№ 7, ліпень
|
Зьбірайся, народ, у партызаны!
Больш як дзьве тысячы беларусаў будуць выкліканыя на ваенныя зборы. Міністэрства абароны Беларусі ўжо заявіла, што ў комплексным апэратыўным вучэньні "Восень-2008" прымуць удзел расейскія ваенныя. Экспэрты кажуць, што Беларусь дамагаецца, каб расейскія лётчыкі прадэманстравалі магчымасьці дывізіёну, аснашчанага навейшай зэнітнай ракетнай сыстэмай С-400 "Трыюмф". Камандуючы ВВС і войскамі ПВА Беларусі генэрал-маёр Ігар Азаронак лічыць, што ўдзел падразьдзяленьняў ВВС Расеі "дапаможа адточваць мэханізмы ўзаемадзеяньня сыстэмаў ПВА і ВВС Расеі і Беларусі". Па дадзеных Мінабароны, Беларуская армія накіруе каля 8500 чалавек, у тым ліку звыш 2000 "партызанаў" – звольненых раней салдатаў, прапаршчыкаў й афіцэраў. Выкарыстаньне баявой тэхнікі і зброі плянуецца на сямі палігонах ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Выклік на зборы – 15 кастрычніка. Тэрмін вучэньняў – роўна тыдзень, да 21 кастрычніка. Таксама паведамляецца, што ў вучэньні "Восень-2008" будуць задзейнічаны 300 адзінак бронетанкавай тэхнікі, 40 артылерыйскіх гармат, самалёты і верталёты. У адным ў апошніх інтэрвію для СМІ міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў заявіў, што людзі, выкліканыя з запасу "мусяць быць падрыхтаваныя ня горш, чым кадравыя ваенныя". За ўхіленьне ад яўкі на зборы "партызаны" будуць карацца штрафамі ці прымусовай працай на тэрмін да аднаго года, альбо арыштам на тры месяцы. Калі ж чалавек з запасу будзе "касіць" праз сымуляцыю захворваньня ці падробку дакумэнтаў, ён можа быць арыштаваны на тэрмін да шасьці месяцаў. Найгоршае пакараньне – абмежаваньне волі на два гады. Паводле начальніка прэс-службы Мінабароны палкоўніка Вячаслава Раменчыка, запасьнікі будуць выконваць абавязкі ў складзе вайсковых часьцей і падразьдзяленьняў на штатных воінскіх пасадах. За час знаходжаньня на ваенных зборах "партызаны", якія маюць сталую працу, атрымаюць сярэднемесячны заробак. Прадпрымальнікі і тыя, хто лічыцца беспрацоўнымі, атрымаюць грашовую суму ў памеры 3,9 базавай велічыні (прыкладна 100 тысяч рублёў). Выплаціць гэтыя грошы абавязаныя раённыя выканаўчыя камітэты па месцы жыхарства. Можа скласціся ўражаньне, што Беларусь багатая краіна, калі з яе бюджэту выцягваюцца мільёны рублёў на стратныя ваенныя вучэньні. Але ў беларусаў няма звычкі пытаць, на што ідуць грошы падаткаплацельшчыкаў. Галіна Баравая 30.07.2008
Рэктар ЕГУ ўзнагароджаны літоўскім ордэнам
6 ліпеня, у Дзень дзяржавы прэзідэнт суседняй краіны Валдас Адамкус уручыў ганаровую ўзнагароду беларускаму навукоўцу Анатолю Міхайлаву. Ён узнагароджаны Камандорскім крыжом Ордэна "За заслугі перад Літвой". Такую ж узнароду атрымаў старшыня Кіруючай рады Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, губернатар акругі Стакгольма спадар Пер Ункель (Per Unkel), які раней быў генеральным сакратаром Савета міністраў Паўночных краін. Аб гэтым паведаміла прэс-служба Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Узнагароджанне адбылося ў Дзень дзяржавы, які ў Літве святкуецца 6 ліпеня. Гэтае свята адзначаецца ў гонар гадавіны з дня каранацыі Міндоўга – князя, які ў ХІІІ стагоддзі заснаваў на беларускіх і літоўскіх землях Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай у Навагародку (цяперашні Навагрудак). А. Міхайлаў – акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, вядомы ў беларускіх і міжнародных навуковых колах даследчык у галіне філасофіі. У 1992 г. пры актыўным удзеле А. Міхайлава ў Мінску быў створаны Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ). У 2004 г. беларускія ўлады зачынілі гэтую вышэйшую навучальную установу. У 2006 г. ў выніку намаганняў А. Міхайлава ЕГУ быў адноўлены ў Вільнюсе, і ў цяперашні час ва універсітэце навучаецца каля 1,5 тысячы беларускіх студэнтаў. Тэльман Маслюкоў 07.07.2008 |