Светлогорские вести № 2, февраль
|
Злачынца узяў банк голымі рукамі
Для таго, каб абрабаваць яго, невядомаму дастаткова было пагрукаць у дзверы і назваць сябе інкасатарам са Светлагорска. Дарэчы, да міліцыі было ўсяго 250 метраў. Следства працягваецца. У гарадскім пасёлку Сасновы Бор Светлагорскага раёна аддзяленне "Беларусбанка" знаходзіцца ў двухпавярховым будынку разам з поштай і аптэкай. Пастарунак міліцыі – на суседняй вуліцы, прыблізна ў 250 м ад банка. 25 лютага паміж 13-цю і 14-цю гадзінамі ў міліцыю патэлефанавала загадчыца аптэкі. Яна паведаміла, што аддзяленне банка абрабавана. Праз некалькі хвілін міліцыянты ўзялі месца здарэння пад назіранне. На другім паверсе будынка знайшлі дзяўчыну – старшага касіра, якая была ўся ў слязах. Тая распавяла, што прыблізна ў 13 гадзін 10 хвілін, падчас абедзенага перапынку, хтосці пагрукаў у дзверы банка. На пытанне касіра: "Хто там?" – невядомы адказаў: "Інкасацыя". Касір адчыніла ўваход, мужчына ў чорнай шапцы з прорэзамі для вачэй ударыў яе ў твар і паваліў на падлогу. Ён прайшоў за перагародку, забраў з кассы каля 9 млн. руб. у банкаўскіх упакоўках і скрыўся. Грошы прадназначаліся для выплаты ў гэты дзень заробку работнікам жыллёва-камунальнага прадпрыемства "Светач". Міліцыянты пачалі шукаць рабаўніка ў будынку і на вуліцах, у тым ліку пры ўдзеле кінолага з сабакай, але вынікаў гэта не дало. Мясцовыя людзі не бачылі, каб падчас здарэння хтосці выходзіў з банка. На месцы здарэння пабываў дырэктар раённага філіяла акцыянернага ашчаднага банка "Беларусбанк" Міхаіл Калінін. На меркаванне супрацоўнікаў аддзела бяспекі раённага філіяла, старшы касір паводле інструкцыі не павінна была адыходзіць ад кропкі трывожнай сігналізацыі і адчыняць дзверы. Арсень Даніловіч 28.02.2008
Прага прэміі давяла да суда
У Светлагорску кіраўнік і чыноўнік аддзялення інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь дзеля прэміяў прыцягнулі да адказнасці невінаватага чалавека. Выконваючы абавязкі начальніка Светлагорскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Віктар Вараб’еў і дзяржаўны інспектар гэтай інспекцыі Сяргей Стрыфель у 2007 годзе выявілі незаконную парубку 11 сухіх сосен у лесе каля вёскі Яшчыцы, непадалёк ад мяжы паміж Светлагорскім і Жлобінскім раёнамі. Яны выклікалі ў інспекцыю лясніка Прыбярэзінскага лясніцтва Жлобінскай лясной гаспадаркі С. Склюта і даручылі яму знайсці вінаватага. І сказалі: калі не знойдзе – то павінен будзе сам сплаціць штраф. Ляснік знайшоў вінаватага – ім аказаўся адзін з жыхароў Яшчыцаў па прозвішчу Кудраўцаў. Аднак, як распавёў следчы пракуратуры Светлагорскага раёна Арцём Бурым, яшчэ ў лесе работнікі інспекцыі ўступілі ў змову паміж сабой. Яны вырашылі скласці два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях: на парубшчыка і на лесніка. Апошняга запісалі ў пратакол як "часова не працуючага" і прыпісалі яму два зрубленыя дрэвы. Тлумачэння не ўзялі, аб разглядзе пратаколу таксама не паведамілі – проста даслалі яму паведамленне, куды трэба сплаціць штраф. Думаючы, што так і павінна быць, ляснік не спрачаўся. Хоць насамрэч за тое, што дапусціў незаконную парубку, прыцягнуць яго да адказнасці мог толькі лясгас, а не інспекцыя. Пракуратура вызначыла: у супрацоўнікаў інспекцыі была асабістая зацікаўленасць у гэтых дзеяннях. Паводле Палажэння аб матэрыяльным стымуляванні, работнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь атрымліваюць прэмііі з улікам колькасці выяўленых парушальнікаў. Суд вызначыў пакаранне былым светлагорскім супрацоўнікам інспекцыі ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 1,5 гады. Яны таксама пазбаўленыя на два гады права займаць пасады, звязаныя з прыняццем рашэнняў адносна асобаў, якія не падпарадкаваныя ім па службе. Міхаіл Мікіціч 01.02.2008 |