Светлагорские вести № 1, январь
|
Раённая вертыкаль пачала "рэдагаваць" інтэрнэт
Пасля таго, як светлагорскі прадпрымальнік Анатоль Змітровіч адсядзеў за кратамі, яго вырашылі "прыбраць" і віртуальна. Анатоль Змітровіч, старшыня Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі, быў арыштаваны за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, які праводзіўся ў Менску 10 снежня 2007 г. Арышт супаў з днём 21 студзеня, калі ён збіраўся ехаць у Менск на чарговую акцыю пратэсту. 23 студзеня, калі А. Змітровіча выпусцілі з-за кратаў, у Светлагорску выйшаў чарговы нумар мясцовай газеты "Ранак-плюс". Там на другой старонцы апублікаваны артыкул Аляксандра Сівака "Асуджаны за ўдзел у мітынгу". У артыкуле распавядаецца пра тое, як праходзіў працэс над Змітровічам у судзе Светлагорскага раёна. "Усе нашы звароты і тлумачэнні аб тым, што людзі, а найбольшая частка з іх – гэта жанчыны з дзецьмі, проста апынуцца на вуліцы, засталіся не пачутымі", – прыводзіць газета словы з выступу А. Змітровіча на судзе. Ён казаў пра змушанае звальненне індывідуальнымі прадпрымальнікамі сваіх работнікаў. Артыкул быў размешчаны і на інтэрнет-сайце газеты. Там жа і фотаздымак, на якім бачна, як людзі прышлі да суда на саладарнасць са Змітровічам. Але пратрымаўся артыкул на сайце толькі два дні, пасля чаго яго прыбралі. Заснавальнікам "Ранку-плюс" з'яўляецца аднайменнае прыватная структура. Гэта значыць, газета не падведамасная раённаму выканаўчаму камітэту. Тым не меньш, мясцовая ўлада імкнецца жорстка кантраляваць выданне (намеснік старшыні выканкама па ідэалогіі – Сяргей Меркулаў). Зараз артыкул, які зняты з сайта "Ранка", у Інтэрнеце можна прачытаць на старонцы. Канфіскоўваць газету з бібліятэчных фондаў ці зафарбоўваць у ёй артыкул, як гэта рабілася ў часы сталінскіх рэпрэсій, у Светлагорску пакуль не дадумаліся. У 2004 годзе ў выніку дзеянняў кіраўніцтва райвыканкама выданне незалежнай газеты "Рэгіён-весткі" спынілася, а яе рэдактар Мікалай Паседзька быў вымушаны эміграваць з краіны. Арсень Даніловіч 29.01.2008
Пачатак пакладзены: наступным будзе лягчэй
Іна Міцькавец са Светлагорска стала першай студэнткай з Гомельскай вобласці, хто прайшоў поўны курс вышэйшай адукацыі ў ЗША. Пяць гадоў Іна навучалася па праграме бакалаўрата ў вышэйшым каледжы Маўнт Холіоўк, штат Масачусэтс. Там ёй прысвоілі ступень бакалаўра эканомікі. А нядаўна дзяўчына завяршыла і двухгадовае навучанне на магістарскую ступень – ва Універсітэце Масачусэтса, дзе атрымала дыплом магістра палітыкі і кіравання. Прафесійную працу Іна пачала таксама ў Злучаных Штатах. Іна Міцькавец – выпускніца светлагорскай філіі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа (філія ліцэя дзейнічала ў Светлагорску да 2001 году). Тут яна атрымала атэстат з залатым медалём, пасля чаго прайшла навучанне ў Паўночным каледжы міжнароднай супольнасці ў Нарвегіі. Пасля заканчэння вярнулася дадому, пэўны час выкладала англійскую мову ў сваёй жа філіі ліцэя і ўдзельнічала ў развіцці сувязей Светлагорска з брытанскай акругай Мэндзіп. Затым Іна працягнула адукацыю ў ЗША. Цікава адзначыць, што ў Светлагорску дзяўчына закончыла таксама музычную школу і паспела праявіць сябе на музычнай сцэне – песні ў яе выкананні гучалі нават на рэспубліканскім радыё. Міхаіл Мікіціч 28.01.2008
Новая праблема ўлады: не хапае пьяніц
Вертыкаль Гомельскай вобласці заклапочана тым, што ў рэгіёне недастатковая колькасць пьяніц. З-за гэтага не атрымліваецца выканаць задачу, пастаўленую асабіста прэзідэнтам. Гэтыя ўстановы, хоць і называюцца медыцынскімі, але дзейнічаюць у сістэме міліцыі. У 2003 годзе працу выцвярэзнікаў па ўсёй краіне прыпынялі на 10 месяцаў. Затым іх аднавілі, але на самым высокім узроўні паставілі задачу: перавесці выцвярэзнікі на поўную самаакупаемасць. Першым не вытрымаў "у новых эканамічных умовах" выцвярэзнік у Светлагорску. – Светлагорск проста цягне нашу вобласць уніз, – паведаміў журналістам намеснік начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Віталь Прадзько, маючы на ўвазе нерэнтабельнасць тутэйшага прытулку для п'янтосаў. Па яго словах, калі ў цэлым па Гомельшчыне выцвярэзнікі дасягнулі акупаемасці да 55-70 адсоткаў, то ў Светлагорску гэты паказчык не перавышаў 30. Плату за паслугі – 87500 руб – атрымліваецца спагнаць не з кожнага, хто туды патрапіць. У народзе здаўна вядома: міліцыя нярэдка не забірае ў выцвярэзнік нават вельмі п'яных, знешні выгляд якіх гаворыць, што сплаціць яны не змогуць. І наадварот, туды можа трапіць крыху нецвярозы, але прыстойна апрануты чалавек з грашыма. У 2005 годзе Светлагорск узварушыла трагічнае здарэнне: міліцыянт – супрацоўнік выцвярэзніка – забіў мясцовага 29-гадовага жыхара, начальніка змены аднаго з прадпрыемстваў. Гэты чалавек, вяртаючыся ўвечары з сустрэчы з сябрамі, за 100 метраў ад роднага дому быў забраны ў выцвярэзнік, дзе супрацоўнікам "не спадабаліся" яго паводзіны. 17 студзеня светлагорскі выцвярэзнік зачынены зноў – цяпер, верагодна, канчаткова. Моцна пьяных, якія не парушаюць парадак і не маюць патрэбы ў медыцынскай дапамозе, міліцыя будзе дастаўляць дадому. Што будзе з іншымі аналагічнымі ўстановамі? – Практыка паказвае, што яны актуальныя для вялікіх гарадоў. У вобласці застанецца не болей 10 выцвярэзнікаў, – сказаў В. Працько. Міхаіл Мікіціч 24.01.2008
Як судзяць прадпрымальнікаў у рэгіёнах
Шмат народу сабралася перад будынкам светлагорскай Фэміды, калі тут судзілі Анатоля Змітровіча – старшыню Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі. У самім судзе вырашалі, хто ж з суддзяў пачне працэс. Чакалася, што справу будзе разглядаць суддзя па адміністрацыйных справах Ірына Алісейка. Паводле звестак праваабарончых арганізацый, яна з 2001 году вынесла прысуды ў адносінах да 15 грамадзкіх, партыйных і прафсаюзных актывістаў. Затым у канцылярыі суда называлі прозвішчы яшчэ двух суддзяў, якім нібыта перадалі справу. Між тым час ішоў, а паседжанне не пачыналася. Нарэшце абвясцілі: працэс даручана весці намесніцы старшыні суда Наталлі Белайчук. Але яна аб’явіла, што няма свабоднай залі, і перанесла пачатак на 16 гадзінаў. Змітровіча, які быў затрыманы міліцыяй яшчэ ў пятніцу 18 студзеня, павезлі назад у ізалятар. Тым часам у міліцыю выклікалі Ірыну Савацееву – старшыня рады прадпрымальнікаў Дома быту, што ў Маладзёжным мікрараёне горада. Павестку ёй прынеслі міліцыянты напярэдадні каля 23 гадзінаў увечары. Апытваў Савацееву інспектар Юрый Сяргеевіч Гарбачоў. – Ён казаў, што ў міліцыі ёсць дыктафонны запіс са сходу прадпрымальнікаў, праведзенага ў нядзелю на Цэнтральным рынку горада, і што я нібыта заклікала прыйсці падтрымаць Змітровіча. Насамрэч гаворка сярод прадпрымальнікаў вялася пра тое, што на адкрытым судовым працэсе можа прысутнічаць любы чалавек - у тым ліку і калегі Змітровіча па рынку, – распавяла Ірына Савацеева. У другой палове дня, калі суд нарэшце пачаўся, у залі прысутнічала каля 70 грамадзянаў. Адвакат Рыгор Навіцкі запатрабаваў выпусціць Анатоля Змітровіча з-пад варты і перанесці разгляд на пазнейшы тэрмін. На тое, каб прыняць рашэнне, суддзя сышла амаль на гадзіну. Прадпрымальніка абвінавачвалі за ўдзел у мітынгу 10 студзеня ў Менску, і паводле Адміністрацыйнага кодэксу, Змітровічу можна было прысудзіць папярэджанне ці штраф. Аднак да гэтага часу ён ужо адсядзеў пад вартай амаль трое сутак. І суддзя абвяшчае пастанову: пяць сутак – мінімальны па заканадаўству тэрмін арышту. Такім чынам, А. Змітровічу засталося знаходзіцца за кратамі светлагорскага ізалятара часовага ўтрымання яшчэ двое сутак. Мяркуецца, ён выйдзе на волю увечары 23 студзеня. Суддзя Н. Белайчук у юрыдычных колах вядомая тым, што ў 2006 годзе прыгаварыла да двух гадоў папраўчых работ былога суддзю Сяргея Ярашэвіча – за тое, што ён параўнаў некаторых калегаў з суддзямі 1937-га году. У 2007 годзе па даручэнні Гомельскага абласнога суда гэтую справу перагледзіў суд Савецкага раёну Гомеля, ў выніку чаго спадар Ярашэвіч быў поўнасцю апраўданы. Арсень Даніловіч 23.01.2008 |