Сож № 2, красавік
|
Няма грошай у прэзыдэнта – зьбярэм усім народам!
13-гадовы Антон Дабрасельскі жыве ў Гомелі. Яму патрэбна тэрміновая перасадка сэрца, якую можна зрабіць толькі ў Нямеччыне. Чыноўнікі ў гэтым адмовілі. Пасля таго, як Міністэрства аховы здароўя вырашыла, што накіраванне Антона за мяжу "немэтазгоднае", спадзявацца застаецца толькі на дапамогу ўсіх, хто прачытае аб яго бядзе. У Нямеччыне падобныя аперацыі робяцца ўжо 30 год. Каштуе аперацыя 250 тысяч еўра, у гэтую суму ўваходзіць і 30-дзённае лячэнне. Можа спатрэбіцца таксама 250 тысяч для імплантацыі дапаможных прылад. Але для таго, каб пачаць лячэнне, дастаткова сабраць 100 тысяч перадаплаты. Зараз не хапае 50 тысяч – астатнія 45 у Гомелі ўжо сабралі. "Часу катастрафічна мала! Трэба дзейнічаць разам. Адным бацькам не справіцца! Сястра з мужам дадуць 5 тысяч еўра. Мы сям'ёй у сукупнасці – 1 млн. 500 тыс. руб. Бацькі Антона звярталіся ў прэзідэнцкую дабрачынную арганізацыю і атрымалі адмову: сказалі – няма сродкаў. Увогуле, як даходзіць да грошай... Збіраюся схадзіць у нашы цэрквы ў Гомелі, можна плакат зрабіць з фатаграфіямі, і размясціць каля варот цэркваў, вернікаў-то шмат. Я думаю, збярэм, для першага ўнёску ўжо 50 тысяч еўра толькі не хапае" – піша ў сваім звароце адзін з тых людзей, хто дапамагае бацькам Антона. Летась у Менску Антону зрабілі аперацыю, за якую бацькі заплацілі 20000 еўра. Яна павінна была падоўжыць жыццё на некалькі гадоў – за гэты час бацькі спадзяваліся сабраць патрэбную суму. Але нядаўна стан хлопчыка пагоршыўся – лекары кажуць, што яму засталося пару месяцаў. Маецца падрабязная інфармацыя і копіі медыцынскіх дакументаў, там жа апублікаваны і рахунак, на які можна пералічыць грошы. Досьвед нямецкіх лекараў настолькі высокі, што пасля трансплантацыі людзі займаюцца спортам, жанчыны нараджаюць дзяцей і г. д. "Тут галоўнае, каб чалавек, які хоча, каб хлопчык жыў, не проста выдаткаваў грошы, а яшчэ паведаміў сваім сябрам, сваякам і знаёмым. І растлумачыў, што гэта не "вутка", а сапраўднае гора простай сям'і. А дзяржава іх кінула сам-насам з іх горам. Таму мы, простыя людзі, павінны ўсё разам дапамагчы ім", – лічыць аўтар звароту. Тэльман Маслюкоў 15.04.2008 |