№ 6, кастрычнік
|
Жыльлё ў Польшчы і Беларусі
Супрацоўнік тэхнічнага аддзела рэгіянальнай польскай газэты "Nowiny Raciborskie" Павал нядаўна набыў кватэру ў крэдыт. Агульная яе плошча складае 65 квадратных мэтраў. Ён кажа, што грошы, якія ён штомесяц сплочвае банку, каб пагасіць крэдыт, супастаўныя з тым, што трэба плаціць за вынайм кватэры: – Мне штомесяц даводзіцца плаціць 400 злотых банку і 400 злотых на камунальныя паслугі (агулам блізу 270 даляраў). Але ж цяпер я жыву ў сваёй кватэры, якая поўнасьцю пяройдзе ў маю ўласнасьць пасьля поўнага вяртаньня крэдыту. Павал атрымаў іпатэчны крэдыт на 25 год пад 3,5% гадавых. Сярэдні заробак у Польшчы 800-900 даляраў. Наша рэальнасьць Галоўны бухгалтар грамадзкай арганізацыі Сяргей атрымаў крэдыт на набыцьцё кватэры ў Беларусі. Разгледзеўшы ўсялякія варыянты, спыніў свой выбар на "Прыёрбанку", і вось чаму: – Хоць у мінулым годзе шмат якія банкі паведамлялі пра такую паслугу як крэдытаваньне жыльля, рэальна можна было атрымаць крэдыт толькі ў "Беларусбанку" і "Прыёрбанку". Першы прапаноўвал крэдыты толькі льготнікам. Таму я зьвярнуўся ў другі. Крэдыт можна атрымаць, калі ёсьць паручэнцы, якія маюць заробак не меньш мільёна. У мяне такіх не знайшлось. Узяў крэдыт пад кватэру. Цяпер набыў двухпакаёўку ў старым панэльным доме. Вось сплочваю штомесяц банку 400 даляраў. Гэта вельмі цяжка. Варыянты Паводле інфармацыі БелТА, у чэрвені 2006-га году сярэдні заробак у Беларусі склаў блізу 280 даляраў ЗША. Калі чалавек з такім даходам захоча атрымаць крэдыт на будаўніцтва жытла, скажам у "Прыёрбанку", ён зможа разьлічваць на 10 тысяч даляраў на 10 год пад 16 працэнтаў гадавых. Потым дакласьці сваіх чатыры з паловай тысячы "зялёных" і тады паспрабаваць вырашаць сваю жыльлёвую праблему. Улічваючы, што цэны на квадратны мэтар у сталіцы сягаюць пад 1100 даляраў, грошай наўрад хопіць і на траціну аднапакаёўкі. Пры гэтым чалавек 10 год мусіць рабіць адчувальныя выплаты банку, якія складаюць каля 200 даляраў. Каб атрымаць крэдыт у 30 тысяч даляраў на набыцьцё сьціплай аднапакаёўкі і дакласьці траціну кошту невялічкай кватэры сваімі грашыма, чалавек мусіць цягам 10 год штомесяц сплочваць каля 460 даляраў і мець адпаведны даход. Экспертыза Чаму ў нас не разьвітае іпатэчнае крэдытаваньне? Фінансавы мэнаджар прыватнай кампаніі, магістр эканамічных навук спадар Віктар Яўмененка лічыць, што галоўнай прычынай з’яўляецца дэфіцыт доўгатэрміновых рэсурсаў у банкаўскай сыстэме Беларусі і яе моцная залежнасьць ад палітычных складнікаў: – Іпатэчнае крэдытаваньне ў нас не разьвіваецца з шэрагу прычынаў. Вось давайце паглядзім на працу банкаў. Для таго, каб выдаткаваць крэдыт банк павінен мець рэсурсы. Асноўнымі крыніцамі фармаваньня гэтых рэсурсаў зьяўляюцца дэпазыты, прыцягнутыя крэдыты й уласны капітал банкаў. Хоць Нацбанк вось ужо які год рапартуе аб росьце дэпазытаў, але ніколі не паведамляецца пра іх структуру. Фактам зьяўляецца тое, что абсалютная большасьць гэтых дэпазытаў кароткатэрміновая. У нашу банкаўскую сыстэму паступае вельмі мала замежных банкаўскіх крэдытаў. А калі і паступаюць, то зноў жа кароткатэрміновыя. Пра ўласныя вольныя сродкі банкаў няма чаго і казаць. З-за дырэктыўнага кіраваньня банкаўскай сыстэмай, яны інтэнсіўна вымываюцца. Колькі прыходзіцца выдаваць загадзя "гіблых" крэдытаў: пасяўная, уборачная, крэдыты на зарплату стратным прадпрыемствам і г.д. Вось і атрымліваеецца, што нашы банкі калі і маюць рэсурсы, то кароткатэрміновыя. А для працы з іпатэкай банку трэба выдаткоўваць доўгатэрміновыя крэдыты (10–20 гадоў). Чыста з эканамічнага пункту гледжаньня яны ня могуць пайсьці на гэта. Выснова Каб беларусу атрымліваць крэдыты пад 3-5% гадавых і будаваць альбо купляць жытло, у эканоміцы павінна быць зусім іншая каньюктура і лёгіка развіцьця. Пры славутай "беларускай стабільнасьці" людзі баяцца ўкладаць грошы на доўгі тэрмін, а банкі не могуць працаваць з доўгатэрміновымі праектамі. Арцём Лява Фота аўтара 26.10.06
100 вяскоўцаў могуць застацца на зіму без вады
Улады ўсіх узроўней праігнаравалі просьбу жыхароў вёсак Ціханяты і Крыскавічы Ушацкага раёну Сарочынскага сельсавету адрамантаваць водаправодную сыстэму. Вада знікла ў сакавіку. Каля ста жыхароў дзьвюх вёсак, большасьць зь якіх пэнсіянэры, засталіся без пітной вады. Тады аднавяскоўцы вырашылі напісаць калектыўны ліст. – Мы напісалі ліст, дзе распавялі пра нашу бяду. Яго падпісалі 37 чалавек. Накіравалі пасланьне ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Празь некаторы час атрымалі адаказ ад намесьніка старшыні Ўшацкага райвыканкаму Высоцкага. Ён паведаміў, што праектная дакумэнтацыя на аднаўленьне водаправоду распрацоўваецца, вядзецца таксама пошук грошай у экалягічным фондзе раёну – распавядае жыхарка вёскі Ціханяты Ганна Сяргееўна. Увесь гэты час людзі вымушаны былі хадзіць па ваду на возера. Прасілі прывозіць ваду знаёмых, сваякоў. Выпраўляліся за ёй нават у суседнія вёскі і чакалі абяцанага, але ўсё заставалася як ёсьць. Урэшце людзі напісалі другі ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта. Ён трапіў у Міністэрства труда і сацыяльнай абароны, потым ва ўпраўленьне ЖКГ Віцебскага аблвыканкаму. Зь месяц таму намесьнік начальніка ўпраўленьня Шорах паведаміў, што падрахунак на рамонт гатовы і КУ СГП "Арэхава", на балянсе якога знаходзіцца злашчасны водаправод, ужо заключыла пагадненьне з індывідуальным прадпрымальнікам Пятніцам аб рамонце. У гутарцы прадпрымальніка з жыхарамі вёскі выявілася, што ніякай афіцыйнай дамовы не заключалася. Была вусная дамова, так бы мовіць, аб намерах. У выканаўчай улады мясцовага і абласнога ўзроўню на ўсе звароты спакутаваных жыхароў адзін адказ: "Вось-вось, на днях пачынаем рамонт". Тым часам стала вядома, што на жывёлагадоўчую фэрму, якая месьціцца побач, гаспадарка арганізавалала падвоз вады. А хто парупіцца пра людзей? – Хутка зіма. Будаўнічых работ так і не пачалі. Ня сёньня дык заўтра пачнуцца маразы. Што нам тады рабіць? Апошняя надзея – губэрнатар Андрэйчэнка, але ён вернецца з адпачынку толькі праз месяц. Можа, вы параіце, каму можна яшчэ напісаць? – разгублена пытаецца спадарыня Ганна. Становішча, у якім апынуліся сяляне, не унікальнае. Подобныя праблемы з вадой маюць і жыхары вёскі Старына Менскага раёну. З экранаў ўлады дэкларуюць, што яны клапоцяцца пра сацыяльна неабароненых. А на справе бачым, што праблемы вяскоўцаў чыноўнікі вырашаць не спяшаюцца. Людзі ж, кінутыя сам-на-сам са сваёй бядой, пакуль ня маюць пэўных рычагоў ўплыву на ўладныя структуры. Арцём Лява, фота аўтара 18.10.06 |