

Іншай думкі прытрымліваецца Уладзімер Кацора, адзін зь лідэраў мясцовай дэмакратычнай апазыцыі:

– Фармальна Усаў не падпісваў рашэнні абласной камісіі. Гэта рабіў яе старшыня, Уладзімір Міхасёў. Але Аляксандр Усаў менавіта той чалавек, які рыхтаваў усе рашэнні камісіі па арганізацыі і правядзенню выбараў у рэгіёне. Ён спрычыняўся да таго, што прадстаўнікі дэмакратычных грамадскіх арганізацый і партый не былі ўключаны ў склад выбарчых камісій, што назіральнікі не маглі належным чынам кантраляваць ход галасавання, а агітатары – весці перадвыбарчую агітацыю. Спадар Усаў адказны не толькі за афіцыйныя вынікі сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў, але і леташняга рэферэндуму наконт працягу паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі,  за выбары прэзідэнта ў 2001 годзе і леташнія, у Палату прадстаўнікоў.

Уключэннне ў "чорны спіс" невыязных асоб Аляксандр Усаў не лічыць для сябе надзвычай адчувальнай мерай.

– Для мяне гэта, як пугаю па вадзе, – сцвярджае ён. – У камандзіроўкі за мяжу мяне не пасылаюць. Да сваякоў жонкі ў Расію я магу з’ездзіць. Блізкі сябра на Украіне жыве, але ж Украіна пакуль не ўступіла ў Еўрасаюз. Таксама магу паехаць. Урэшце, на ўласнае лецішча паблізу Гомеля мне ніхто выехаць не забароніць. Там і буду адпачываць...

Даведка

Аляксандр Усаў нарадзіўся у кастрычніку 1946 года. Да пераходу  ў аблвыканкам працяглы час працаваў інструктарам аддзелу прапаганды і агітацыі Гомельскага абкаму КПБ.

Анатоль Ліпскі

"Чортавае кола" ліквідатара Сіліверста

Амаль 10 гадоў дамагаецца Васіль Сіліверст з Калінкавічаў прызнання  прычыннай сувязі  сваіх захворванняў і інваліднасці з удзелам у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. 

Праблемы са здароўем у спадара Сіліверста пачаліся ў хуткім часе пасля таго, як яго, афіцэра запасу, прызвалі на шэсць месяцаў ва ўкраінскі горад Чарнобыль. Там ягоная вайсковая часць займалася дэзактывацыяй заражаных радыяцыяй тэрыторый і тэхнікі.

- У мяне хворае сэрца, шчытападобная залоза, высокі крывяны ціск, - кажа 52-гадовы чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст. -  А нядаўна выяўлена пухліна ў "подвздошной области" жывата.

Між тым Рэспубліканскі міжведамасны экспертны савет Міністэрства  аховы здароўя не звязвае інваліднасьць ды іншыя захворванні Сіліверста з ягонай службаю і працаю  ў 30-кіламетровай чарнобыльскай зоне. Пазіцыя Міністэрства і ягонага экспертнага савета такая: хваробы ліквідатара маглі адолець і без таго, у звычайным побытавым жыцці. Прынамсі, пра гэта паведамляў Сіліверсту ў афіцыйных лістах намеснік міністра, ён жа старшыня рэспубліканскага экспертнага савету Віктар Калбанаў.

На знак пратэсту Васіль Сіліверст ужо двойчы трымаў працяглыя галадоўкі, звяртаўся з пазовамі ў суд. Безвынікова.

- У 2003 годзе, - прыгадвае ліквідатар, - Міністрства аховы здароўя накіравала мяне ў Мінск у Інстытут экспертызы дзеля вызначэння повязі  маіх шматлікіх захворванняў з працаю ў Чарнобылі. Тады гэтае пытанне можна было вырашыць у Мінску, ніхто не перашкаджаў абследаваць мяне ў спецыялізаваных клініках, у той жа Аксакаўшчыне. Не, яны накіравалі
мяне ў Гомель. Там, маўляў, са мною развяруцца. Фактычна адфутболілі.

Спадар Сіліверст апавядае, што з Гомелю яго накіроўвалі зноў у Мінск, у 10-ю паліклініку. Адтуль назад у Гомель, у Цэнтр радыяцыйнай медыцыны. Затым пад Мінск у Бараўляны, у Навукова-даследчы інстытут анкалогіі. Чортавае кола, дый годзе!

- Нічога, апрача чарговага інфаркту, - сцвярджае Васіль Сіліверст, -  я не прыдбаў у гэтых паездках. Таму я патрабую, каб Містэрства аховы  здароўя накіравала мяне на незалежную экспертызу ў Кіеў.

Начальнік аддзелу арганізацыі медычнай абароны Міністэрства Сяргей Гусеў лічыць, што адпраўка ліквідатара  ў Кіеў прынцыпова нічога не вырашыць.

- У нас свае законы, у іх - свае, - кажа спадар Гусеў. - Добрыя гэтыя законы ці кепскія - гэта іншая справа. Мы неаднаразова прапаноўвалі Сіліверсту шпіталізацыю ў любую лячэбную ўстанову Беларусі. Прапаноўвалі падлячыцца  і ўсё іншае, у тым ліку і ў Гомельскім цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека.

Апошні раз Васіль Сіліверст знаходзіўся ў радыяцыйным цэнтры ў Гомелі ў лютым-сакавіку гэтага году.  З паўдзесятка  рэкамендаваных экспертным саветам даследаванняў чарнобыльскаму ліквідатару зрабілі толькі два - і выпісалі.

Анатоль Ліпскі

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: