Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members expert Светлогорск Светлагорские вести № 16, сентябрь
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Светлагорские вести № 16, сентябрь

У Светлагорску КДБ шукае "Малады фронт"

25 верасня па крымінальнай справе "Маладога фронту" тут быў дапытаны ў якасці сведкі мясцовы жыхар Тэльман Маслюкоў.

Допыт праводзіўся ў міжраённым аддзяленні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Падчас допыту Маслюкоў не пагадзіўся з фармулёўкай "незаконная друкаваная прадукцыя" – такое вызначэнне супрацоўнікі КДБ спрабавалі ўключыць у паказанні ў дачыненні да выданняў, якія знайшлі ў жыхара Светлагорска Арсеня Ягорчанкі.

Крымінальная справа "Маладога фронту" вядзецца Ўпраўленнем КДБ па Гомельскай вобласці пад № 07064320087. У ноч з 16 на 17 верасня міліцыя правяла ў Светлагорску агляд кватэры 17-гадовага Арсеня Ягорчанкі, які сёлета пасля заканчэння мясцовай школы № 10 паступіў у Вільні ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ). Некалькі месяцаў таму А. Ягорчанка дапытваўся ў гэтым жа аддзяленні КДБ як сведка па справе менскай моладзі, якую абвінавацілі ў прыналежнасці да МФ.

– 16 верасня міліцыянты і панятыя сустрэлі мяне ўвечары напачатку 23-й гадзіны, на лесвічнай пляцоўцы, і зайшлі ў кватэру. Бацькоў і дарослых у гэты час там не было. Ператрус цягнуўся прыкладна да паловы першай гадзіны ночы, – паведаміў Арсень. – Міліцыянт, які кіраваў "аперацыяй", ужо сачыў за мной і маімі сябрамі аднойчы ўвесну: мы тады ўскладалі кветкі да помніка Раману Шацілу ў цэнтры горада, а таксама рабілі прыборку на Шацілкаўскіх могілках, каля Крыжа памяці ахвяраў рэпрэсій.

Пры аглядзе кватэры міліцыя выняла друкаваныя выданні: ўлёткі з інфармацыяй аб тым, што ў краіне будуць адмены сацыяльныя гарантыі для шэрагу катэгорый насельніцтва, малафарматныя газеты "Палеская праўда" і "Рэгіянальныя навіны", брашуры "Малы канспіратар". Былі выняты таксама буклеты са зваротам Кангрэсу Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) Беларусі, брашуры з эканамічнай платформай АДС і налепкі "Еўрапейскі марш". Усё гэта праваахоўныя органы падаюць зараз як "незаконную друкаваную прадукцыю", якая нібыта сведчыць аб дзейнасці ў горадзе "Маладога фронту".

– Міліцыянты забралі яшчэ партатыўны камп’ютэр, які я набыў, каб ехаць з ім на вучобу, а таксама сістэмны блок настольнага камп’ютэра і чатыры бел-чырвона-белыя сцяжкі, – распавёў Арсень.

Перад пачаткам допыту супрацоўнікі КДБ паведамілі Тэльману Маслюкову, што пасля агляду кватэры Арсень Ягорчанка з’ехаў у Літву і не з’явіўся даваць паказанні. На пастаўленыя пытанні Т. Маслюкоў, які навучаецца ў магістратуры ЕГУ, адказаў, што з Арсенем знаёмы, аднак ні аб незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт", ні аб тым, ці належыць хлопец да яго, нічога ня ведае.

Допыт правёў дазнавацель Аляксей Шагінаў у прысутнасці начальніка аддзялення Аляксандра Пралеткоўскага. Позву спадар Шагінаў уручыў Т. Маслюкову ў папярэдні дзень. Дазнавацель імкнуўся зрабіць гэта двума днямі раней, але тады Тэльман Маслюкоў не пагадзіўся яе атрымліваць, паколькі гэта было пасля 22 гадзінаў увечары.

Міхаіл Мікіціч

26.09.2007

Першая беларуска ў міжнародным каледжы

Сярод новых студэнтаў Каледжа міжнароднай супольнасці ў г. Мостар (Боснія і Герцагавіна) – Марыяна Мірчук са Светлагорска.

Такія навучальныя ўстановы імкнуцца рыхтаваць выпускнікоў, якія будуць актыўна ўплываць на сусветны палітычны, эканамічны і культурны прагрэс.

Марыяна паступіла ў каледж у выніку адмысловага конкурсу, які праводзіўся ўвесну. У Беларусі камітэт па прыёму студэнтаў узначальвае вядомы адукацыйны дзеяч і кінарэжысёр Уладзімір Колас. У Мостары ўжо навучаецца адзін беларускі студэнт – Аляксандр Быстрык з Навагрудку. Каледж поўнасцю фінансуе навучанне беларускіх студэнтаў.

На курсе з Марыянай будуць вучыцца студэнты з 26 краін – у тым ліку з Албаніі і Сербіі, ЗША і Ірака, Ізраіля і Палесціны.

Праз два гады навучання выпуснікі UWC атрымліваюць прэстыжную ступень "міжнародны бакалаўр", што дае магчымасць працягнуць адукацыю ва універсітэтах 125 краін. Па традыцыі сістэму міжнародных каледжаў ўзначальвае хто-небудзь з дзяржаўных дзеячаў – зараз гэтую пачэсную пасаду займае Нора, каралева Іарданіі. Штогод ва ўсім свеце ў міжнародныя каледжы прымаюць 1200 студэнтаў. Як Марыяна ставіцца да таго, што патрапіла ў гэты элітны клуб?

– Мне пашчасціла, бо ў маім жыцці былі выкладчыкі, якія не проста далі мне веды, а навучылі шмат працаваць і верыць ў сябе. У мяне самая звычайная сям’я. Мы жывем разам з мамай – яна працуе ў аптэцы фармацэўтам. Таксама ў мяне ёсць старэйшая сястра Крысціна, якая закончыла філію ліцэя імя Коласа ў Светлагорску і вучыцца ва універсітэце ў Германіі.

Каледжы міжнароднай супольнасці імкнуцца да таго, каб кожны студэнт быў актыўнай і творчай асобай, добра ведаў гісторыю і культуру сваёй краіны і мог распавесці аб ёй іншым. Марыяна некалькі гадоў удзельнічае ў маладзёвай дзейнасці грамадскага аб’яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ў Светлагорску. На меркаванне дзяўчыны, гэта дапаможа ёй годна прадстаўляць Беларусь сярод моладзі з розных краін.

Міхаіл Мікіціч

18.09.2007

Пад вокнамі міліцыі разбілі скульптуру

У Светлагорску невядомыя асобы знявечылі цэнтральную частку скульптуры "Жамчужына Сусвету", якая знаходзіцца на галоўнай плошчы гораду.

Гэта здарылася прыкладна ў 150 метраў ад раённага аддзела міліцыі і пракуратуры, насупраць будынку раённага выканаўчага камітэту.

Мясцовы скульптар Аляксандр Камардзін летась бясплатна перадаў гораду свой твор, над якім працаваў амаль месяц. Скульптура ўсталявана ў скверы на Цэнтральнай плошчы. Месца, дзе знаходзіцца твор, добра бачнае з вокан РАУС.

Па задумцы скульптара, цэнтральнай часткай яго твору была каменная "Жамчужына" – шарападобны элемент дыяметрам каля 10 см. Нядаўна скульптар вернуўся з паездкі ў Маскву.

– На крылах ляцеў да свайго гораду, – распавёў А. Камардзін на адкрыцці чарговай выставы ў гарадской карціннай галерэі. – Прыходжу на плошчу і  сэрца "абарвалося"...

"Жамчужыну", якая ўманціравана ў адмысловую нішу, разбілі ўшчэнт. На меркаванне аўтара, рабілі тое мэтанакіравана.

– Гэта акт вандалізм, – лічыць скульптар. – Мяне здзіўляе, што раней ніхто не звярнуў увагі на варварства.

Сапраўды, ні міліцыя, ні гарадское жыллёва-камунальнае прадпрыемства "Светач", якое адказвае за добраўпарадкаванне гораду, у тым ліку за стан помнікаў і скульптур, здарэння не заўважылі.

Горад патрулюецца вялікай колькасцю нарадаў міліцыі і спецыяльнай часткі ўнутраных войск. Відавочна, што здарэнне са скульптурай ў значнай меры дэманструе эфектыўнасць іх службы. Калі нават на Цэнтральнай плошчы, побач з раённым аддзелам міліцыі і райвыканкамам дзеецца такое, то што казаць пра астатнія вуліцы? Такім пытаннем задаюцца гараджане.

Аляксандр Камардзін, які летась прыняты ў беларускі Саюз мастакоў, звярнуўся ў міліцыю з патрабаваннем знайсці злоўмыснікаў і кампенсаваць урон, які ён ацаніў у адзін мільённ рублёў

Міхаіл Мікіціч

05.09.2007

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: