Светлогорские вести№ 15, август
|
Каля Парычаў паднялі рэшткі карабля
Каля гарадскога пасёлка Парычы ў Светлагорскім раёне знойдзены рэшткі карабля, які за сваю гісторыю належаў двум дзяржавам, меў тры назвы і двойчы быў затоплены. Гэта – адзін з двух першых у Беларусі браніраваных рачных караблёў. Ён быў пабудаваны ў вольным горадзе Данцыг на беразе Балтыйскага мора. Ад Данцыга – да Пінска Увесну 1922 г. у Пінскую ваенную флатылію, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі ў час яе знаходжання ў Польскай Рэспубліцы, паступілі маніторы "Мазыр" і "Варшава". Манітор (ад англ. monitor – "які кантралюе") – гэта браніраваны карабель, прызначаны для дзеянняў у прыбярэжных раёнах мора і на рэках. "Мазыр" – той самы манітор, які падняты цяпер каля Бярэзіны. Першапачаткова, з 1921 г., яны ўваходзілі ў Віслянскую флатылію (на р. Вісла). Камандзірам "Мазыра" ў той час быў паручык Э. Шыстоўскі. Маніторы пабудаваны ў 1920 г. у Данцыгу, які ў той час меў статус вольнага горада пад кіраваннем Лігі Нацый (цяпер – Гданьск у Польшчы). Усяго было пабудавана чатыры такія караблі, гэтую серыю называюць "гданьскія маніторы". "Мазыр" меў экіпаж 44 чалавекі. 31 ліпеня 1923 яго перайменавалі ў "Торунь" (па назве аднаго з гарадоў Польшчы), бо Мазыр пасля савецка-польскай вайны увайшоў у склад савецкай Беларусі. У 1930 і 1938 – 39 гг. "гданьскія" маніторы прайшлі мадэрнізацыю. Пачатак вайны 2 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу – пачалася другая сусветная вайна. Пінская флатылія вяла проціпаветраную абарону Пінска і мастоў. Камандаваў "Торунем" у гэты час капітан Баляслаў Парыдзай. 17 верасня на тэрыторыю Польскай дзяржавы, на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, увайшлі савецкія войскі. Флатылія не атрымала загаду ваяваць супраць іх. Камандаванне павяло свае сілы на захад, дзе ішлі баі з нямецкімі нацыстамі. Манітор "Торунь" рушыў па Прыпяці ад Перавозу Лачэўскага, дзе ён дзейнічаў, да Пінска. Але з-за нізкага ўзроўню вады ў Дняпроўска-Бугскім канале караблі немагчыма было правесці на рэкі Заходні Буг і Віслу. Таму "Торунь" быў затоплены на 73 км Прыпяці. Экіпажы сышлі на бераг і далучыліся да армейскай групоўкі "Палессе". З іх былі створаны два батальёны, якія на тэрыторыі Польшчы ваявалі з нацыстамі каля Коцка – да самых апошніх абарончых баёў германа-польскай вайны 1939 г. У савецкай Беларусі Да 12 лістапада 1939 года большасць затопленых караблёў былой Пінскай флатылі былі падняты савецкім Ваенна-марскім флотам. У Кіеве іх адрамантавалі, пераўзброілі і перайменавалі. "Торунь" атрымаў сваю трэцюю назву – "Вінніца. Караблі былі ўключаны ў Дняпроўскую ваенную флатылію, цэнтр якой у гэты час таксама знаходзіўся ў Пінску. Цяпер манітор "Вінніца" меў экіпаж каля 40 чалавек, тры гарматы калібра 76 мм і чатыры кулямёты калібра 7,62 мм. У чэрвені 1940 года Дняпроўскую флатылію расфарміравалі. Яе караблі, у тым ліку "Вінніца", зноў ўвайшлі ў склад Пінскай ваеннай флатыліі – але цяпер ужо савецкай, якая была створана ў гэтым жа месяцы. Апошні бой карабля З пачатку вайны паміж Германіяй і Савецкім Саюзам флатылія ўдзельнічала ў баях. 11 ліпеня 1941 года ў флатыліі былі створаны тры атрады: Бярэзінскі, Дняпроўскі і Прыпяцкі. "Вінніца" увайшла ў першы. 15 ліпеня атрад засяродзіўся каля гарадскога пасёлка Парычы, які ў той час быў раённым цэнтрам, прыняў 80 партызан і ў 14 гадзін 05 хвілін накіраваўся ўверх па Бярэзіне. Перад ім была пастаўлена задача дайсці да вёскі Стасеўка (у суседнім Бабруйскім раёне) і сумесна з часткамі стралковага корпуса і партызанскім атрадам авалодаць там пераправай праціўніка і самой вёскай. Каля вёскі Новая Беліца Парыцкага раёна "Вінніца" была абстраляны. У гэтым баі, паводле савецкіх дадзеных, Бярэзінскі атрад знішчыў дзве 76-мм гарматы, больш за 100 салдат і афіцэраў праціўніка, а дэсант, які высадзіўся з караблёў, захапіў у палон шэсць салдат і мінамётную батарэю. Падчас бою ў "Вінніцу" патрапілі шэсць артылерыйскіх снарадаў, карабль патрапіў на мель. Камандзір "Вінніцы" старшы лейтэнант Б.Юшын загадаў узарваць манітор. Гэта адбылося 16 ліпеня ў 0 гадзін 20 хвілін. Тое, што засталося Ініцыятыву падняць рэшткі "Вінніцы" выказала грамадскае аб'яднанне "Таварыства ветэранаў разведкі ваенна-марскога флоту", якое дзейнічае ў Кіеве. У пад’ёме, які адбыўся 26 жніўня, ўдзельнічаў шклоўскі клуб "Пошук". Паглядзець на працу прыйшлі мясцовыя жыхары і прадстаўнікі раённага і Парыцкага пасялковага кіраўніцтва. За мінулы пасля вайны час Бярэзіна змяніла рэчышча. На месцы, дзе затануў карабель, цяпер балоцістая нізіна. З яе і было паднята тое, што засталося – часткі абшыўкі і абсталявання, гільзы, інструменты. Рэшткі манітора, які пабудаваны ў вольным горадзе Данцыг, ваяваў за Польскую Рэспубліку і савецкую Беларусь, падняты ў суверэннай Рэспубліцы Беларусі па ініцыятыве энтузіястаў з Украіны. Цэлая эпоха з жыцця Еўропы адлюстравалася ў гісторыі карабля... Тэльман Маслюкоў 31.08.2007
Працягнутыя раскопкі былога горада Казімір
У Сьветлагорскім раёне працягнутыя археалягічныя раскопкі былога горада Казімір. Гэтым разам выяўлены парэшткі жыхароў, якія загінулі ў час нападу варожага войску. Знойдзены таксама фундамент пабудовы – магчыма, гэта была ратуша альбо храм. Гэты горад стаяў у 1643-1655 гг. на беразе Бярэзіны, на месцы цяперашняй вёскі Каралеўская Слабада-2 (Краснаўскі сельскі Савет). У той час Беларусь была асноўнай часткай Вялікага Княства Літоўскага, якое ўваходзіла ў фэдэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітая. У 1654 г. Расійская дзяржава пачала вайну з Рэччу Паспалітай. Казімір быў разбураны. Пазней тут аднавілася вёска, назва якой нагадвае пра былы горад. На раскопках, за выключэньнем двух кіраўнікоў, працавала моладзь – добраахвотнікі і практыканты. Вёска ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС знаходзіцца ў зоне радыяцыі да 5-15 кu/км². Экспэдыцыя, у складзе якой шмат непаўнагадовых удзельнікаў, размяшчалася ў шасці кіламетрах ад месца раскопак. Удзельнікі штодня прывозіліся на раскопкі аўтобусам, які быў прадастаўлены раённымі ўладамі. 24 чалавекі на працягу двух тыдняў зрабілі тры раскопы агульнай плошчай болей за 200 квадратных метраў. Выяўлена вялікая колькасць знаходак. Жыхары Казіміра займаліся рамёствамі, гандлем і рыбнымі ловамі. З архіўнага дакумэнту вядома, што горад меў Магдэбургскае права. Гэта значыць, тут была ратуша, у якой разьмяшчалася гарадское самакіраваньне. Пры раскопках сёлета знойдзены валуны, якія, на меркаваньне навуковага кіраўніка раскопак Сяргея Рассадзіна, маглі ляжаць у падмурку ратушы альбо касьцёла. Казімір быў зьнішчаны ў 1655 г. войскам Івана Залатарэнкі, якое знаходзілася на службе ў маскоўскага цара Аляксея Раманава. У загадзе цара за 1655 г. напісана, каб маскоўскія войскі, “ідучы дарогаю, сёлы і вёскі і хлеб і сена... палілі і людзей забівалі... і зьнішчалі зусім і поўнасьцю“ (цытуецца паводле “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, т. 2, с. 197). Падчас сёлетніх раскопак выяўлены парэшткі двух забітых і непахаваных людзей, у тым ліку дзяўчынкі 15-16 гадоў. Крыміналістычная і антрапалягічная экспэртызы яшчэ будуць праводзіцца ў Менску, але прафэсар С. Рассадзін не сумняваецца: гэта – парэшткі мірных жыхароў Казіміра. Дакумэнт аб заснаваньні Казіміра доктар гістарычных навук С. Рассадзін выявіў у 2001 г. ў Галоўным архіве старадаўніх актаў Польшчы (Варшава). Раней пра горад навука не ведала. Дакумэнт падпісала Цэцылія Рэната, каралева Рэчы Паспалітай з аўстрыйскай дынастыі Габсбургаў. Каралева надала Казіміру герб з выявай льва – такая ж выява і на асабістым гербе каралевы. У 2001 г. герб Казіміра быў узяты за аснову пры стварэньні герба гарадзкога пасёлка Парычы. Гэтае мястэчка – найбліжэйшае зараз паселішча гарадзкога тыпу ад таго месца, дзе знаходзіўся Казімір. Археалягічныя пошукі былога горада пачаліся ў 2006 г. з ініцыятывы Сьветлагорскай арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Сёлетнія раскопы сталі працягам мінулагодніх дасьледаваньняў. Сучасны Сьветлагорск паходзіць ад вёскі Шацілкі, аднак, на меркаваньне С. Рассадзіна, Казімір можна лічыць гарадзкім папярэднікам Сьветлагорска. У наступным годзе з часу заснаваньня Казіміра споўніцца 365 гадоў. Міхаіл Мікіціч 24.08.2007
Удзельніка праграмы Каліноўскага выклікаюць у КДБ
Бо цяпер ён навучаецца ў адным з універсітэтаў Польшчы. Юнак са Светлагорску адмаўляецца размаўляць з чэкістамі без павесткі. Раман Усцінаў, які зараз знаходзіцца дома на вакацыях, расказаў, што яму дадому затэлефанаў чалавек, назваўся супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Давідавым. Суразмоўца запатрабаваў, каб хлопец з’явіўся ў мясцовае аддзяленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі. – Той, хто тэлефанаваў мне, сказаў: прычына выкліку – мае паездкі ў Польшчу, а чэкісты, маўляў, вядуць нейкую справу, таму я павінен прыйсці без павесткі,– расказвае гаворыць хлопец. Спачатку Раман навучаўся ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва ў Менску. Яго прызначылі сакратаром БРСМ на факультэце. Аднойчы ў сакавіку мінулага году Раман выходзіў з універсаму "Цэнтральны" на праспекце Незалежнасці, і яго затрымала міліцыя. Гэты магазін знаходзіцца непадалёк ад плошчы, на якой тады быў разбіты намётавы лагер дэмакратычнай апазцыі. 10 сутак арышту за "парушэнне парадку арганізацыі і правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання" – такой была ў выніку пастанова суда. Пасля выхаду з турмы яго выклікалі ў КДБ першы раз, прычым студэнта суправаджаў туды прадстаўнік адміністрацыі інстытута. Раман быў адным з лепшых студэнтаў, але кіраўніцтва факультэта запатрабавала, каб ён напісаў заяву аб адлічэнні "па ўласным жаданні". З рэкамендацыі праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Рамана залічылі на ІІ-гі курс універсітэту ў Польшчы. На час ад’езду хлопец зусім не разумеў па-польску, але зараз ён навучаецца на "выдатна", атрымлівае стыпендыю імя Кастуся Каліноўскага і нават будзе прадстаўляць Польшчу на міжнародных навуковых канферэнцыях. – Чалавек, што званіў, сказаў, каб я падумаў, і што ён яшчэ будзе тэлефанаваць, – кажа Раман. Між тым згодна заканадаўству, праваахоўныя органы не маюць права выклікаць людзей без павесткі, калі чалавек не згодны на гэта. Міхаіл Мікіціч 22.08.2007
Тавары арыштоўваюцца, бізнэсоўцы банкрутуюць
Cуддзя з Гомеля Вікторыя Лапута пастанавіла канфіскаваць у прадпрымальніка са Светлагорска Анатоля Кнігі тавараў на суму 13,7 мільёна рублёў і аштрафаваць на 930 тысяч. Праверка за праверкай У ліпені ў інспекцыі па падатках і зборах Светлагорскага раёна супраць Анатоля Кнігі быў складзены пратакол паводле артыкула 12.17.4 КоАП – рэалізацыя тавараў без наяўнасці дакументаў, якія пацверджваюць іх якасць. Расійскія сертыфікаты якасці на пасцельную бялізну з Германіі і дываны з Бельгіі і Польшчы ў Беларусі не прызнаюцца. Адміністрацыйны пратакол падатковая інспекцыя накіравала ў гаспадарчы суд, які і вынес свой вердыкт. І хаця прадпрымальнік прынёс у суд беларускія сертыфікаты адпаведнасці, на пастанову суду гэта ўжо не паўплывала. – Канфіскацыя тавараў і штраф – для мяне фактычнае банкруцтва, – сказаў прадпрымальнік Кніга. Гэтым летам падаткоўцы і міліцыя сталі досыць актыўна правяраць светлагорскіх прадпрымальнікаў. Праверкі, як правіла, суправаджаліся арыштамі тавараў. Да прыкладу, у Ірыны Савацеевай, якая з’яўляецца старшынёй савета індывідуальных прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтру "АРТІС", міліцыя і падаткоўцы на працягу паўтара месяца двойчы адбіралі тавар – агулам амаль на тры мільёны рублёў. Апошні раз гэта адбылося другога жніўня. Супрацоўнікі Гомельскага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС рабілі праверку з шантажом і пагрозамі. На знак пратэсту прадпрымальнікі вышлі на плошчу да райвыканкама. Паколькі ніхто са службоўцаў не запэўніў прадпрымальнікаў, што практыка дзяржаўных пабораў будзе спынена, дробныя бізнесоўцы Светлагорска вырашылі пачаць першага верасня страйк з нявыплатай падаткаў. На чыю мельніцу… У асяродку дробных бізнесоўцаў цяпер бытуе меркаванне, што з дапамогай фіскальных органаў уладныя структуры зачышчаюць поле для хуткай "прыхватызацыі" прамысловых да гандлёвых прадпрыемстваў. Рабочы завода не купіць сабе акцыі, бо ў яго няма сродкаў. Бізнесоўцы, як бы там ні было, грошы маюць. Да таго ж іх у краіне звыш 200 тысяч, а з улікам наёмных работнікаў і сем`яў, набіраецца каля мільёна. Яны ж могуць вылучыць і свайго лідэра… Таму і душаць прадпрымальнікаў – указамі, праверкамі. – Яшчэ ніколі чыноўнікі сваімі дзеяннямі так не дапамагалі прадпрымальнікам яднацца, як цяпер. І ў мяне няма сумневу, што на пачатку верасня нашы людзі зробяць так, як вырашылі, – лічыць бізнесовец са Светлагорска, старшыня каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі Анатоль Змітровіч. Іван Антанюк 18.08.2007 |