Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members capriche Гомель Cож №7, кастрычнік
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Cож №7, кастрычнік

У Мазыры з'явіліся фальшывабюлетэншчыкі

Кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый горада праз друк папярэдзілі, каб былі пільнымі да бальнічных лісткоў. 

Якасць – выдатная

Бланкі лісткоў выраблены з дапамогай сучаснай тэхнікі. Знешне амаль не адрозніваюцца ад сапраўдных. У іх скалькаваны пячаткі медычных устаноў і лекараў. Кіраўнікам раяць звяртаць асаблівую ўвагу на вадзяныя ахоўныя знакі. Іх там няма.

Намесніца галоўнага ўрача Мазырскага ТМА па медыка-санітарнай рэабілітацыі Міра Смірнова адмовілася назваць канкрэтную лічбу выяўленых падробак. На яе думку, падобная інфармацыя не для прэсы.  Сказала толькі, што кожная фальшыўка накіроўваецца ў міліцыю  для даследавання.

Хвораму "ліпа" не патрэбна

Калега Смірновай, намеснік галоўнага ўрача ТМА ў справах лекавання  Іван Шаставец не звязвае з`яўленне ў горадзе фальшывых бюлетэняў з цяжкасцю атрымаць вызваленне ад працы з прычыны хваробы:

– Калі чалавек хварэе і яму паказана вызваленне ад працы з выдачай лістка непрацаздольнасці, ніякіх абмежаванняў тут няма. Падрабляюць тыя, хто не хоча працаваць альбо ўхіляецца ад працы па іншых прычынах. Быў выпадак, што, будучы на ліпавым бальнічным, чалавек выязджаў за мяжу для пакупкі тавараў.

Пра выраб у горадзе несапраўдных лісткоў непрацаздольнасці ішла размова і на пасяджэнні гарвыканкама.

Міліцыя "ідзе" па следу

Супрацоўнікі міліцыі праводзяць пільную праверку па выяўленых фактах выкарыстання ліпавых бюлетэняў.  Але, хто іх вырабляў, устанавіць пакуль не ўдалося.

Анатоль Ліпскі

27.10.06

Пасланне гомельскага юрыста 110 дэпутатам Палаты прадстаўнікоў

Леанід Судаленка накіраваў заказною поштаю пайменныя лісты ўсім 110 дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Стукаюся – не адчыняюць

40-гадовы жыхар Гомеля, старшыня гарадско арганізацыі "Прававая ініцыятыва" Леанід Судаленка так тлумачыць сваю ніцыятыву:

 – Я звяртаўся і ў суд, і ў пракуратуру. Але там мае канстытуцыйныя правы не абаранілі. Зараз я звяртаюся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з прапановаю ліквідаваць прабелы ў беларускім заканадаўстве. Дэкрэт кіраўніка дзяржавы №29 дае магчымасць наймальніку заключаць тэрміновыя кантракты, але ж не абавязвае працягваць іх з добрасумленнымі працаўнікамі, якія не маюць парушэнняў. Гэтым карыстаюцца наймальнікі, каб расквітацца з тымі, хто займаецца палітычнай дзейнасцю, мае свае погляды, якія адрозніваюцца ад афіцыйных, ад дзяржаўнай ідэалогіі.

У якасці прыкладу Леанід Судаленка ў пісьмах да дэпутатаў згадвае асабістую гісторыю. Да нядаўнага часу ён працаваў юрыстам  Гомельскага ўпраўлення ААТ "Белтрансгаз". Адміністрацыя без усялякіх падстаў спыніла з ім працоўныя дачыненні пасля заканчэння тэрміну кантракту. Тым часам з іншымі работнікамі (каля 400 чалавек), уключаючы працуючых пенсіянераў і нават парушальнікаў дысцыпліны, кантранты былі падоўжаны на максімальна магчымы тэрмін. 

Паколькі за час сваёй працы Леанід Судаленка  не меў ніякіх  заўваг і спагнанняў, а толькі заахвочванні за добрасумленнае выкананне сваіх службовых абавязкаў, ён звярнуўся ў суд, у пракуратуру. Але там абмежаваліся разглядам наяўнасці працоўнага кантракту і тэрмінам яго заканчэння. У выніку Леанід Судаленка, бацька траіх непаўнагадовых дзяцей, толькі з прычыны нежадання наймальніка застаўся без працы, а сям`я – без сродкаў існавання.

Ганебная практыка

У пісьмах да дэпутатаў парламента Леанід Судаленка згадвае, што ягоны выпадак – далёка не адзінкавы. Канстытуцыйнае права кожнага канкрэтнага працаўніка пастаўлена  ў залежнасць ад аднаасобнага жадання наймальніка. Апошні, выкарыстоўваючы недасканаласць нормаў працоўнага заканадаўства па сутнасці ўчыняе свае правасуддзе. А ўсе без выключэння дзяржаўныя органы, закліканыя абараняць правы чалавека, стаяць убаку.

Аўтар ліста дэпутатам цытуе прэзыдэнта краіны на нарадзе з вышэйшымі службоўцамі і кіраўнікамі выканаўчай улады:

–  Вы і кіраўнікі прадпрыемстваў патрабавалі ад мяне ўвесці кантрактную сістэму. Увялі. Сёння нямала паступае скаргаў аб тым, што асобнымі кіраўнікамі кантракты выкарыстоўваюцца для звальнення тых работнікаў, з якімі ў іх не склаліся міжасабовыя адносіны. Людзей папросту звальняюць пасля заканчэння дзеяння кантракту. А фактычна выкідваюць на вуліцу людзей, якія могуць адкрыта сказаць штосьці ў вочы.

Прапанова

Юрыст Судаленка ў пайменных лістах прапануе дэпутатам Палаты прадстаўнікоў у межах сваіх паўнамоцтваў унесці дапаўненне ў заканадаўства з тым, каб  наймальнікі былі абавязаны працягваць кантракты з працаўнікамі, якія не дапускаюць парушэнняў працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, на тэрмін не меней аднаго года.

Анатоль Ліпскі

17.10.06

Новае падземнае газасховішча на Палессі

У Мазырскім раёне распачата рэалізацыя ўнікальнага праекта стварэння падземнага газасховішча ў выпрацаваных радовішчах  каменнай солі. Яно трэцяе па ліку пасля Асіповіцкага і Прыбужскага.

Камеры ўжо гатовыя

Начальнік упраўлення падземнага захоўвання газу канцэрна "Белтрансгаз" Віктар Сухачоў распавёў: 

– Першая чарга будзе здадзена ў эксплуатацыю на мяжы 2007-2008 гадоў, другая - у 2012, трэцяя – у 2015 годзе. Для закачкі "блакітнага паліва" найперш выкарыстоўваюцца  ўжо гатовыя каверны – пустоты, утвораныя ў выніку выпрацоўкі радовішча каменнай солі на глыбіні 1200 метраў. У будучым пашырэнне сховішча будзе весціся за кошт стварэння дадатковых камер у радовішчы каменнай солі.

Кладоўка на мільярд кубічных метраў

Геалагічная структура  радовішча дазваляе мець падземную газавую кладоўку, аб`ём якой перавышае мільярд кубічных метраў.  Гэта адпавядае прыкладна  пяці працэнтам гадавога спажывання газу Рэспублікай Беларусь. 

Перспектыўнасць сховішча не выклікае сумневу. Першыя выпрабаванні прайшлі паспяхова. Газ можа захоўвацца пад зямлёй пад ціскам 125-150 атмасфер. Сховішчы менавіта ў радовішчах каменнай солі, паводле ацэнкі спецыялістаў, маюць надзвычай высокую герметычнасць, яны - экалагічна бяспечныя.

Запас бяды не чыніць

Геаграфічнае становішча ўнікальнай кладоўкі газу на Палессі дасць магчымасць  даволі хутка рэагаваць на ваганні аб'ёму транзітнага газу, падтрымліваць  патрэбны баланс у сістэме на тэрыторыі ўсёй Беларусі.  Побач з новым сховішчам праходзіць газаправод вялікага дыяметру, які цяпер недагружаны.

Дзякуючы магчымасці сутачнага адбору газу, у крытычных сітуацыях наша краіна здолее забяспечыць і падтрымку транзітных патокаў спажыўцам Еўропы.

Анатоль Ліпскі

11.10.2006

У Жлобіне школьнікаў папярэдзілі за ўдзел у акцыі салідарнасці са зніклымі палітыкамі

Трох  старшакласнікаў абвінаваціліі ў правядзенні 16 верасня несанкцыянаванага пікету і распаўсюдзе ўлётак, змест якіх нібыта наносіць шкоду дзяржаўнаму і грамадскаму парадку.

Палітінфармацыя… і завочнае папярэджанне 

На камісію  выклікалі двух школьнікаў – Андрэя ды Аляксея. Ім вынеслі папярэджанні. Пра гэта паведаміла намесніца старшыні камісіі Ларыса Кучарава.  Да трэцяга непаўналетняга школьніка позва ў райвыканкам чамусьці не дайшла. Папярэджанне яму вынеслі завочна.

Як распавёў школьнік А., на пасяджэнні  камісіі  з ім правялі своеасаблівую палітінфармацыю пра нібыта шкоднасць акцый салідарнасці грамадскаму парадку. Асабліва старалася гэта даказаць прадстаўніца ў камісіі раённага аддзела адукацыі Марыя Шашукова.

Свечкі на бульвары

Старшакласнікі бралі  ўдзел у вераснёўскай акцыі салідарнасьці "Запалі свечку".

Удзельнік акцыі:

– Гэта было на бульвары Металургаў, ля стэлы. Мы раздавалі значкі, улёткі пра зніклых палітыкаў, запалілі свечкі і паставілі партрэты Завадзкага, Красоўскага, Ганчара. Да нас падыйшлі два афіцэры КГБ, сказалі, што мітынг несанкцыянаваны. Яны ўзялі партрэты, затушылі пад партрэтамі свечкі і загадалі, каб мы чакалі, пакуль прыедзе міліцыя.

Тады міліцыя затрымала чатырох маладых удзельнікаў акцыі, у тым ліку трох школьнікаў.  Аднак затрыманнем справа не скончылася.

Распавядае жлобінскі школьнік, удзельнік вераснёўскай акцыі салідарнасці:

– Прыйшла да нас ідэолаг з райвыканкама, Валянціна Няхай. Да завуча. Нас забралі з урокаў. Мы прыйшлі ў кабінет, і яна спрабавала прыпісаць, што нібыта мы гэта ўсё і арганізавалі. Ідэолаг і склала  пратаколы.

Суд не стаў караць школьнікаў

Пратаколы ў дачыненні школьнікаў пра парушэнне артыкулу 1671 Адміністрацыйнага кодэкса ідэалагічны аддзел Жлобінскага райвыканкама накіраваў у суд. Аднак там не сталі караць школьнікаў, а перадалі пратаколы ў камісію па справах непаўналетніх. Яна і вынесла старшакласнікам папярэджанні.

– Канешне, гэта палітычная справа. Улады ўсяго баяцца, – лічаць цяпер жлобінскія школьнікі.

Анатоль Ліпскі

09.10.2006

Кантракты як зброя супраць палітычных іншадумцаў

З трэцяга кастрычніка актывіст БНФ  Кастусь Баеў застаўся без працы. Ён працаваў спецыялістам Рэчыцкага аддзела рэспубліканскага дзяржаўнага прадпрыемства "Белтэхінвентарызацыя".

Меркаванне Баева

Прычыны звальнення кіраўніцтва "Белтэхінвентарызацыі"  пісьмова не патлумачыла. Аднак вусна начальства не раз выказвала прэтэнзіі наконт  палітычнай дзейнасці Баева.

– Асноўнай нагодай спынення кантракту, – сказаў  Кастусь Баеў, – было тое, што я з'яўляюся сябрам Партыі БНФ, актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх перадвыбарчых кампаніях. Мяне неаднаразова папярэджвалі наконт таго, што са мною не працягнуць кантракт. І вось урэшце гэта адбылося.

Кадры – у баку

Начальніца аддзела кадраў прадпрыемства "Белтэхінвентарызацыя" Алеся Дзюба адмовілася пракаментаваць прычыну звальнення актывіста з Рэчыцы, заявіўшы, што не яна падпісвае загады на звальненне.

Дырэктарка "Белтэхінвентарызацыі" Валянціна Краснікава, па словах сакратаркі, вельмі моцна загружана працай, і з гэтай прычыны таксама не можа нічога патлумачыць.

26-гадовы Кастусь Баеў мае няскончаную вышэйшую адукацыю гісторыка. Зараз ён завочна навучаецца ў каледжы сувязі ў Менску. Гадуе з жонкай   малалетнюю дачку. Актывіст ужо распачаў пошукі новай працы, але ад палітычнай дзейнасці адмаўляцца не збіраецца.

Старшыня  - на чарзе?

У Рэчыцкім аддзеле прадпрыемства "Белтэхінвентарызацыя" працуе і старшыня раённай арганізацыі Партыі БНФ Валер Пуціцкі. Ягоны кантракт канчаецца ў лістападзе. Асаблівага спадзеву на працяг працы спадар Пуціцкі таксама не мае.

– Я лічу, што тут зачышчаюць, так бы мовіць, поле, каб тыя, хто штосьці робяць, не мелі магчымасці працаваць і атрымліваць грошы ад дзяржавы, паколькі мы гэты рэжым не падтрымліваем, – заявіў Валер Пуціцкі.

Адміністрацыйная касьба

У Гомельскай вобласці падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і пасля яе былі звольнены з працы альбо не атрымалі працягу кантрактаў выкладчык гімназіі, старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, юрыст Леанід Судаленка, супрацоўнік банку Мікалай Калюка, урач Сяргей Трыфанаў, метадыст Тураўскага дома дзіцячай і юнацкай творчасці Іна Зеніна.
16 актывістаў з каманды экс-кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча паводле розных абвінавачванняў пакараны арыштамі ад 7 да 15 сутак. Больш за 40 чалавек былі аштрафаваны.

Анатоль Ліпскі

03.10.2006

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: