Светлогорские вести №14, июль
|
Інвалідаў па зроку – на вуліцу!
У Рэчыцы і Светлагорску плануюць ліквідаваць участкі па зборцы свяцільнікаў. Работнікі ўчасткаў – а гэта ў асноўным людзі з дрэнным зрокам – стануць беспрацоўнымі. Ім пагражае несуцяшальная перспектыва: давядзецца існаваць на дапамогу па інваліднасці ў 110-112 тыс. рублёў штомесяц. Адміністрацыя гомельскага прадпрыемства "Светлатэхніка", да якога адносяцца ўчасткі, прычынамі ліквідацыі называе нерэнтабельнасць і адсутнасць рынкаў збыту. Работнікі атрымалі ад памочніка дырэктара прадпрыемства Сяргея Парфёнава паведамленні аб плануемым звальненні. На светлагорскім ўчастку, дзе працуе 26 чалавек, С.Парфёнаў падчас сустрэчы з работнікамі пачуў рэзкую крытыку адносна рашэння аб ліквідацыі. Участак дзейнічае дзевяць гадоў, забяспечваючы працай мясцовых інвалідаў па зроку. На меркаванне начальніка ўчастка Наталлі Стрэльчанкі, яе калектыў – работнікі дысцыплінаваныя. Для іх нават невялікі заробак за няпоўны працоўны дзень істотна дапаўняе выплату па інваліднасці. Н.Стрэльчанка кажа, што "ніхто не палічыўся з тым, што за ліквідацыяй участку стаяць людзкія лёсы", і што ў самым кепскім стане застануцца інваліды ІІІ группы, у якіх амаль няма шанцаў знайсці іншую працу. Інваліды лічаць: у дзяржаве, якая абвяшчае сябе сацыяльна арыентаванай, выплата ў 110 тыс. руб. не можа забяспечыць годнага існавання, і таму яны павінны мець магчымасць хоць штосьці зарабіць. Калектыў настойвае на пераглядзе рашэння аб ліквідацыі. Міхаіл Мікіціч 23.07.2007 |