№ 9, студзень
|
Аддайце ўласнасьць і атрымайце падзяку!
Кіраўніцтва ААТ "Дываны Брэста" просіць шараговых акцыянэраў добраахвотна і бясплатна перадаваць свае акцыі дзяржаве. Лісты падобнага зьместу былі разасланыя ўладальнікам акцыяў за подпісам гендырэктара прадпрыемства Сяргея Федарука. Незвычайная просьба зьвязаная, як гаворыцца ў лісьце, зь цяжкім фінансава-эканамічным станам на прадпрыемстве, які склаўся цягам апошніх пяці год. Дывановы завод мае востры недахоп абаротных сродкаў і значную (каля трох з паловай мільярдаў рублёў) крэдыторскую запазычанасьць, а таксама запазычанасьць па падатках і энэргарэсурсах. Беларускі шлях Адзіная магчымасьць захаваць прадпрыемства, на думку гендырэктара, а таксама савету акцыянэраў – гэта "здацца" на міласьць дзяржаве з перадачай усіх акцыяў у дзяржаўную ўласнасьць праз заключэньне дамовы дарэньня. Акцыянэрнае таварыства бярэ на сябе ўсе выдаткі, зьвязаныя з афармленьнем працэдуры перадачы акцыяў. Усё аддайце альбо тапіцеся Менавіта на такіх умовах (капітуляцыйных па сутнасьці) наша сацыяльна арыентаваная дзяржава гатовая падтрымаць рабочых і само прадпрыемства на плыву, згодна з указам прэзыдэнта № 538 ад 28 жніўня 2006 года "Пра меры па фінансавым аздараўленьні стратных акцыянэрных таварыстваў". Зь першых крыніцаў Прааналізаваць сытуацыю пагадзілася старшыня назіральнага савету акцыянэрнага таварыства Тамара Карповіч. Яна спадзяецца на сьвядомасьць акцыянэраў, для якіх захаваньне прадпрыемства даражэй, чым права ўласнасьці на частку ягонай маёмасьці: – Акцыянэр атрымае хіба што маральнае задавальненьне. Перадаўшы ягоныя акцыі дзяржаве, ёсьць магчымасьць скарыстацца выгодамі ўказу № 538, які дазваляе ў гэтым выпадку рэструктурызаваць запазычанасьць. Многія ставяцца з разуменьнем да нашага звароту, але да нас прыходзіць і шмат лістоў з абурэньнямі. Па шчырасьці, ня ведаю, як дасягнуць паказчыка ў перадачы 100 адсоткаў. Я даслала ліст у Камітэт па дзяржмаёмасьці па тлумачэньні. Чакаю адказу, – кажа спадарыня Тамара. Экспэртыза – Нармалёвая прыватызацыя праходзіць у два этапы: разьмяркоўваюцца акцыі сярод рабочых і насельніцтва ў абмен на прыватызацыйныя чэкі, потым акцыі выкупляюцца ў шараговых акцыянэраў буйнымі айчыннымі альбо замежнымі інвэстарамі. У Беларусі другі этап акцыянаваньня блякаваўся ўладамі. Напрыклад, дакладна вядома, што італьянцы спрабавалі набыць акцыі Менскага мотавелазаводу. Замежных гаспадароў на завод не пусьцілі. Так паўсюды. Уладам выгодна, каб недзяржаўнае прадпрыемства было даведзена да мяжы банкрутства – тады яго лёгка можна нацыяналізаваць. Ня выключана, што кіраўніцтва ААТ "Дываны Брэста", дасылаючы акцыянэрам вышэйназваныя лісты, дзейнічае не па ўласнай ініцыятыве, – кажа эканаміст Віктар Лобан. Выснова Нягледзячы на заявы пра дынамічны і якасны рост беларускай эканомікі і слушнасьць беларускага шляху разьвіцьця, у сьпісе на "рэструктурызацыю запазычанасьці" зараз каля 80 буйных айчынных прадпрыемстваў. Былым жа акцыянэрам замест уласнасьці дастаецца пашана і павага будучых пакаленьняў за ўнёсак у захаваньне традыцый беларускай прамысловасьці, а таксама адзін з экзэмпляраў дамовы дарэньня, які можна павесіць у пакойчыку над працоўным сталом. Артур Лагоўскі 19.01.2007
Лёгкае стаўпатварэньне дэмакратаў
У той час, як на некаторых выбарчых акругах кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычнай кааліцыі папросту няма, у сталічным Уруччы іх ажно тры на адно месца ў Менгарсавеце. У Менску сярод 55-ці акругаў ёсьць унікальная – № 51. У дэпутаты па ёй балятуюцца Павал Знавец, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), а таксама вылучэнцы Партыі БНФ Андрэй Клікуноў і Аляксандар Мыцько. Камэнтар Прадстаўнік Партыі БНФ, які каардынуе выбары ў Менску, ня лічыць сытуацыю дзіўнай: – Сапраўды можна казаць, што выбары адбываюцца на безальтэрнатыўнай аснове. Палову жадаючых стаць кандыдатамі ад сябраў руху "За Свабоду" па надуманых прычынах не дапусьцілі да перадвыбарчай гонкі. Зараз ад названых структураў за дэпутацкія крэслы Менгарсавету змагаюцца 18 чалавек. Наяўнасьць двух нашых кандыдатаў на адной акрузе я лічу нармальным. Мы цудоўна разумеем, што ніхто зь іх у мясцовы савет не пройдзе. Адзіная мэта кампаніі – данесьці людзям праўду, у тым ліку па сытуацыі з забясьпячэньнем Беларусі энэрганосьбітамі. Мыцько і Клікуноў не канкуруюць, а працуюць сумесна. Яны падзялілі дамы і агітуюць. Нават два кандыдаты не пасьпеюць абысьці ўсе кватэры акругі, але пэўную інфармацыйную працу правядуць. Трэба адзначыць, што праца вядзецца ў складанных умовах: нам дасюль не вярнулі афіцыйныя агітацыйныя матэрыялы на кандыдатаў ад партыі, канфіскаваныя міліцыяй колькі дзён таму. *** Кіраўніцтва ПКБ, сацыял-дэмакратаў, некаторыя раённыя структуры АГП рэкамэндуюць сваім актывістам адмаўляцца ад удзелу ў выбарах, як цалкам нясправядлівых. Сябры Партыі БНФ пакуль што застаюцца: – Мы будзем ісьці да канца. Няхай яны нас здымаюць. Калі кандыдат самастойна сыходзіць з дыстанцыі, ён павінен вярнуць дзяржаве грошы, выдаткаваныя на агітацыю, – дадае спадар Міхноў. Зрэшты, так мяркуе зрабіць большасьць дэмакратычных кандыдатаў Высновы Нармальная зьява ў дэмакратычным грамадзтве – наяўнасьць некалькіх прыстойных кандыдатаў на адной акрузе – у нас выглядае дзівам, бо значная частка акругаў увогуле не мае прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў з прычны перашкодаў у рэгістрацыі і, кажучы шчыра, недахопу змагароў. З другога боку, шкада, што партыі і рухі адной, заснаванай пазалетась на Кангрэсе кааліцыі, удзельнічаюць у выбарах асобна. Арцём Лява 11.01.2007
Агітацыя колеру "хакі"
Напярэдадні праваслаўных Калядаў у сталічным мікрараёне Серабранка адбыліся паказальныя выступы брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў. Перадвыбарная агітацыя набывае арыгінальныя формы. У адных канфіскуюць афіцыйныя ўлёткі. Другія наважваюцца ладзіць эфэктныя мілітарысцкія шоў (глядзі фота). Шоў у Серабранцы Бясплатная грэчка для ўсіх ахвотных з палявой кухні, дэманстрацыя прафэсыйных навыкаў байцоў спэцпадразьдзяленьня, паказальныя стрэльбы, прэзэнтацыя жыхарам раёну робата-сапёра с дыстанцыйным кіраваньнем, вайсковы аркестар, нумары кіналягічнай службы і шмат іншага змаглі пабачыць жыхары сьціплай панэльнай забудовы спальнага раёну. На імпрэзе прысутнічала шмат дзяцей, для якіх яна сталася сапраўдным сьвятам. Хлопчыкі атачылі робата як улюбёную цацку. Бацькі зь дзецьмі фатаграфаваліся на фоне эфэктных аркестрантаў. Малеча скакала пад мазурку. Усё з захапленьнем глядзелі на выступы чатырохногіх сяброў: іх скокі праз бар’еры ды затрыманьні "злачынцаў". Побач дзяжурыла вайсковая машына мэдычнай дапамогі. Хто гаспадар балю? Той-сёй гадаў: з чаго гэта? На памяці старажылаў такой увагай "мядзьвежы куток" Менску вайскоўцы ніколі не балавалі. Мо праваслаўнае Мінабароны вырашыла зрабіць такі падарунак на Раство ва ўсіх мікрараёнах? Таксама не. Разгадка ляжала на паверхні. Людзі пад’елі распаранай на вадзе гарачай кашы, выпілі прынесенай з магазіну гарэліцы ды разгаварыліся: – Насьмецілі. Вось убачыце, празь пяць хвілін "зелянбудаўцы" будуць тут як тут. Усё прыбяруць. Як жа! Гэта ж усё кандыдат арганізаваў. Стараецца перад выбарамі... – Нешта каша бяз мяса і франтавыя сто грамаў не наліваюць, – наракалі, пасьмейваючыся, людзі. І праўда: па Малінаўскай выбарчай акрузе № 8 Ленінскага раёну ў Менгарсавет балятуецца "просты" вайсковец, беспартыйны камандзір вайсковай часткі 5448 Сяргей Хаменка. Трэба думаць, ягоныя саслужыўцы і камунальшчыкі вырашылі падтрымаць агітацыйныя намаганьні цалкам бясплатна і добраахвотна... Бо выдаткаваных ЦВК грошай на такую агітацыю кандыдату (на сёньня гэта восем базавых велічыняў) магло і не хапіць. Як ня хопіць ягоным канкурэнтам: сябру ПКБ Юрыю Пуздрову ды выкладчыцы Сьвятлане Барбук. Зрэшты, дзякуй за сьвята. Няхай надалей кожны займаецца тым, што ў яго добра атрымліваецца. Арцём Лява 08.01.2007 |