Сож №8, лістапад
|
Чарговыя ахвяры кантрактнай сістэмы
Яшчэ тры актывісты Беларускага незалежнага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці звольнены з Гомельскага аўтапарка №1. Сябры не "таго" прафсаюза Андрэй Баранаў, кіроўца з амаль 20-гадовым стажам, прафарганізатар пярвічнай суполкі РЭПа ў аўтапарку: – Я атрымаў паведамленне, што кантракт мой заканчваецца 1 снежня, і мне яго не падоўжаць. Намеснік дырэктара аўтапарка па кадрах і ідэалогіі Ігнаценка сказаў, што член негаліновага прафсаюза не мае права працаваць на прадпрыемстве. Так было сказана падчас размовы. Паведамленні пра заканчэнне кантрактаў і спыненне далейшых працоўных стасункаў з 1 снежня атрымалі таксама кіроўцы, сябры незалежнага прафсаюза Іван Маскаленка і Аляксандр Купцоў. Тлумачыць не абавязаны Ігар Ігнаценка, намеснік дырэктара па кадрах і ідэалогіі аўтапарка №1 ніяк не патлумачыў прычыну таго, чаму кантракт з кіроўцамі не будзе падоўжаны: Паводле намесніка дырэктара, тое вырашае адмысловая камісія аўтобуснага парка. Да гэтага былі звольнены альбо пад ціскам адміністрацыі пакінулі працу ў аўтапарку па ўласным жаданні пяцёра прафсаюзных актывістаў. Адзін з іх, Сяргей Шведаў, кіроўца з 28-гадовым стажам працы ў аўтапарку, праз суд дамагаецца аднаўлення на працы. Прафсаюз РЭП абараняе сваіх сяброў Як паведаміла юрыст Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці Алена Яськова, у сувязі з новай хваляй звальненняў праз кантракты незалежны прафсаюз прааналізаваў умовы працы сваіх чальцоў – кіроўцаў аўтапарка №1 і накіраваў дырэкцыі сваё заключэнне пра парушэнне працоўнага заканадаўства. У прыватнасці, артыкула 41 Працоўнага кодэксу. Копію заключэння незалежны прафсаюз даслаў Гомельскаму ўпраўленню Дэпартамэнта дзяржаўнай інспекцыі працы. Калі ўпраўленне пацвердзіць парушэнне, папярэжаныя кіроўцы аўтобусаў атрымаюць права на датэрміновае спыненне з аўтапаркам працоўных кантрактаў з патрабаваннем выплаты трохмесячнай кампенсацыі. Дарэчы Арганізацыя незалежнага прафсаюза стала стварацца ў Гомельскім аўтапарку №1 напрыканцы 2005 года. Яна была ў пэўным сэнсе адказам на бяздзейнасць афіцыйных прафсаюзаў у справе паляпшэння ўмоваў і аплаты працы кіроўцаў. У прафсаюз РЭП уступілі звыш 70 сяброў. Дырэкцыя аўтапарка спрычынілася да скасавання многімі кіроўцамі сяброўства ў незалежным прафсаюзе. Адміністрацыя Савецкага раёна Гомеля адмаўляецца рэгістраваць суполку незалежнага прафсаюза. Анатоль Ліпскі 22.11.2006
Cцяг Венесуэлы і газета "Совинформбюро" прызнаныя антыбеларускімі
7 лістапада ў Гомелі на цэнтральнай плошчы Леніна, дзе праходзіў афіцыйны мітынг, прысвечаны угодкам Кастрычніцкай рэвалюцыі, міліцыя затрымала шэсць чалавек самых розных поглядаў. Прэч з плошчы са сцягам Дэпутата Гомельскага гарадскога Савета Юрася Глушакова міліцыянты забралі ў апорны пункт з прычыны таго, што на плошчу ён прыйшоў са сцягам Рэспублікі Венесуэла. Дэпутат Глушакоў: – Патлумачыць сваю забарону стаяць са сцягам Рэспублікі Венесуэла міліцыянты не змаглі ніякім чынам. Не з`яўляюся прыхільнікам Уга Чавеса, але ідэалы баліварыйскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі блізкія па духу. Міліцыянты даставілі мяне ў апорны пункт. Прэтэнзія была адна: чаму я карыстаюся незарэгістраванай сімволікай. Але ж сёння – рэвалюцыйнае свята, і на плошчы было шмат незарэгістраванай сімволікі, у тым ліку сцягі СССР. Мелася і больш дрэнная незарэгістраваная сімволіка. Напрыклад, у натоўпе заўважаліся некалькі сяброў РНЕ са значкамі ў выглядзе свастыкі. Але ж на іх ніхто з ахоўнікаў увагі не звяртаў. У апорным пункце намеснік начальніка Цэнтральнага райаддзела міліцыі маёр Яфіменка запісаў у журнал здарэнняў, што з затрыманым Юрасём Глушаковым праведзена гутарка. Дэпутат Глушакоў: – Гутарку маёр Яфіменка вёў на павышаным тоне. Ён вярзеў нешта накшталт таго, навошта я прыйшоў па плошчу са сцягам Папуасіі. Юрась жартуе, што міліцыя, відаць, спалохалася рэакцыі імпульсіўнага прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. "Совинформбюро" перадае Затрымалі і трох камуністаў розных палітычных накірункаў, якія раздавалі сваім аднапартыйцам маскоўскія прасавецкія газеты "Совинформбюро" ды "Патриотический вестник", а таксама беларускае выданне – "Товариш". У дачыненні інваліда вайны II группы Роберта Фраловіча (старшыні рэспубліканскай арганізацыі "Отечество", намесніка старшыні так званага Вярхоўнага Савета СССР) і члена ПКБ Пятра Цімафеева міліцыя склала пратаколы паводле часткі 3 артыкула 172 – незаконны распаўсюд друкаваных выданняў, змест якіх накіраваны на шкоду дзяржаўнаму і грамадскаму парадку. У Роберта Фраловіча сканфіскавалі 131 экзэмпляр "Патриотического вестника" і 16 экземпляров газеты "Совинформбюро". Роберт Фраловіч: – Это – безобразие, посягательство на демократию, свободу слова, на гражданские права, гарантированные Конституцией". "Товарищ" і міліцыі таварыш На плошчы Леніна ахоўнікі затрымалі таксама Марыю Багдановіч і Сяргея Шпакава – распаўсюднікаў газеты "Товарищ" і ўлётак з выказваннем Аляксандра Лукашэнкі пра выбары ў мясцовыя Саветы. Марыя Багдановіч: – Я раздавала на плошчы газету "Товарищ" і невялічкія ўлёткі з цытатаю Лукашэнкі, надрукаванай у газеце "Советская Белоруссия". Але супрацоўнік міліцыі аказаўся настолькі падазроным, што папрасіў мяне падыйсці да міліцэўскага аўтобуса, дзе, як ён сказаў, знаходзіцца цэнзар. Мы падумалі, што, відаць, "Советская Белоруссия" ўжо забаронена. Але ж у атобусе цэнзара не было. Ашукаў супрацоўнік міліцыі. Нас прывезлі ў пастарунак. Багдановіч і Шпакаў мелі пры сабе пасведчанні рэдакцыі на распаўсюд газеты "Товарищ", а на ўлётках пра выбары мелася спасылка на "Советскую Белоруссию". Афіцэры міліцыі ўсё ўважліва перагледзелі і, не знайшоўшы нічога крамольнага, адпусцілі распаўсюднікаў. Анатоль Ліпскі 08.11.06
Прэцэдэнт: запіс у кнізе скаргаў расцанілі злачынствам
Былы суддзя Сяргей Ярашэвіч прызнаны вінаватым у абразе калег з Рагачова. Ён пакараны двума гадамі папраўчых работ з утрыманнем 20 працэнтаў заробку. "Быў бы чалавек…" – У нас апраўдаўчых прысудаў не бывае. З сістэмай немагчыма змагацца. Я публічна заявіў, што ў рэспубліцы могуць асудзіць невіноўнага чалавека – нават юрыста могуць прызнаць віноўным без усялякіх на тое падстаў. Нягледзячы на сваю квалікацыю ён не зможа даказаць невіноўнасць. Я зараз як бы стаў ворагам усёй сістэмы, – сказаў былы суддзя і адвакат са Жлобіна Сяргей Ярашэвіч. Падставай для крымінальнага пераследу Ярашэвіча паслужыў ягоны запіс ў кнізе заўваг і прапаноў Рагачоўскага суда. Ён параўнаць рагачоўскіх суддзяў з суддзямі 1937 году, для якіх мела значэнне не віна чалавека, а ўказаньне з верху пра ягоны лёс... Хлапечая выхадка? У спрэчках старшыня Рагачоўскага суда Мікалай Рубісаў, як пацярпелы ў цяперашняй справе, назваў запіс Ярашэвіча ў кнізе заўваг "мальчишеством". Сам 43-гадовы Сяргей Ярашэвіч у апошнім слове заявіў, што стараннямі рагачоўскіх суддзяў ён стаў злачынцам. Хоць запіс ў кнізе заўваг быў звычайным эмацыйным пратэстам на неабгрунтаваны штраф. Рагачоўскія суддзі сёлета ўвесну пачаргова разглядалі даволі блытаную крымінальную справу супраць былога калегі, абвінавачанага ў хуліганстве з нанясеннем лёгкіх цялесных пашкоджанняў экс-супрацоўніку жлобінскай міліцыі. У апошняга з Ярашэвічам склаліся непрыязныя побытавыя дачыненні. У Рагачоўскім судзе Ярашэвіча аштрафавалі на 3 мільёны 100 тысяч рублёў. Разбіральніцтва і прысуд ён палічыў неаб`ектыўнымі. Пярэчанні яго на пратакол судовага пасяджэння былі адхілены. Таму на знак пратэсту Ярашэвіч і ўчыніў запіс у кнізе заўваг і прапановаў. У выніку – чарговая крымінальная справа і чарговы прысуд. Прычым, наколькі вядома, першы такі ў краіне. Дасюль, наколькі вядома, у Беларусі за запісы ў кнігах заўваг, уведзеных у кожнай установе на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы, нікога да крымінальнай адказнасці не прыцягвалі. Абраза ці эмацыйная рэакцыя на несправядлівасць? Суддзя Наталля Белайчук лічыць, што Сяргей Ярашэвіч пісьмова абразіў рагачоўскіх суддзяў пры ажыццяўленні імі правасуддзя. Запіс у кнізе заўваг можа прачытаць хто заўгодна. Адсюль і пакаранне. Натальля Белайчук: – Нашы грамадзяне такія рэчы іншым разам пішуць – і ў скаргах, і ў кнігах, дазваляюць сабе зашмат, пераходзяць на асобы. Не згодны з прынятым рашэннем, абскарджвай яго як належыць. Навошта ж суддзю абражаць?! Сяргей Ярашэвіч наважаны абскардзіць вырак Наталлі Белайчук у вышэйшую судовую інстанцыю. На яго думку, кніга заўваг і прапаноў існуе дзеля таго, каб любы чалавек мог выказаць сваё меркаванне наконт таго, як з ім абыходзіліся тыя ці іншыя дзяржаўныя чыноўнікі, уключна і суддзі. Нездарма ж кнігі заўваг заведзены і ў судах. Анатоль Ліпскі 08.11.2006
Крызіс прадпрыемства развальвае афіцыйны прафсаюз
130 чалавек з Добрушскай папяровай фабрыкі "Герой працы" напісалі заявы аб выхадзе з прафсаюза працаўнікоў лесу. Іх не задавальняюць заробкі і ўмовы. Гэта найперш тыя, хто працуе ў папяровым цэху, электрацэху, а таксама асобныя спецыялісты аддзела тэхнічнага кантролю. Людзей не задавальняе ўзровень заробкаў, умовы працы, забеспячэнне спецвопраткай, абыякавая пазіцыя прафсаюза да праблем менавіта рабочых. "Патрэбны план, людзей не шкада" Таццяна, рабочая папяровага цэха: – Я напісала заяву і выйшла з прафсаюза. Ён практычна нічога не робіць. Возмем папяровы цэх, сёмую машыну. Умовы – нечалавечыя. Хоць ідэя добрая, але ж усё трэба давесці да ладу. Калі бачыш, як чалавек бяжыць па канвееру і ледзь не падае ў бочку, дзе распускаецца валакно макулатуры, – валасы дыбам. Кажам: трэба зрабіць, каб не забіваўся канвеер! А яны ў адказ: патрэбны план, людзей не шкада. За прахадной – тысячы. Цэны ў крамах растуць, зарплата – на ранейшым узроўні Старшыня прафкама папяровай фабрыкі Аляксандр Каржоў сцвярджае, што заробкі сёлета не зменшыліся, а нават крыху выраслі – на 5-8 тысяч рублёў. Іншая справа – і цэны ў магазінах падымаюцца вельмі хутка. Значна падвышаць заробкі фабрыка не мае магчымасці. Абсталяванне на вытворчасці пераважна старое, зношанае на 80-90 працэнтаў. Некаторым машынам ужо па сто гадоў. Школьныя сшыткі, якія выпускае фабрыка, у Расіі па цане неканкурэнтаздольныя. Знізіліся аб'ёмы выпуску прадукцыі, а разам з імі – фінансавыя магчымасці. Таму рабочыя і пакідаюць прафсаюз. Сустрэчы патушаць канфлікт Каб спыніць масавы выхад з прафсаюза і супакоіць калектыў, 24 лістапада ўвечары ў фабрычным клубе праходзіў сход з удзелам дырэктара фабрыкі Юрыя Лукі, намесніка старшыні Добрушскага райвыканкама Рыгора Козырава, некаторых іншых мясцовых чыноўнікаў. Рабочым аб'явілі, што фабрыка цяпер будзе арыентавацца на выраб паперы не з дарагой расійскай цэлюлозы, а з айчыннай макулатуры. Адміністрацыя сцвярджала таксама, што сярэднямесячны заробак складае цяпер 455 тысяч рублёў. Аднак рабочыя веры гэтай лічбе не давалі. Адна з удзельніц сходу, якая працуе ў дапаможнай вытворчасці, публічна заявіла: на месяц выходзіць усяго156 тысяч рублёў. Прафсаюзны камітэт у сваю пачаў праводзіць у цэхах фабрыкі сустрэчы, каб на кожным участку вывучыць прэтэнзіі людзей да умоваў і аплаты працы. Як шклоўцы пазбавілі добрушцаў перспектывы Пяць гадоў таму ў калектыва папяровай фабрыкі "Герой працы" былі вялікія спадзяванні на атрыманне значных інвестыцый у вытворчаць. Меркавалася, тут будзе арганізаваны выпуск газетнай паперы для ўсёй краіны. На фабрыку мелася прыцягнуць каля 100 мільёнаў рублёў інвестыцый. У Добруш прыязджалі кіраўнікі ўрада, вывучалі эканамічныя і тэхнічныя магчымасці арганізацыі выпуску газетнай паперы. Анатоль Ліпскі 29.11.2006 |