Аддайце ўласнасьць і атрымайце падзяку!
Кіраўніцтва ААТ "Дываны Брэста" просіць шараговых акцыянэраў добраахвотна і бясплатна перадаваць свае акцыі дзяржаве.
Лісты падобнага зьместу былі разасланыя ўладальнікам акцыяў за подпісам гендырэктара прадпрыемства Сяргея Федарука. Незвычайная просьба зьвязаная, як гаворыцца ў лісьце, зь цяжкім фінансава-эканамічным станам на прадпрыемстве, які склаўся цягам апошніх пяці год. Дывановы завод мае востры недахоп абаротных сродкаў і значную (каля трох з паловай мільярдаў рублёў) крэдыторскую запазычанасьць, а таксама запазычанасьць па падатках і энэргарэсурсах.
Беларускі шлях
Адзіная магчымасьць захаваць прадпрыемства, на думку гендырэктара, а таксама савету акцыянэраў – гэта "здацца" на міласьць дзяржаве з перадачай усіх акцыяў у дзяржаўную ўласнасьць праз заключэньне дамовы дарэньня. Акцыянэрнае таварыства бярэ на сябе ўсе выдаткі, зьвязаныя з афармленьнем працэдуры перадачы акцыяў.
Усё аддайце альбо тапіцеся
Менавіта на такіх умовах (капітуляцыйных па сутнасьці) наша сацыяльна арыентаваная дзяржава гатовая падтрымаць рабочых і само прадпрыемства на плыву, згодна з указам прэзыдэнта № 538 ад 28 жніўня 2006 года "Пра меры па фінансавым аздараўленьні стратных акцыянэрных таварыстваў".
Зь першых крыніцаў
Прааналізаваць сытуацыю пагадзілася старшыня назіральнага савету акцыянэрнага таварыства Тамара Карповіч. Яна спадзяецца на сьвядомасьць акцыянэраў, для якіх захаваньне прадпрыемства даражэй, чым права ўласнасьці на частку ягонай маёмасьці:
– Акцыянэр атрымае хіба што маральнае задавальненьне. Перадаўшы ягоныя акцыі дзяржаве, ёсьць магчымасьць скарыстацца выгодамі ўказу № 538, які дазваляе ў гэтым выпадку рэструктурызаваць запазычанасьць. Многія ставяцца з разуменьнем да нашага звароту, але да нас прыходзіць і шмат лістоў з абурэньнямі. Па шчырасьці, ня ведаю, як дасягнуць паказчыка ў перадачы 100 адсоткаў. Я даслала ліст у Камітэт па дзяржмаёмасьці па тлумачэньні. Чакаю адказу, – кажа спадарыня Тамара.
Экспэртыза
– Нармалёвая прыватызацыя праходзіць у два этапы: разьмяркоўваюцца акцыі сярод рабочых і насельніцтва ў абмен на прыватызацыйныя чэкі, потым акцыі выкупляюцца ў шараговых акцыянэраў буйнымі айчыннымі альбо замежнымі інвэстарамі.
У Беларусі другі этап акцыянаваньня блякаваўся ўладамі. Напрыклад, дакладна вядома, што італьянцы спрабавалі набыць акцыі Менскага мотавелазаводу. Замежных гаспадароў на завод не пусьцілі. Так паўсюды. Уладам выгодна, каб недзяржаўнае прадпрыемства было даведзена да мяжы банкрутства – тады яго лёгка можна нацыяналізаваць. Ня выключана, што кіраўніцтва ААТ "Дываны Брэста", дасылаючы акцыянэрам вышэйназваныя лісты, дзейнічае не па ўласнай ініцыятыве, – кажа эканаміст Віктар Лобан.
Выснова
Нягледзячы на заявы пра дынамічны і якасны рост беларускай эканомікі і слушнасьць беларускага шляху разьвіцьця, у сьпісе на "рэструктурызацыю запазычанасьці" зараз каля 80 буйных айчынных прадпрыемстваў. Былым жа акцыянэрам замест уласнасьці дастаецца пашана і павага будучых пакаленьняў за ўнёсак у захаваньне традыцый беларускай прамысловасьці, а таксама адзін з экзэмпляраў дамовы дарэньня, які можна павесіць у пакойчыку над працоўным сталом.
Артур Лагоўскі
19.01.2007