Сож № 7, верасень
|
На заводзе ў Жлобіне разасланы ліст аб датэрміновым галасаванні
Кіраўнікам прапануецца прымусіць падначаленых галасаваць датэрмінова, а таксама "давесці да работнікаў", за каго трэба галасаваць. "Галасаваць датэрмінова можна штодзень з 23.09.2008. Пажадана сваё волевыяўленне зрабіць у бліжэйшы час. Кіраўнікі тых супрацоўнікаў, што не прагаласуюць зараней, будуць 28.09.2008 мець безнадзейна сапсаваны выходны дзень. І кожную гадзіну дакладываць сітуацыю аб прагаласаваўшых (будуць сядзець на тэлефоне і званіць сваім “лепшым” работнікам – ставіць ім плюсікі і галачкі). Спісы ўсіх прагаласаваўшых датэрмінова штодзённа да 9:30 прашу падаваць мне (з датай галасавання) для ўнясення ў агульны спіс прагаласаваўшых". – гаворыцца ў лісце. Ліст быў разасланы па завадской электроннай сетцы bmz.gomel.by. Яго адправіў Аляксей Красюк, намеснік начальніка упраўлення па аўтаматызацыі БМЗ. Атрымальнікамі значацца Дзмітрый Саўкоў, Аляксандр Сямяннікаў, Мікалай Курс і іншыя – усяго 16 чалавек. У лісце таксама гаворыцца, што трэба прыцягнуць да датэрміновага галасавання і тых работнікаў, якія знаходзяцца ў адпусках: "Прашу помніць аб тым, што спадарыні, якія знаходзяцца ў адпусках па дагляду за дзіцём, таксама з’яўляюцца работнікамі нашага прадрыемства. З імі неабходна звязвацца і прапаноўваць прагаласаваць". На заканчэнне ліста адзначаецца: неабходна "давесці да ведама работнікаў", за каго з кандыдатаў трэба галасаваць – "высокі заробак на прадпрыемстве гарантуецца толькі ў выпадку праштурхоўвання яго інтарэсаў у парламенце", і таму "вельмі пажадана, каб у парламент патрапіў завадскі кандыдат". Гаворка ідзе пра” Уладзіміра Батана, які з’яўляецца начальнікам цеха ремонта металургічнага абсталявання завода, У Жлобінскай выбарчай акрузе у Палату прадстаўнікоў балатуецца таксама Валерый Рыбчанка, прадстаўнік Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі. Ён раней таксама працаваў на гэтым жа заводзе і быў звольнены пасля таго, як на мінулых выбарах адмовіўся зняць сваю кандыдатуру. Міхаіл Мікіціч 26.09.2008
У Савет Рэспублікі – члена Цэнтрвыбаркама
Прадстаўніцу ад Гомельшчыны еўрапейская прэса залічыла да ліку тых, хто мае дачыненне да масавых фальсіфікацый ранейшых выбараў у Беларусі. Кандыдатаў у Савет Рэспублікі – верхнюю палату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – вылучаюць раённыя органы ўлады. Абмеркаванне кандыдатур на паседжаннях адбываецца шаблонна і галасуюць не вагаючыся: усе кандыдатуры "рэкамендаваныя зверху". Афіцыйныя газеты ў паведамленнях аб вылучэнні ў Савет Рэспублікі М.Жоравай указалі толькі яе асноўную пасаду: намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі выканаўчага камітэта Гомельскай вобласці. Ва ўпраўленні юстыцыі спн.Жорава адказвае за дзяржаўную ідэалогію. Аднак, акрамя таго, яна з’яўляецца членам Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) Рэспублікі Беларусь. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. апазіцыя абвінаваціла членаў ЦВК у скажэнні вынікаў галасавання. Аб гэтым пісала і еўрапейская прэса. Напрыклад, буйнейшая польская "Газета выборча" назвала М.Жораву ў ліку асобаў, якія маюць дачыненне да масавых фальсіфікацый вынікаў выбараў у Беларусі. У ЦВК Жорава была абрана тым самым Саветам Рэспублікі, у які яна цяпер вылучана. Выбіраюць 56 членаў Савета Рэспублікі абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў – па 8 ад кожнай вобласці і Мінска; 8 членаў прызначае кіраўнік дзяржавы. Міхаіл Мікіціч 26.09.2008
Дзяржаўная газета не надрукавала прозвішча кандыдата "ад улады"
Лоеўская раёнка "Серп і молат" апублікавала "ананімную" перадвыбарчую праграму абласнога чыноўніка, які балатуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. "Я ведаю праблемы сельскага раёна, уяўляю, як іх вырашаць і буду гэта рабіць", – сцвярджае ў сваёй праграме галоўны саветнік старшыні Гомельскага аблвыканкама Георгі Дашкевіч. Вызначыць, каму належыць праграма, дасведчаныя людзі могуць толькі па фотаздымку. Таму што ва ўсім тэксце няма ні імя, ні прозвішча, ні якіх-небудзь дадзеных аб кандыдаце. Лоеўскі раён уваходзіць у Хойніцкую выбарчую акругу, па якой і балатуецца чыноўнік. У гэтую ж акругу ўваходзяць Брагінскі, Хойніцкі і частка Рэчыцкага раёна. Таму выглядае недарэчным такі сказ ва ўступе: "Я глыбока ўдзячны ўсім, хто вылучыў мяне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, і ў першую чаргу жыхарам Брагінскага, Лоеўскага, Хойніцкага і Рэчыцкага раёнаў". Дашкевіч – беспартыйны, і ад ніякай партыі яго, натуральна, не вылучалі. Таму незразумела – а каму кандыдат удзячны за вылучэнне "ў другую чаргу"? Дзяржаўная прэса яшчэ раз прадэманстравала ўзровень сваёй працы. Рэдактарам газеты з’яўляецца Святлана Маторная, а заснавальнікі – Лоеўскі райсавет дэпутатаў і райвыканкам. Міхаіл Мікіціч 23.09.2008
Зняўся з выбараў – пойдзеш у суд
Рэчыцкая акруговая выбарчая камісія разгледзіла заяву В.Пуціцкага пра сыход з выбараў. Член камісіі Аляксандр Краўцоў ставіць пытанне аб накіраванні іска ў суд. У сваёй заяве кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў В. Пуціцкі напісаў, што здымаецца з выбараў па трох прычынах: ў акруговую выбарчую камісію не ўключылі прадстаўніка дэмакратычных сіл; у большасць участковых камісій прадстаўнікоў дэмсіл таксама не ўключылі; на яго працадаўцу Алега Шабетніка аказаны ціск з боку падаткавай інспекцыі. Член камісіі, намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Рэчыцкім раёне Аляксандр Краўцоў заявіў, што паставіць перад кіраўніком інспекцыі пытанне пра накіраванне ў суд іска аб паклёпе. Адказчыкамі, на меркаванне А.Краўцова, будуць В.Пуціцкі і А.Шабетнік. Аб гэтым паведаміла Алена Агафонава, назіральнік у камісіі. – Пуціцкі працуе намеснікам дырэктара па планаванні ў прыватным прадпрыемстве "Аліда і К" у Рэчыцы. Як сцвярджае Пуціцкі, пасля яго вылучэння ў кандыдаты дырэктар прадпрыемства сп.Шабетнік быў выкліканы ў падаткавую інспекцыю, дзе яго распытвалі аб Пуціцкім і пагражалі праверкамі прадпрыемства, – гаворыць А.Агафонава. Валерый Пуціцкі – старшыня рады Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ. Алег Шабетнік з’яўляецца старшынём Гомельскай абласной арганізацыі партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада", ён уваходзіць ва щчастковую выбарчую камісію Чкалаўскага выбарчага ўчастка № 6 у Рэчыцы. Арсень Даніловіч 11.09.2008
Пуціцкі "зняўся" без партыйнага рашэння
Пакуль дэмсілы не прымалі рашэння аб байкоце выбараў. Аднак лідэры на Гомельшчыне – самі сабе гаспадары. Валерый Пуціцкі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ і кандыдат у дэпутаты ў Рэчыцы, заявіў у выбарчую камісію аб зняцці сваёй кандыдатуры. У гэты ж дзень на Гомельшчыне зняліся і двое прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі – старшыня яе гомельскай арганізацыі Васіль Палякоў і партыйны актывіст Леанід Судаленка. – Улада ніколі не пойдзе на тое, каб правесці дэмакратычныя выбары, бо гэта быў бы для яе канец. Увогуле, не трэба было і пачынаць гэтую кампанію. Трэба было адразу байкатаваць гэтыя выбары, але так, каб народ ведаў, чаму мы далучаемся да байкоту. Мы будзем праводзіць агітацыю за байкот, – каментуе В.Пуціцкі сваё рашэнне. Ён быў адзіным кандыдатам з Партыі БНФ на Гомельшчыне. Прычым калі Судаленку і Палякова вылучылі шляхам збору подпісаў, то Пуціцкага – на з’ездзе партыі. Як паставіцца да аднаасобнага зняцця Пуціцкага партыйнае кіраўніцтва на чале з Лявонам Баршчэўскім? Выключэнне з партыі Алеся Міхалевіча, былога намесніка Баршчэўскага, тлумачылася тым, што навядзенне парадку і дысцыпліны – першачарговая задача. На з’ездзе, дзе В. Пуціцкага вылучылі ў кандыдаты, з Гомельшчыны дэлегатаў не было. Таму што на абласным сходзе, калі іх выбіралі, прысутнічала меней 30 чалавек – нормы, зацверджанай менскім партыйным кіраўніцтвам. Самі гамельчукі лічаць, што прычына ў іншым: тутэйшыя дэлегаты не задавальнялі партыйнае кіраўніцтва ў пытанні па тым самым Міхалевічы. А мясцовыя прадстаўнікі Партыі камуністаў Беларускай кажуць, што парадак і дысцыпліна ў іх ужо ёсць: – Наш кандыдат – чалавек каманды. Ён не здыме сваёй кандыдатуры, калі не будзе на тое рашэння партыі, рашэння Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. А калі будзе такое рашэнне – то здыме! – гаворыць Святлана Міхальчанка, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты па Светлагорскай выбарчай акрузе Сяргея Дайнекі. Міхаіл Мікіціч 04.09.2008
Дэмакраты здымаюцца, аднак "альтэрнатыўнасць" застаецца
Хоць АГП пакуль супраць байкоту, старшыня Гомельскай гарадской арганізацыі Васіль Палякоў і сябра партыі Леанід Судаленка здымаюца з выбараў. Першы з іх балатаваўся ў Гомельскай Савецкай выбарчай акрузе (частка Савецкага раёна Гомеля), другі – у Хойніцкай акрузе (Брагінскі, Лоеўскі, Хойніцкі і частка Рэчыцкага раёнаў). "У склад акруговых выбарчых камісій па Гомельскай вобласці ўключаны толькі 12 прадстаўнікоў Аб'яднаных дэмакратычных сіл (АДС) з 18 вылучаных прэтэндэнтаў. З 225 прадстаўнікоў АДС у склад участковых выбарчых камісій уключаны толькі 7 чалавек. З 17 прэтэндэнтаў у кандыдаты ад АДС зарэгістраваны 12 чалавек. Мае месца ціск на членаў каманд кандыдатаў ад АДС", – такія прычыны адмовы ад удзелу ў выбарах назваў Л.Судаленка ў заяве. Аднак у Хойніцкай выбарчай акрузе, дзе балатаваўся Л.Судаленка, АДС не вылучалі прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. – Я челавек каманды, і нават калі ў мяне нікога не вылучалі, я ўказваю на ўсю карціну па Гомельскаму рэгіёну, – адказвае на гэта сп.Судаленка. Многія іншыя апазіцыйныя кандыдаты кажуць, што здымуцца з выбараў, калі скарыстаюць магчымасць зносінаў з выбаршчыкамі падчас агітацыйнай кампаніі. Што думае з гэтай нагоды Л. Судаленка? – Мы казалі яшчэ за тры месяцы да таго аб сваёй умове ўдзелу ў выбарах: уключэнне нашых людзей у выбарчыя камісіі. Улада не выканала яе. Мы паслядоўныя, і таму зняліся. Наша мэта – выбары прэзідэнта 2011 года, і калі мы каманда, то іншага шляху няма. Тыя пяць хвілін агітацыі на радыё і тэлевізіі нічога па сутнасці не змяняюць. Галасы выбаршчыкаў ніхто не лічыць. Як бы Судаленка адказаў на магчымыя абвінавачванні з боку ўладаў аб тым, што апазіцыя ў чарговы раз атрымала "спонсарскую падтрымку" з Захаду, пасля чаго адмовілася ад удзелу ў выбарах? – Я ніколі не шукаю разумны сэнс тамака, дзе яго не клаў. Аб гэтым улада кажа ўжо 14 гадоў. А наконт грошай, дык такой беднай выбарчай кампаніі, як цяпер, я не памятаю з 2000 года. Аднак і пасля адмовы В. Палякова і Л. Судаленкі ў іх выбарчых акругах захоўваецца "альтэрнатыўнасць". Напрыклад, у Хойніцкай акрузе ролю канкурэнта галоўнаму саветніку старшыні Гомельскага аблвыканкама Георгію Дашкевічу адыгрывае майстар Хойніцкага вузла сувязі Алег Казлоў. Арсень Даніловіч 03.09.2008
Назіральнік ад СНД прывёў несапраўдныя дадзеныя
Каардынатар місіі назіральнікаў СНД па Гомельскай вобласці Іван Катлабай станоўча ацаніў падрыхтоўку да выбараў у Палату прадстаўнікоў. Аднак у падмацаванне сваёй пазіцыі ён прывёў дадзеныя, якія не адпавядаюць рэальнасці. Іван Катлабай заявіў, што ў Гомельскай вобласці "няма ніводнай акругі, дзе будзе адсутнічаць канкурэнцыя паміж кандыдатамі ў дэпутаты, а гэта значыць, што ў выбаршчыкаў будзе выбар". Цытату прывяло дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. Фарміраванне акруговых і участковых камісій і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты прыйшлі дакладна ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, зрабіў выснову СНДэшны назіральнік. Аднак у Рагачоўскай выбарчай акрузе зарэгістраваны ўсяго адзін кандыдат – прадстаўнік улады Уладзімір Міхасёў, начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта. Акруга ахоплівае Кармянскі і Рагачоўскі раёны Гомельскай вобласці. Дык ці І.Катлабай дрэнна разабраўся з геаграфіяй Гомельшчыны, ці ён не валодае інфармацыяй па тэрыторыі, на якой каардынуе назіранне ад СНД. Міхаіл Мікіціч 02.09.2008
Жлобін: сцэнар з "запасным" кандыдатам не атрымаўся
Уладзімір Батан і Валерый Рыбчанка зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты. Першага з іх лічаць праўладным, другога – дэмакратычным. – У камісію былі прадстаўлены дакументы на трох кандыдатаў: Уладзіміра Батана, Валерыя Рыбчанку і Аляксандра Савасцеенку. Усе вылучаліся шляхам збору подпісаў, а для Батана правялі таксама сход сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Бабоўскі", – распавёў Марат Афанасьеў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Які быў у ліку трох мясцовых назіральнікаў на паседжанні камісіі. Жлобінскія дэмакраты лічаць юрыста швэйнай фабрыкі А.Савасцеенку "запасной" кандыдатурай для таго, каб не рэгістраваць Рыбчанку, які з’яўляецца канкурэнтам Батана Аднак выйшла па-іншаму. – Савасцеенку не зарэгістравалі. Колькасць несапраўдных подпісаў за яго перавысіла 15-працэнтную норму, – паведаміў М.Афанасьеў. У.Батан – начальнік цеху ремонта металургічнага абсталявання Беларускага металургічнага завода. В.Рыбчанка раней таксама працаваў на гэтым заводзе, але быў звольнены пасля таго, як адмовіўся зняць сваю кандыдатуру на папярэдніх выбарах. Цяпер працуе дырэктарам рэгіянальнай праграмы грамадскага аб’яднання фонда садзеяння інтэграцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі "Разам". Арсень Даніловіч 01.09.2008 |