Сож № 2, май
|
На бясплатныя пуцёўкі не знайшлося ахвотнікаў
100 мільёнаў рублёў выдзеліў Гомельскі аблвыканкам на аздараўленне вяскоўцаў. Аднак людзі ня могуць іх выкарыстаць. Меркавалася, што вясною адпачнуць як мінімум 200 вяскоўцаў. І раптам выявілася неспадзяванка – амаль траціна пуцёвак незапатрабавана. Зарганізаваць вяскоўцаў на адпачынак павінен быў абласны камітэт сельскай гаспадаркі і харчавання, які ачольвае Леанід Апанасюк. На гэтую пасаду ён прыйшоў у свой час з калгаснага старшынёўства і, канешне, добра ведае, як цяжка працуюць і як рэдка па сапраўднаму вяскоўцы адпачываюць. Напачатку з камітэта ў рэгіянальную ўправу па аздараўленню дасылаліся факсавыя паперы з імёнамі тых, хто паедзе адпачываць ў санаторый "Прыдняпроўскі", што ў Рагачоўскім раёне. Але ў апошнія паўтара месяца камітэт сельскай гаспадаркі і харчавання замаўчаў. У выніку 61 пуцёўка, што называецца, завісла ў паветры Намеснік начальніка фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Міхаіл Савянок публічна пагразіў адклікаць грошы з санаторыя. Пасыпаліся папрокі і на адрас супрацоўнікаў санаторыя, якія, маўляў, не рэкламуюць у вёсцы свае паслугі. Васіль К., калгаснік з Брагінскага раёна, не згодны з такой трактоўкай: – Разнарадку на адпачынак даць не праблема. А дзе нам набрацца жывёлаводаў, якія маглі б падмяніць тых, хто паедзе ў санаторый? Пасля Чарнобылю вёскі апусцелі, лішніх рук днём з агнём не знойдзеш. Да таго ж вясною людзі заняты сваімі соткамі. Ёсць іншае тлумачэнне сітуацыі. Аблвыканкам, выконваючы патрабаванне зверху не дапусціць банкруцтва санаторыяў, імкнуўся забіць двух зайцоў – фінансава падтрымаць здраўніцы і заадно даць магчымасць адпачыць каму-кольвечы з вяскоўцаў. Дарэчы, разнарадку пералічыць грошы на рахункі розных санаторыяў-прафілакторыяў атрымалі сёлетняй вясной многія будаўнічыя, транспартныя ды іншыя арганізацыі. Антоль Ліпскі
Мець пры сабе карыкатуры і налепкі стала крыміналам
У Жлобіне адміністрацыйная камісія раённага выканаўчага камітэта аштрафавала актывістаў Юрыя Гаўрыленку і Андрэя Станкевіча. Кодэкса хопіць на ўсіх 17-18-гадовыя Юрый Гаўрыленка, Андрэй Станкевіч, Эдуард Зелянкоў, а таксама двое іх сяброў з Гомеля абвінавачаны паводле двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу – вывешванні аб’яваў у не прадугледжаных дзеля гэтага месцах (арт.143) і распаўсюдзе друкаваных выданняў, вырабленых з парушэннем вызначанага парадку, змест якіх накіраваны на прычыненне ўрону дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку (арт. 172). КДБ цікавала за актывістамі Хлапцоў затрымалі ў Жлобіне ў сярэдзіне траўня. Эдуард Зелянкоў: – З паўдзесятка людзей у цывільным падыйшлі да нас у мікрараёне № 1, каля бульвара Металургаў. Яны спыталі: дакументы ў каго-небудзь ёсць? Справа ў тым, што раней Зелянкова ўжо апытвалі ў аддзяленні дзяржбяспекі па справе, якая вядзецца ў дачыненні “Маладога фронта”, і рабіў гэта менавіта следчы Андрэй Коласаў. Са слоў Эдуарда, другі супрацоўнік КДБ, які ўдзельнічаў у затрыманні, кіраваў ператрусам у ягонай кватэры. Даставай 62 тысячы! Андрэй Станкевіч: – У міліцыі ў аднога з нас знайшлі ў заплечніку карыкатуры і налепкі з надпісам "Дастаў"! Нас трымалі каля пяці гадзін. Калі мы спыталі, чаму так доўга, нам адказалі, што не складзены яшчэ пратаколы, а затрыманне нібыта пачынаецца толькі пасля напісання патрэбных папераў. Абвінавачванні супраць маладзёнаў грунтуюцца на словах міліцыянтаў. Тыя нібыта бачылі, як хлопцы "развешвалі" налепкі. Адміністрацыйная камісія райвыканкаму аштрафавала Юрася Гаўрыленку і Андрэя Станкевіча – кожнага на 62 тысячы рублёў. Эдуард Зелянкоў заявіў, што яму патрэбны адвакат. Разгляд ягонай адміністрацыйнай справы перанесены на пятае чэрвеня. Цалкам верагодна, што ў гэты ж дзень будуць разгледжаны абвінавачванні ў "вывешванні" налепак і ў дачыненні іншых хлопцаў. Анатоль Ліпскі
Выбары сталі для дэмакратаў крокам наперад
Лідэр аб`яднанай дэмакратычнай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч абмеркаваў з гомельскімі актывістамі вынікі выбарчай кампаніі. Ён, у прыватнасці, заявіў: - Ніхто, канешне, не чакаў, што пасля выбараў Ярмошына выйдзе і скажа пра нашу перамогу. Нават, калі б за апазіцыйнага лідэра прагаласавалі 90 працэнтаў выбарцаў. Калі не бывае перамогі Сацыялагічныя замеры паказалі, што ў Мінску Аляксандра Лукашэнку падтрымалі блізу 20 працэнтаў з ліку тых, хто ўзяў удзел у галасаванні. У краіне – каля 45 працэнтаў. "Мы не праігралі гэтыя выбары, бо выбараў не было", - сказаў апазіцыйны лідэр. Здабыткі Падчас мінулай выбарчай кампаніі, адзначалася на сустрэчы, ўдалося аб'яднаць пад лозунгам свабоды і дэмакратыі апазіцыйныя сілы, чаму здзіўляюцца нават у замежжы. Зроблены сур'ёзны крок наперад. Людзі адолелі страх і выйшлі на вуліцу. Да палітыкі далучылася новая генерацыя маладзі. Ініцыятыва, прага дзеяньняў не страчаны і цяпер. Дзейных людзей неабходна ахапіць масавым рухам "За свабоду!" Важна паказваць грамадзянам, што цяперашні рэжым вядзе Беларусь да крызісу, схіляць іх да дэмакратычнага выбару, казалі удзельнікі сустрэчы. Суверэнітэт краіны, свабода, дабрабыт чалавека – галоўныя лозунгі новай кампаніі. Мінусы Падчас выбараў аб`яднанай апазіцыі не ўдалося дамагчыся падтрымкі большасці выбарцаў. За дэмакратычнага кандыдата у прэзідэнты толькі каля траціны грамадзянаў Беларусі, якія маюць права выбарчага голасу. Прапановы Юрый Г.: "Мы павінны больш звяртаць ўвагі на сацыяльныя праблемы, якія хвалююць людзей. Напрыклад, адмена кантрактаў. Кантракты сталі ў руках адміністрацый інструментам расправы з іншадумцамі. Плацдарм заваёваны. Трэба пашыраць дэмакратычны рух за кошт сацыяльнага складніка". Андрэй А.: "Варта дапамагчы людзям, якія пацярпелі ад рэжыму не толькі падчас выбараў, але яшчэ да іх і пасля". Мікалай Л.: "У рэгіёнах мала інфармацыйных матэрыялаў. Усё рыхтавалася цэнтралізавана ў Мінску. Інфармацыя спазнялася". Уладзімер Ш.: "У невялікіх гарадах наменклатурныя чыноўнікі сталі зноў будаваць сабе шыкоўныя асабнякі, прычым у забароненых зонах. Пра гэта нельга маўчаць". Віктар Ж.: "Людзі на месцах глядзяць, ці абараняе апазіцыя сваіх актывістаў. Улады па-ранейшаму чыняць ім перашкоды ва ўладкаваньні на працы. Патрэбны меры дзеля абароны актывістаў ад самадурства мясцовых чыноўнікаў". Анатоль Ліпскі
Суд на апазіцыянерамі слухаў толькі міліцыянераў
Суддзя М.Дамненка пакарала арыштамі на 7-15 суток трох гомельскіх актывістаў. Міліцыя затрымала Юрыя Тропачава, Андрэя Доўжыка і Аксану Сергіенку 1 мая паблізу гарвыканкаму. Маладых людзей абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі, дробным хуліганстве, прыналежнасьці да незарэгістраванай арганізацыі. Суд праігнараваў паказанні сведкаў з боку абвінавачаных. Аксане далі 15 сутак зняволення, а хлопцам па сем. Падпалкоўнік загадвае Першага мая яны ішлі па вуліцы Савецкай на пляц Леніна адзначаць дзяржаўнае Свята Працы. Аксана перайшла на правы бок вуліцы і стала раздаваць гараджанам улёткі "Дзень салідарнасці працоўных", падпісаныя Беларускім сацыяльным рухам "Разам!" Ва ўлётках былі і такія словы: "Патрабаваць, а не прасіць! Дабівацца свайго, а не чакаць міласціны". – Я даў каманду затрымаць Аксану Сергіенку, – засведчыў у судзе начальнік упраўлення аховы правапарадку Гомельскай абласной міліцыі, падпалкоўнік Юрый Селіванаў, – у яе дзеяннях быў склад правапарушэння. Затрымліваў Аксану намеснік начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі маёр Сяргей Яфіменка: – Яна не падпарадкоўвалася, нецэнзурна лаялася. Казала мне: "Што ты хочаш, казёл?" Аксана Сергіенка, навучэнка школы алімпійскага рэзерву, майстра спорту: – Я хіба з глузду з`ехала, каб называць "казлом" міліцыянера, які мяне затрымлівае. Яфіменка груба схапіў мяне за руку і павалок да машыны. Першая мая рэакцыя: "Куды вы мяне цягнеце?" Я крычала, клікала на дапамогу... Вось вам, хлопцы, "Дзень салідарнасці!" Юрый Тропачаў, Андрэй Доўжык ды яшчэ з паўдзесятка сяброў хутка перайшлі на правы бок вуліцы Савецкай, каб высветліць, што адбываецца з Аксанай Сергіенка. Міліцыя зноў-такі абвінаваціла іх ў грубай лаянцы, непадпарадкаванні, перашкодзе руху міліцэйскай аўтамашыны. Андрэю Доўжыку парвалі куртку. Дзяўчыну і дваіх хлапцоў міліцыянты затрымалі і без суду змясцілі на двое сутак у ізалятар. А яшчэ праз трое суддзя Марына Дамненка разгледзела міліцэйскія пратаколы, паводле якіх Тропачаў і Доўжык прызнаны вінаватымі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі, а Аксана Сергіенка яшчэ і ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У выніку суддзя пакарала Юрыя Тропачава і Андрэя Доўжыка 7 суткамі, Аксану Сергіенку – 15 суткамі арышту. Суддзя ігнаруе Паказанні сведкаў з боку затрыманых, супярэчнасці ў паведамленнях міліцыянтаў суддзя ў разлік не ўзяла. Яна адхіліла чатыры хадайніцтвы прагледзець відэазапіс першамайскага інцыдэнту, знятага на відэакамеру. Глеб Валошка, сведка: – Андрэя Доўжыка міліцыянты абвінавацілі, што ён быў нападпітку і садзіўся на багажнік службовай аўтамашыны. Насамрэч маёр Яфіменка, уключыўшы задні ход, збіў з ног Андрэя, калі той адыходзіў ад машыны. Андрэй і прысеў на багажнік. Замест таго, каб аказаць дапамогу, чалавек у цывільным (як высветлілася, падпалкоўнік Селіванаў) падскочыў да Андрэя і стаў круціць яму рукі. Андрэй Доўжык, малады інжынер: – Тое, у чым нас абвінавацілі, абсалютная няпраўда. Аднак нас не слухаюць, слухаюць толькі супрацоўнікаў міліцыі. Анатоль Ліпскі
Пратэстная галадоўка Аксаны Сергіенкі
Дзесяць дён трымае галадоўку арыштаваная за раздачу ўлётак 20-гадовая гамельчанка. Намеснік начальніка ізалятара часовага ўтрымання Алег Азяўчыкаў сцвярджае, што на 10 дзень галадавання Аксана Сергіенка пачувае сябе добра. Засталося яшчэ пяць... За станам яе здароўя нібыта сочыць лекар. Аксана адмовілася ад ежы, але ўжывае ваду і сокі. "І шакаладкі", – з гуллівымі ноткамі ў голасе кажа Азяўчыкаў. Другі арышт Аксане Сергіенка 20 гадоў. Яна – майстра спорта ў пяцібор'і, навучэнка Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерва. У сакавіку дзяўчыну арыштавалі ў Мінску разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. За кратамі на сталічнай вуліцы Акрэсціна Аксана правяла сем сутак. 1 мая ў Гомелі спадарыня Сергіенка раздавала гараджанам улёткі "Дзень салідарнасці працоўных", падпісаныя Беларускім сацыяльным рухам "Разам!". У іх апавядалася пра гісторыю першамайскага свята, кантрактную сістэму ў краіне, якая фактычна скоўвае людзей наёмнай працы. Былі там і такія словы: "Патрабаваць, а не прасіць! Дабівацца свайго, а не чакаць міласціны". Маёр міліцыі Сяргей Яфіменка груба затрымаў Аксану Сергіенка, абвінаваціўшы яе пры гэтым у дробным хуліганстве, непадпарадкаванні міліцыі і дзейнасці ад імя незарэгістраванай грамадскай арганізацыі. Разам з Аксанай за краты трапілі таксама маладыя актывісты Юрый Тропачаў і Андрэй Доўжык. "Праўда на маім баку" "Колькі б мне сутак не далі, я ўсё роўна буду галадаваць. Мы ішлі на плошчу на свята 1 Мая, і нас затрымалі. Такая ў нас краіна, такія міліцыя і суд. Але я ведаю, што праўда на маім баку. Я адсяджу, але пасьля і яны адсядзяць сваё", – сказала Аксана Сергіенка перад тым, як міліцыянты надзелі ёй кайданкі і адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Барысенкі. Анатоль Ліпскі
Кіроўца судзіцца з дырэктарам
Гомельскі кіроўца Александр Яўсейчук судзіцца з дырэктара свайго аўтапарка Перадгісторыя З заявы А.Яўсейчука:"Для абароны працоўных, сацыяльна-эканамічных праў і аховы сваіх інтарэсаў я ў снежні 2005 года напісаў заяву пра ўступленне ў Беларускі прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці. Калі пра гэта стала вядома, дырэктар РДАУП "Аўтобусны парк №1" г.Гомеля Хадакоўскі Уладзімір Паўлавіч пачаў аказваць на мяне ўсемагчымы ўціск". На судзе Александр Яўсейчук патлумачыў, што ў студзені г.г. на сходзе кандуктараў дырэктар Хадакоўскі, заяўляў, у прыватнасці, што ён атрымаў ад БНФ пяць тысяч долараў ЗША і зладзіў мітынг на плошчы Леніна (у снежні некалькі дзесяткаў сапраўды выйшлі на плошчу пратэставаць супраць нізкіх заробкаў). Паводле Яўсейчука, кіраўнік абвінавачваў яго таксама і ў тым, што ён "ходзіць па аўтапарку і скалочвае банду дзеля ўступлення ў незалежны прафсаюз", выказваў пагрозы, ствараў у працаўнікоў аўтапрадпрыемства ўражанне пра нібыта амаральныя паводзіны Яўсейчука як грамадзяніна. Два мільёны рублёў кампенсацыі Аляксандр Яўсейчук патрабаваў абвергнуць звесткі, якія прыніжаюць яго гонар і годнасць, ды спагнаць з дырэктара Хадакоўскага ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды два мільёны рублёў. Сведкі з двух бакоў Пра абгрунтаванасць прэтэнзій Яўсейчука да паводзінаў дырэктара прадпрыемства на судзе сведчыў кіроўца Андрэй Баранаў, іншыя асобныя працаўнікі аўтапрадпрыемства. Дырэктар Хадакоўскі таксама прывёў сведкаў – свайго намесніка Уладзіміра Каваленку, старшыню цэхкама афіцыйнага прафсаюза Івана Мудрачэнку, іншых падначаленых. Яны абвяргалі перадузятае стаўленне дырэктара да Яўсейчука. І суддзя Арцём Камалыеў, які разглядаў справу, адмовіў кіроўцу ў задавальненні пазову да дырэктара. Сітуацыю каментуюць: Уладзімір Хадакоўскі: Аляксандр Яўсейчук: Алена Яськова, юрыст Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці: – Маральная перамога, я лічу, за Аляксандрам Яўсейчуком. Дырэктар у судзе публічна прызнаў, што кіроўцы маюць права вольна ўступаць у прафсаюзы. Калі дырэкцыя будзе працягваць чыніць уціск у дачыненні чальцоў нашага прафсаюзу, мы выкарыстаем словы Хадакоўскага ў судзе. Сведкі пацвердзілі, што дырэкцыя сапраўды аказвала ўціск на тых, хто ўступіў ў прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці. У сваю чаргу суддзя ў рашэнні толькі паўтарыў патрабаванні пазову Яўсейчука, але ацэнкі паказанням сведкаў не даў. Натуральна, пастанову суддзі мы адскардзім. Адначасова накіруем матэрыялы пра парушэнне ў аўтапрадпрыемстве правоў членаў нашага незалежнага прафсаюза ў Міжнародную арганізацыю працы. Даведка Аляксандр Яўсейчук вымушаны быў звольніцца з аўтапарка №1 яшчэ да разгляду ў судзе свайго пазову. Адміністрацыя прадпрыемства выплаціла яму сярэдні трохмесячны заробак. Анатоль ЛІПСКІ
Немцы праігнаравалі светлагорскіх партнёраў
Прадстаўніка Светлагорскага райвыканкама не запрасілі на традыцыйную міжнародную канферэнцыю пародненых гарадоў у ФРГ. 70-тысячны Светлагорск – адзін з партнёраў нямецкага горада Хэльмштэдт (зямля Ніжняя Саксонія). Нядаўна немцы ладзілі спэцыяльную канферэнцыю для прадстаўнікоў тых гарадоў свету, з якімі яны маюць партнёрскія сувязі. Вэртыкальнікі меркавалі, што ў ФРГ паедзе Сяргей Меркулаў, намеснік старшыні райвыканкама, куратар ідэалёгіі. Аднак за некалькі дзён да канферэнцыі стала вядома: ён ня ўключаны ў спіс удзельнікаў. Мясцовыя апазіцыянеры тлумачаць гэта тым, што падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў Сяргей Меркулаў узначальваў раённую выбарчую камісію. А, як вядома, за мяжой абмяркоўваюцца зараз пашыраныя спісы тых чыноўнікаў, якім забараняецца ўезд у краіны Еўрасаюзу па палітычных матывах. У тым ліку за фальсіфікацыю вынікаў выбараў. Анатоль Ліпскі
Завочны штраф для сям’і актывістаў
Муж і жонка Толчыны аштрафаваны адміністрацыяй Савецкага раёна Гомеля – кожны на 155 тысяч. Сюрпрыз у паштовай скрынцы Пастановы камісіі за подпісам старшыні Міхаіла Шышкова Андрэй і Кацярына атрымалі ў мінулыя выходныя поштай. На паседжанне камісіі ў Адміністрацыю Савецкага раёну спадароў Толчыных не выклікалі. У чым крамола? Як вынікае з пастаноў, штраф на сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі накладзены паводле артыкулу 172, часткі 3 Адміністрацыйнага кодэксу – распаўсюд друкаваных выданняў без выходных звестак, змест якіх наносіць шкоду дзяржаўнаму і грамадскаму парадку. Меркаванне пакаранага актывіста Андрэй Толчын патлумачыў, што 24 красавіка ён з Кацярынаю раздаваў каля ўнівермага "Гомель" улёткі пра забарону аблвыканкамам чарнобыльскага мітынгу, прымеркаванага да 20-х ўгодкаў катастрофы на ЧАЭС. Удзел у ім мусіў узяць Аляксандр Мілінкевіч. Ва ўлётках утрымлівалася таксама інфармацыя, што 26 красавіка ў Мінску адбудзецца дазволены ўладамі Чарнобыльскі шлях-2006. І хаця пад тэкстам стаяў подпіс старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова, а таксама ягоны кантактны тэлефон, міліцыянты склалі пратаколы пра парушэнне Адміністрацыйнага кодэксу. Васіль Палякоў, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП: Анатоль Ліпскі
У Светлагорску настаўнікам затрымліваюць заробак
Заработная плата педагогам выплачваецца штомесяц, 10-12 дня. Аднак па стану на 16 мая большасць з іх нічога не атрымала. У сітуацыі безграшоўя пашчасціла толькі невялікай колькасці настаўнікаў з ліку тых, каму грошы сплачваюцца праз ашчадныя кніжкі. Ім заробак пералічылі. Усім астатнім, хто атрымлівае заробак на электронныя карткі, не пашанцавала. У бухгалтэрыі аддзела адукацыі Светлагорскага райвыканкама сцвярджаюць, што ўсе неабходныя дакументы на атрыманне чарговага заробку былі накіраваны ў казначэйства яшчэ 6 мая. Многія настаўнікі мяркуюць, што затрымка заробку звязана з велізарнымі выдаткамі ўлады на розныя прапагандысцкія мэты кшталту бясплатных шоу "За Беларусь!" падчас прэзідэнцкіх выбараў, а таксама на святочныя мерапрыемствы 1 і 9 мая. Анатоль Ліпскі |