Светлогорские вести № 17, октябрь
|
Пакаранне за смерць рабочага – 900 тысяч рублёў
Светлагорская пракуратура праверыла факт гібелі 24-гадовага Аркадзія Пунтуса. Высветлілася: падчас здарэння адказны кіраўнік фактычна не кіраваў рабочымі. За гэта яго аштрафавалі. Шостага верасня ў Светлагорску на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве – вытворчым аб’яднанні "Хімвалакно" – здарыўся трагічны выпадак. Рабочыя рамонтна-механічнага цэху № 2 выконвалі працу на заводзе паліэфірных тэкстыльных нітак. Яны вялі дэмантаж абсталявання ў цэху гарачай выцяжкі і тэкстуравання. Трэба было зняць дзесяць апорных стаякоў, якія трымалі каркас тэкстуравальнай машыны. Замест дэмантажу кожнай стойкі паасобна, як гэта належыць па інструкцыі, рабочыя выкруцілі фундаментныя балты ва ўсіх апорах адразу. Гэтым займаўся А. Пунтус. Рабочыя паклалі на падлогу два стаякі, а пры спробе дэмантаваць трэці ўсе астатнія склаліся пад вагою 184-кілаграмовай канструкцыі. Пацярпелы загінуў на месцы здарэння. Паводле заключэння Светлагорскай міжраённай інспекцыі працы, прычынай трагічнага здарэння з’явілася парушэнне парадку мантажу самім рабочым, а таксама "неналежны кантроль за выкананнем работнікамі патрабаванняў інструкцыі" з боку адказнага кіраўніка па правядзенню работ – намесніка начальніка цэха. Аднак паводле вынікаў праверкі, у час здарэння адказны хадзіў за дэталлю, "указанняў парушаць інструкцыю не даваў, аб парушэнні не ведаў". На гэтай падставе пракуратура адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Па адміністрацыйнай адказнасці накладзены штраф – 30 базавых велічыняў. Кірыл Фралоў 31.10.2007
У цэнтры дыскусіі – Алесь Міхалевіч
У Светлагорску прайшлі рэгіянальныя сходы Партыі БНФ і грамадскага аб’яднаньня "БНФ "Адраджэньне". Сярод прысутных разгарнулася дыскусія аб партыйнай дзейнасці і сітуацыі ў краіне. Наколькі эфектыўная праца Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі? Якія мусяць быць адносіны БНФ з Аляксандрам Мілінкевічам? Ці правільная кадравая палітыка, якую праводзіць кіраўніцтва партыі? Гэтыя і многія іншыя пытанні сталі прадметам зацікаўленага абмеркавання. У цэнтры дыскусіі было пытанне аб будучым старшыні Партыі БНФ. Асаблівая ўвага прысутных была праяўленая да мяркуемага вылучэння Алеся Міхалевіча. Цяпер не час мяняць партыйнага старшыню, бо гэта можа прывесці да размежавання сярод сябраў партыі – такое меркаванне Віктара Раманішкі, старшыні абласной суполкі. Думка Вадзіма Болбаса, партыйнага кіраўніка ў Светлагорску, адлюстроўвае іншы пункт погляду: у дэмакратычнай арганізацыі змена лідэра не дэстабілізуе яе структуры, але спрыяе абнаўленню дзейнасці на больш актуальную і сучасную. Падчас сходу спадар Раманішка паведаміў таксама, што збіраецца завяршыць сваю дзейнасць на выбарных пасадах у абласной партыйнай арганізацыі. Тэльман Маслюкоў 30.10.2007
За выступ на "Дажынках" дзецям нават не падзяквалі
Каля 150 вучняў былі задзейнічаныя сёлета на свяце ў Рэчыцы. Але стараннасць вучняў і педагогаў не знайшла належнай удзячнасці ў арганізатараў. Харавое аддзяленне Светлагорскай школы мастацтваў – адно з лепшых у Гомельскай вобласці, хор не аднойчы выступаў за мяжой. Інтэнсіўная падрыхтоўка праходзіла ў форс-мажорных абставінах: вучні незадоўга перад тым вернуліся з канікул, а педагогам была пастаўлена задача ў сціслыя тэрміны падрыхтаваць дзяцей для выканання адразу шасці твораў. Доўгі час ніхто не ведаў, якія менавіта насамрэч уключаць у канцэрт на "Дажынках". Калектыў з гонарам справіўся з падрыхтоўкай. – Мне здаецца, арганізатары проста непадрыхтаваны да таго, каб прымаць у сябе дзяцей-артыстаў, – лічыць мастацкі кіраўнік Галіна Ур'еўская-Яўсюкова. – З-за неарганізаванасці шматлікія моманты былі проста ўпушчаны і не ўлічаны. І ў час рэпетыцыі, на якую дзіцячы калектыў выязджаў у Рэчыцу, і падчас самога канцэрту юным артыстам і іх педагогам давялося несоладка. Шмат гадзінаў яны чакалі пачатку рэпетыцыі і выступу, а затым – такое ж шматгадзіннае чаканне ад'езду. Пры гэтым – адсутнасць неабходных зручнасцей і элементарнай увагі. – Што казаць аб арганізацыі, калі пасля канцэрту дзецям нават ніхто "дзякуй" не сказаў, хоць менавіта ім трэба больш, чым каму, – адзначыла Г. Ур'еўская-Яўсюкова. – Але ўсё роўна мы вельмі ўдзячны нашым юным артыстам за іх арганізаванасць, цярплівасць і адказнасць. МІхаіл Мікіціч 25.10.2007
У Светлагорску ў жылым доме правалілася столь
Здарылася гэта ў час рамонту кроўлі. Столь не вытрымала, калі адзін з работнікаў праходзіў па тэхнічнаму памяшканню над жылой кватэрай. Двухпавярховыя дамы па вуліцы Леніна былі пабудаваныя ў 1950-я гады. Фасады рэгулярна фарбуюць, імкнучыся надаць ім "еўрапейскі выгляд". За апошнія гады на вуліцы замянілі бардзюры, а тратуары шмат дзе выкладзены пліткай. Аднак за прыгожай "карцінкай" хаваюцца зусім іншыя рэаліі. Тамара Вадап'янава жыве ў сваёй кватэры 53 гады. У пакоях – шматлікія сляды з-за рэгулярных працяканняў. Капітальнага рамонту ў доме ніколі не рабілася. А днямі проста на вачах гаспадыні ў прыхожай на столі ўтварылася дыра, у якую праваліліся ногі аднаго з рабочых. Жыхары занепакоены тым, што столь можа праваліцца і ў іншых памяшканнях. Мясцовыя ўзгадваюць, як некалькі гадоў таму на гэтай жа вуліцы поўнасцю абрынулася столь у аднапавярховай краме "Бытавая хімія". На шчасце, адбылося гэта за некалькі хвілін да заканчэння перапынку, і людзей у гандлёвай залі не было. Аднак увесь тавар і абсталяванне прапалі. Калі штосці падобнае паўторыцца ў жылым доме, наступствы могуць стацца больш сур'ёзныя. У краме пасля таго здарэння правялі капітальны рамонт. У кватэры пенсіянеркі Т. Вадап'янавай ЖЭС абяцае адрамантаваць столь, але толькі пасля рамонту кроўлі. Гэта значыць, праз два месяцы зусім не лепшага надвор'я. Пакуль дыру прыкрылі фанерай і цэлафанам. Міхаіл Мікіціч 18.10.2007
Начальнік з РАУС параўнаў менскія падзеі з "маршам 41-га года"
Святлану Міхальчанку міліцыянты лавілі учацвярох. Абаронцу сацыяльных правоў на светлагорскай вуліцы заштурхнулі ў аўтамабіль. Адбывалася гэта 14 кастрычніка, калі ў Менску праходзіў Еўрапейскі марш. Пры вобыску адабралі візітоўкі, якія засталіся пасля яе сустрэчаў з венесуэльскім прэзідэнтам Уга Чавесам. У раённым аддзеле міліцыі, куды прывезлі Святлану Міхальчанку, высветлілася: яе проста "выклікалі ў якасці сведкі". – У аднаго чалавека, якога я ледзь ведаю, за некалькі дзён да таго нешта скралі – распавядае спадарыня Міхальчанка. – Але я ўпэўнена, што для міліцыі гэта было толькі нагодай. Яны ўжо два дні бегалі за мной. 1340 чалавек у Светлагорскім раёне падпісаліся за захаванне сацыяльных гарантый для пенсіянераў, інвалідаў і моладзі. Арганізавала гэты збор подпісаў у мінулым месяцы Святлана Міхальчанка, яна ж і перадала іх у Нацыянальны сход для Валянціны Кавалёвай, дэпутата ад Светлагорска. У міліцыі пачалася доўгая размова пра Еўрапейскі марш і погляды Міхальчанкі. Вёў размову першы намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў, начальнік мясцовай крымінальнай міліцыі Сяргей Кароткі. – Гэты падпалкоўнік казаў: "Што мы не бачылі ў Еўропе? У 41-м годзе ўжо быў Еўрапейскі марш”, – распавядае Святлана Кандрацьеўна. – Газету "Товарищ", якую я распаўсюджваю, ён назваў "брыдкай". Але я не лічу яе такой, нават калі пабывала ў брыдкіх руках. Па словах Міхальчанкі, міліцэйскі начальнік абвінаваціў яе ў выхаванні "дрэннага пакалення", якое ладзіць акцыі кшталту Еўрапейскага марша. Да выхаду на пенсію жанчына 38 гадоў працавала педагогам і была дырэктарам адной з мясцовых школ, а цяпер – актывістам партыі камуністаў. – Пасля паехалі да мяне дахаты праводзіць вобыск. Усё па той жа справе аб крадзяжы. Было шэсць міліцыянтаў. Забралі сістэмны блок ад камп’ютэра, розныя выданні, нататнікі, фотаальбомы, візітоўкі... У тым ліку з Венесуэлы, куды я ездзіла ўвесну на міжнародны жаночы кангрэс, – кажа С. Міхальчанка. Яна ўзгадвае, што двойчы была на сустрэчах з прэзідэнтам Уга Чавэсам, адкуль і засталіся многія з тых візітовак. У дзень "Еўрапейскага маршу" ў Светлагорскі аддзел міліцыі быў выкліканы "ў якасці сведкі" і Тэльман Маслюкоў, мясцовы лідэр Таварыства беларускай мовы. Кірыл Фралоў 17.10.2007
У БРСМе школьнікаў "кінулі" на грошы
Школьнікі, якія працавалі падчас летніх канікул у Светлагорску, атрымалі грошы значна меньшыя, чым ім паабяцалі. На археалагічных раскопках звычайна працуюць дабраахвотнікі, для якіх гэты занятак – хобі. Грошай яны за сваю працу не просяць. Так было напачатку і ў Светлагорску, дзе з мінулага года вядуцца археалагічныя даследванні ў старадаўняй частцы горада – Шацілках. Аднак сёлета ў другой палове ліпеня дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандр Каваленя выдаў вуснае ўказанне: на раскопках могуць працаваць толькі БРСМаўцы. Здарылася гэта менавіта з-за таго, што ў прэсе публікаваліся абвесткі аб запрашэнні валанцёраў на раскопкі ў Светлагорскім раёне. – У сувязі з гэтым такі шум пайшоў, дырэктар забараніў браць на раскопкі пабочных, толькі так званыя "камсамольцы", БРСМаўцы могуць ездзіць, – распавяла археолаг Людміла Дучыц. Сярод мясцовых дабраахвотнікаў не знайшлося. Таму на раскопкі паклікалі падлеткаў. – На сходзе ў раённым БРСМе нам паабяцалі – кожны заробіць па 10 тысяч рублёў штодня, – гаворыць адзін з хлопцаў. Сярод тых, хто працаваў у жніўні на раскопках, было нямала дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў. Многія планавалі, што купяць напачатку навучальнага году на заробленыя грошы. І вось надыйшоў час атрымліваць заробак. Аднак замест абяцаных 10 тысяч у дзень падлеткі атрымалі толькі па 8. Калі узяць суму за ўвесь перыяд працы, то розніца складваецца істотная. – Працавалі ў спёку да 36 градусаў, – кажа адна дзяўчына. – У першы тыдзень там не было нават дзе набраць пітной вады. Ніхто не паклапаціўся пра гэта, з БРСМу ніхто ні разу не прыходзіў. Пасля хтосці з археолагаў прывёз свае каністры для вады. Магчыма, нашая праца і не каштуе больш, чым па 8 тысяч. Але ж трэба было адразу казаць пра гэта, каб мы рэальна ведалі, што заробім. Кірыл Фралоў 11.10.2007 |