Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members capriche Гомель Cож №9, сьнежань
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Cож №9, сьнежань

Гомельскія актывісты АГП адмаўляюцца балатавацца кандыдатамі

Першым у рэгіёне адмовіўся  ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў.

Выбары – не выбары

Палякоў:

– Выбары, якія праводзіць сённяшняя ўлада, не з'яўляюцца выбарамі. Гэта – палітычны фарс. Кампанія не адпавядае агульнапрызнаным і прынятым прынцыпам свабоды, празрыстасці і дэмакратычнасці.
 
У заяве ў акруговую выбарчую камісію Быхаўскай акругі №13 Васіль Палякоў указаў чатыры прынцыповыя  пункты, якія вымусілі яго зняць сваё імя з ліку кандыдатаў. Гэта найперш нядаўнія змены ў выбарчым заканадаўстве – яны ўскладнілі працэдуру вылучэння кандыдатаў у дэпутаты палітычнымі партыямі.

У склад акруговых і ўчастковых выбарчых камісій не ўключаны ніводзін з 49 вылучэнцаў абласной арганізацыі АГП. Апрача таго, Гомельская гарадская выбарчая камісія не зарэгістравала кандыдатамі ў дэпутаты гарсавета 8 з 10 прадстаўнікоў АГП.

Да таго ж ужо пасля апублікавання ў мясцовай газеце спісаў кандыдатаў у дэпутаты выбарчыя камісіі распачалі нанова правяраць правільнасць рэгістрацыі менавіта партыйных актывістаў. Усё гэта і вымагае лідара рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіля Палякова зняць сваю кандыдатуру з выбараў дэпутатаў абласнога Савета.

Не жадаю ўдзельнічаць у маніпуляцыі галасамі...

Зняў сваю кандыдатуру з выбараў і сябра АГП, прадстаўнік незалежнага Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці ў рэгіёне Віктар Казлоў. Ён быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты аблсавета ў Крышталеўскай выбарчай акрузе №9.

У заяве ў акруговую камісію кандыдат Казлоў напісаў, што ён, як законапаслухмяны грамадзянін, не жадае ўдзельнічаць у маніпуляцыі галасамі выбарцаў. І асабліва ў звязку з тым, што ніводзін прадстаўнік апазіцыйных партый не быў уключаны ў склад выбарчых камісій.

Кандыдатам ад апазіцыі, на думку Віктара Казлова, камісіі  пакажуць адзін-два працэнты падтрымкі выбарцаў. І потым будуць казаць, што народ не любіць апазіцыю. Да таго ж без агітацыйных матэрыялаў надзвычай складана весці агітацыю.

Агітацыя пад пытаннем?

На немагчымасць своечасова надрукаваць улёткі і распачаць агітацыю звяртаюць увагу і іншыя дэмакратычныя вылучэнцы.

Меркаванне кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета з Калінкавічаў, сябра АГП Аляксея Маневіча:

– Замарудзіўся гэты працэс у акрузе. Яны ў акруговай камісіі правялі толькі жараб'ёўку выступлення на радыё, і то спачатку адну дату назвалі, а цяпер ужо змянілі яе. У камісіі такая няпэўнасць пастаянна. Мы ж хочам не проста так па кватэрах хадзіць, а  адразу з улёткамі. Заадно будзем пытацца ў людзей, якія ў каго ёсць праблемы, каб потым асвятляць гэта.

Тым часам абласная выбарчая камісія адхіліла ўсе апеляцыі сяброў АГП ды іншых прэтэндэнтаў на адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты гарадскога і абласнога Саветаў.

Каментар лідэра дэмакратычнай кааліцыі Аляксандра Мілінкевіча

Мы папрасілі пракаменціраваць сітуацыю з датэрміновым сыходам з выбарчай дыстанцыі апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты спадара Мілінкевіча.

– Не навязваючы нікому персанальна свайго погляду, мушу сказаць наступнае. Тыя дэмакраты, каму ўдалося зарэгістравацца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў, павінны ісці да канца. Бо праз легальную магчымасць агітацыі яны якраз і змогуць данесці ўсю праўду пра выбарчы фарс уладаў. А каб не ўдзельнічаць у ім, здымацца яны могуць ужо на фінішнай стадыі кампаніі.

Анатоль Ліпскі

23.12.2006

Камуністы адмаўляюцца ад удзелу ў выбарах

У Гомелі дзесяць чальцоў Партыі Камуністаў Беларускай падалі свае заявы ў выбарчыя камісіі на адмову балатавацца кандыдатамі ў дэпутаты  гарадскога і абласнога Саветаў.

Шоу не для ПКБ

У ліку тых, хто адмаўляеца быць кандыдатам у дэпутаты на будучых выбарах і кіраўнік абласной арганізацыі ПКБ Уладзімір Сякерка.

Ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета па Пушкінскай выбарчай акрузе №18. За яго сабрана  звыш трохсот подпісаў выбаршчыкаў.  У заяве ў акруговую камісію Уладзімір Сякерка напісаў наступнае:

 – Пасля таго, як ні адзін прадстаўнік ПКБ ды іншых апазіцыйных партый не быў уключаны ў склад выбарчых камісій, а таксама пасля заявы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на прэс-канферэнцыі перад украінскімі журналістамі 23 лістапада 2006 года аб тым, што апошнія прэзідэнцкія выбары былі сфальсіфікаваны, лічу бессэнсоўным і амаральным мой  удзел у выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў.  У гэтых умовах далейшы ўдзел… будзе маўклівай згодаю з парушэннем Канстытуцыі і Выбарчага кодэкса і саўдзелам у падмане выбаршчыкаў. Як законапаслухмяны грамадзянін не магу пагадзіцца з падобнымі дзеяннямі маніпулявання галасамі выбаршчыкаў і адмаўляюся балатавацца ў дэпутаты Гомельскага абласнога Савета...

Падобныя заявы падалі  ў адпаведныя акруговыя і Гомельскую гарадскую выбарчыя камісіі члены ПКБ Анатоль Ільінчык, Віктар Хоміч, Аляксандр Кетураў, Уладзімір Мышак ды іншыя.

Адмаўляюцца балатавацца і ў райцэнтрах

У Рагачове кіраўнік раённай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Віктар Паўлаў так патлумачыў сваю адмову:

– Я атрымаў непублічную інфармацыю пра тое, што супраць нас рыхтуюцца так званыя "хатнія загатоўкі”. На галаву каждага з нас выльюць цабэрак бруду. Я чалавек не труслівы, я гэтага не баюся. Але лічу, што адначасная адмова нашых кандыдатаў ад выбараў будзе добрай аплявухай гэтай уладзе.

Прыкладна такой жа пазіцыі трымаюцца і жлобінскія прадстаўнікі ПКБ. Заявы на адмову балатавацца ў абласны і раённы Саветы  падалі ў камісіі разам з кіраўніком мясцовай арганізацыі ПКБ Валерам Рыбчанкам  усё астатнія  вылучэнцы ў дэпутаты: Уладзімер Балянкоў, Міхаіл Назарчык і Валянцін Яўзразаў.

У Светлагорску адмовілася рэгістравацца кандыдатам актывістка  ПКБ Святлана Міхальчанка.

Дачакацца найлепшага моманту

Іншыя прадстаўнікі дэмакратычных партый, якія ўваходзяць у рэгіянальную кааліцыю дэмакратычных сіл, таксама вырашаюць для  сябе, калі найлепей адмовіцца ад удзелу ў выбарах.

Старшыня рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ, прэтэндэнт на кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета Віктар Раманішка са Светлагорска мяркуе так:

– Калі мяне зарэгіструюць, то я ўсеадно здыму сваю кандыдатуру пасля агітацыйнай кампаніі. Я хачу скарыстаць гэты перыяд  для агітацыі.

Сябры Аб`яднанай грамадзянскай партыі рашэнне пра далейшы ўдзел  у выбарчай кампаніі будуць прымаць на падставе вынікаў рэгістрацыі сваіх прадстаўнікоў кандыдатамі ў дэпутаты. Пра гэта паведаміў кіраўнік Гомельскай арганізацыі АГП Васіль Палякоў.

Нешматлікія вылучэнцы  сацыял-дэмакратычнай Грамады пакуль не вызначыліся  адносна ўдзелу ў выбарах сваіх прэтэндэнтаў, але гатовыя падтрымаць кааліцыю.

– Пытанне застаецца адкрытым. Але мы пакінулі за сабой права ў апошні момант прыняць такое рашэнне, каб ўсім зняцца з выбараў, – сказаў кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі БСДГ Сяргей Старычэнка.

На Гомельшчыне на 4338 дэпутацкіх мандатаў прэтэндуюць толькі каля 100 дэмакратычных актывістаў. Гэта без уліку тых, хто ўжо адмовіўся балатавацца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў.

Анатоль Ліпскі

13.12.2006

Гомельскія кіроўцы перамаглі дырэкцыю аўтапарка №1

Ад непажаданых кіроўцаў іх начальства пазбаўлялася проста: не працягвала кантракты. Але нядаўна ўсё памянялася. Цяпер ініцыятыва ў рабочых.

Шляхам непадоўжання кантрактаў аўтапарк намерваўся развітацца і з некаторымі кіроўцамі – чальцамі Беларускага незалежнага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці. Аднак арганізаваныя ў ім кіроўцы змусілі дырэкцыю раскашэльвацца.

Нечаканы паварот

Прафарганізатар першаснай суполкі РЭП, сябра БНФ Андрэй Баранаў распавядае:
 
– Мы змусілі адміністрацыю звальняць нас не на яе умовах, а з выплатай нам трох сярэднямесячных заробкаў.

Кіроўцы звярнуліся ў свой прафсаюз і рэгіянальнае ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы з заявамі пра парушэнне дырэкцыяй ўмоваў кантракта. У прыватнасці, рэжыму працы і адпачынку.

Кіроўца мікрааўтобуса, сябра прафсаюза РЭП Іван Маскаленка:

– Нам абрыдла ламаць шапку перад адміністрацыяй. Мы працавалі сумленна. Нярэдка, не адпачыўшы нават пасля рэйсаў належны час, па патрабаванні адміністрацыі зноў выходзілі на працу. Выхадныя дні таксама прадастаўляліся нам несвоечасова. Гэтыя ды іншыя факты парушэння адміністрацыяй умоваў працы мы і ўказалі ў сваіх заявах.

Прафсаюз РЭП – на баку кіроўцаў

Незалежны прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці, а за ім і дзяржаўная інспекцыя працы, праверыўшы аўтапарк, прызналі наяўнасць парушэння кантрактаў з боку дырэкцыі.

Юрыст прафсаюза працаўнікоў РЭП Алена Яськова:

– Было відавочна, што дырэкцыя парушае ўмовы працы і, адпаведна, заканадаўства. У прыватнасці, артыкул 41 Працоўнага кодэкса.

Андрэй Баранаў:

– На падставе заключэнняў нашага незалежнага прафсаюза і Дэпартамента інспекцыі працы адміністрацыя аўтапарка вымушана была выплаціць мне і майму калезе Івану Маскаленку каля трох мільнаў рублёў кампенсацыі кожнаму.

Даведка

Арганізацыя незалежнага прафсаюза была створана ў Гомельскім аўтапарку №1 напрыканцы 2005 года. Гэтаму папярэднічаў выхад кіроўцаў на цэнтральную плошчу горада на знак пратэсту супраць нізкіх заробкаў.

Суполка незалежнага прафсаюза была ў пэўным сэнсе адказам на бяздзейнасць афіцыйнага прафсаюза ў справе паляпшэння ўмоваў і аплаты працы кіроўцаў.

У прафсаюз РЭП уступілі звыш 70 сяброў.

Анатоль Ліпскі

8.12.2006

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: