Прямая линия № 7, август
|
Савецкую бляху заменіць залатая прыгажосьць
На суботу, 29 верасьня, прыпадае 600-гадовы юбілей царквы сьвятога архангела Міхаіла, якая знаходзіцца ў зэльвенскай вёсцы Сынкавічы. Гэта па дарозе на Ваўкавыск, у дзесяці кілямэтрах ад Слоніма. Цяперашні настаяцель храма айцец Арсеній Ананка кажа, што на сьвята чакаецца прыезд у некалькіх тысяч чалавек, у тым ліку з краінаў СНД, Балтыі і Заходняй Эўропы. Я наведаў Сынкавічы ў гэтыя дні. Настаяцель і ягоныя памочнікі працавалі ля каменнай агароджы. Насыпалі рыдлёўкамі грунт для новых кветнікаў. Як патлумачыў айцец Арсеній, добраўпарадкаваньне тэрыторыі храма вядзе толькі паства. – Вэртыкаль у Зэльве дбае пакуль толькі пра свае ўладаньні, – кажа сьвятар і скіроўвае ўвагу на кароўнікі, што падступаюць да сьвятыні зь левага ўзгорку.
За савецкім часам бязбожнікі занялі спрадвечны брукаваны шлях да сьвятыні. Адгарадзілі яе і навакольле доўгімі будынкамі з вузкімі жалезнымі рашоткамі на вокнах. Калі ў царкве моляцца, тут рыкае калгасная жывёла, альбо надакучліва скрыпяць транспарцёры, што выдаляюць гной. Са слоў айца Арсенія, просьбы вернікаў да ўлады аб высяленьні фэрмы ўзыходзяць ад 1991 году. Сёлета нібыта прыслухоўваюцца. Тутэйшы калгас плянуюць далучыць да суседняга. Статак зьбіраюцца перагнаць у іншую цалейшую фэрму.
Ён не забараняе мне паведаміць пра перасланую ў храме падлогу. Дошкі яе сьцісла падагнаныя, але не шліфаваныя і не пафарбаваныя. Нарэшце для вернікаў няма пагрозы атрымаць калецтва на аголеным вышчарбленым каменьні. Дошкі ж у любы момант можна зьняць. Магчыма, прыйдзе час, калі ў найстарэйшым помніку адбудзецца выратавальная рэканструкцыя. Пакуль жа са старой дранкі на страсе апсіды на сьцены трапляе вільгаць. Савецкая блакітная алейная фарба змываецца адтуль не іначай як са старажытнымі фрэскамі... Сьвятар строга папярэджаны: нельга нават цьвік зварушыць у помніку дойлідзтва XVI стагодзьдзя! І ўсё ж было дзіўным бачыць, што разбураюць тут цяпер шацёр на званіцы, будынак якой асобны ў двары. – Гэты аб’ект не зь дзяржаўнага ахоўнага сьпісу, – папярэджвае пытаньні айцец Арсеній, – мы выдаляем аляпаватасьць 1980-х гадоў. Савецкая бляха на шатры пачала іржавець, на муроўцы-званіцы з-за яе губляюцца нішы, дэкарыраваны арнамэнт, карнізы ды порцікі. Прымітыўны шацёр заменіць залатая макаўка. Узьняцьце яе адбудзецца неўзабаве і, як запэўнівае айцец Арсеній, гэта будзе яшчэ адна цудадзейная зьмена ў Сынкавіцкай царкве. Галіна Баравая Фота аўтара 17.08.2007 |