Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members dixes Міншчына Рэха № 4, красавік Піянэра памятаюць, а панству – пашана
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Піянэра памятаюць, а панству – пашана

НаташаПоследнее изменение: 2008-04-18 07:13

На радзіму Марата Казея цяпер турысты найбольш наведваюцца з-за цікавасьці да Гутэн-Чапскіх.

Гісторыка-краязнаўчае аб'яднаньне "Прылуцкая спадчына" распрацавала экскурсію "Род Чапскіх на Міншчыне". Маршрут прадставіў кіраўнік аб'яднаньня Ігар Гатальскі.

З гутаркі зь ім вынікае, што экскурсія адбудзецца па мясьцінах, дзе жылі прадстаўнікі роду Чапскіх – буйныя землеўладальнікі, грамадзкія дзеячы, палітыкі, захавальнікі твораў мастацтва. Шлях пройдзе празь Менск, яго прыгарад Прылукі, вёскі Волчкавічы і Станькава ў Дзяржынскім раёне.

Меркаваньне гісторыка, аўтара кнігі "Графы фон Гутэн-Чапскія на Беларусі" Анатоля Валахановіча:

– Чапскія зьявіліся на Меншчыне праз шлюб Францішка Станіслава Чапскага і Веранікі Радзівіл, зводнай сястры Караля Радзівіла (Пане Каханку). Станькава раней належала Радзівілам, і Вераніка атрымала яго ў пасаг. Сын Станіслава і Веранікі Караль Чапскі (1778-1836) быў маршалкам шляхты Менскага павету, ганаровым куратарам школаў Слуцкага павету.

З уладальнікаў Станькава найбольшую вядомасьць атрымаў Эмерык Чапскі, які сабраў выдатную калекцыю гістарычных рарытэтаў і жывапісу.

Існуе копія дакумэнту з пералікам калекцыйнага гэтага збору. У ім – 16 партрэтаў Багдана Хмяльніцкага, 70 партрэтаў Тадэвуша Касцюшкі, 10 партрэтаў Адама Міцкевіча, партрэты Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Тышкевіча, аўтографы Міцкевіча, рукапіс ягонай кнігі "Пан Тадэвуш", калекцыя манэт і мэдалёў (каля 11 тысяч назваў), 69 ордэнаў і зорак.

Даўнейшы комплекс у Станькава ўключаў каменны палац (не захаваўся), флігелі, "Скарбчык" – будынак, дзе трымаў бібліятэку Эмерык Чапскі, аранжарэю. Сёньня ад колішняй раскошы засталося няшмат. Графская бібліятэка, колькі гаспадарчых пабудоваў ды зарослы парк. Гаспадарыць тут школа-інтэрнат для дзяцей-сіротаў і дзяцей, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўства.

Па фундацыі ўладальнікаў пабудаваная Сьвята-Мікалаеўскага царква. Зруйнаваная камуністамі, яна цяпер аднаўляецца. Тутэйшыя кажуць, што фундатарамі выступаюць амэрыканскія нашчадкі Чапскіх. Парафіянка Алена Бурак лічыць, што Станькава больш стала вядома імем і справамі Чапскіх, чым Казея:

– Марат Казей – сьмелы хлопчык. Але даўно ўжо ведаем, як пісьменьнік Вячаслаў Марозаў змайстраваў літаратурны міф дзеля выхаваньня піянэраў. Прыяжджаў у Станькава, адпачываў тут і пераўтвараў гісторыю вясковага падлетка пад заказ на адважнага забойцу фашыстаў.

Вось што кажа аднаклясьнік Марата Алесь Кулікоўскі:

– Бацьку Марата Івана Казея задушыў Сталін у ГУЛАГу нібыта за трацкізм. Марата забіў Гітлер. Пра гэта цяпер балбочуць рознае. А насамрэч там чалавек сорак паліцыі ішло. А яны зь лейтэнантам Ларыным сядзелі ў кусьце. Адбыўся выбух. А хто гранату кінуў? Каб гранату кінуць у сорак чалавек, у кучу, дык эфэкт быў бы. А так выбух адбыўся, і ўсё на гэтым.

Станькава цяпер можна сьмела назваць прадмесьцем Менску. Бо маршруткі са сталіцы падыходзяць кожныя паўгадзіны. Сама назірала, як некаторыя з пасажыраў зьвярталіся да тутэйшых і запытвалі, дзе і што паглядзець са спадчыны панства Чапскіх.

У Станькава цяпер рамантуюць парк Чапскіх, садзяць кветкі, амаль вызвалілі ад сьмецьця прыгожую сажалку. Франтам выглядае "Скарбчык". Тут раней быў музэй Леніна, цяпер вяртаюцца экспанаты пра гаспадарчасьць і дабрачыннасьць яго першых гаспадароў.

Галіна Баравая

18.04.2008

Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: