Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members expert Светлогорск Светлогорские вести № 3, март
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Светлогорские вести № 3, март

"Ворагаў" ЖКГ шукаюць з дапамогай самалёта-разведчыка

Жыхарам Светлагорскага раёна паказалі, куды ідуць іхнія камунальныя плацяжы у паветра. Прычым не ў пераносным – у прамым сэнсе слова.

На працягу двух дзён мясцовыя людзі падымалі галовы і са здзіўленнем бачылі ў небе самалёт-выведнік, які кружыў над горадам. Адвыклы ад авіяцыі народ не мог уцяміць мэту палётаў. Самалёт тым часам аблётаў таксама гарадскі пасёлак Парычы і рабочы пасёлак Сасновы Бор.

Аказалася, што такім чынам раённае жыллёва-камунальнае прадпрыемства "Светач" праводзіць выведку незаконных урэзак у цеплавыя сеткі. Авіяцыю замовілі ў Гомельскім інжынерным інстытуце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Адзіны ў краіне самалёт абсталяваны спецыяльнай відэакамерай і камп'ютарнай тэхнікай, якія дазваляюць выявіць цеплавыя "плямы" з дакладнасцю да 30 см.

У горадзе жартуюць, што наступным этапам будзе нанясенне кропкавых авіяўдараў па аб'ектах, якія ажыццявілі незаконныя ўрэзкі. Генеральны дырэктар "Светачы" Анатоль Абаранак сцвярджае: з самалёту можна разгледзіць нават, з якіх балконаў у дамах вылятае больш цёплага паветра. Бачна, значыць, хто нестаранна заклейваў вокны на зіму.

Колькі грошай з камунальных плацяжоў людзей было патрачана на "паветра", кіраўніцтва "Светачы" не паведамляе. Выведку выконваў самалёт Ан-2, сабекошт яго палёту ад 542 тысяч расійскіх  руб. у гадзіну (без кошту аэравідэяздымкаў і іх расшыфроўкі). Ёсьць і негалосныя дадзеныя, што ўсяго тая аперацыя вылілася ў 480 мільёнаў.

Між тым, дастаткова пешшу абыйсці дамы, каб убачыць, колькі цяпла страчваецца з-за незашкляных пад'ездаў. Толькі абыходзіць трэба ў светлы час дня, а то асвятленне ў пад'ездах, як правіла, не дзейнічае. У "Светачы" кажуць, што на лямпачкі і шкло сродкаў няма.

Міхаіл Мікіціч

18.03.2008

Колькасць віч-інфікаваных расце

Эпідэміёлягі краіны папярэджваюць пра набліжэньне небясьпечнага рубікону ў распаўсюджваньні сьмяротнай хваробы.

У сакавіку суд Докшыцкага раёна адправіў у турму 39-гадовую Алену Я. Жанчыну абвінавацілі ў наўмысным заражэньні другога чалавека вірусам СНІД. Мясцовым сьледчым у абароне нораваў удалося даказаць, што пацярпелым з'яўляецца сужыцель інфіцыраванай – 45-гадовы Сяргей.

На судзе абодва плакалі. Сяргей кляўся, што кахае Алену. Яна казала, што разам з Сяргеем абмяркоўвалі меры перасьцярогі перад тым, як заняцца сэксам першы раз. Алена цьвердзіць, што папярэдзіла свайго грамадзянскага мужа пра хваробу на СНІД.

Суседзі сьведчылі на карысьць абодвух. Зь іх слоў вынікала, што гэтая пара ня мела працы, абодва выпівалі. Але шкоды іншым яны не чынілі. Дробныя грошы зараблялі на продажы лясной ягады і грыбоў. У назапашваньні іх маладзіца была руплівая. Умела сушыць лясныя дары на лекі і для гатоўкі.

Суд усё ж вырашыў ізаляваць у турме на тры гады хворую на СНІД. Жанчына атрымала пакараньне паводле раней "мёртвага" артыкулу Крымінальнага кодэксу "Заражэньне вірусам імунадэфіцыту чалавека". І гэта ўсяго другі такі выпадак ў Беларусі за шмат гадоў.

У 2003-м у Сьветлагорску на Гомельшчыне асудзілі мясцовую прастытутку за тое, што яна "стварыла для чалавека небясьпечныя ўмовы" – займалася аральным сэксам з вадзіцелем на дарозе ля ўезду ў Сьветлагорск.

Дарэчы, інфэкцыяніст Сьветлагорскай раённай лякарні Зьміцер Падута паведаміў, што раней тут выяўлялі цягам аднаго году ня больш як 100 выпадкаў ВІЧ. А сёлета колькасьць новых хворых можа павялічыцца да 300 і больш.

– Не дапамагае тактыка запалохваньня, – канстатуе Зьміцер Падута, – з кожным годам сярод ВІЧ-інфікаваных – усё больш маладзейшыя людзі. Зь іх сёлета толькі адзін чалавек заразіўся праз унутрывенны увод наркатычных сурагатаў. А яшчэ 39 – полавым шляхам.

Увосень 2007 году прадстаўнікі асноўных хрысьціянскіх канфэсіяў у Беларусі заявілі, што лекаваньне ВІЧ-інфікаваных фінансуецца пераважна за кошт міжнародных фондаў. Сьвятары падпісалі "Дэклярацыю сацыяльнага партнэрства ў сфэры ВІЧ/СНІД".

У сваім выступе Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ў прыватнасьці прапанаваў:

– У першую чаргу неабходна выкараняць першапрычыну гэтага. Корань зла – у амаральнасці, якая пануе ў сучасным свеце. Таму асноўная задача рэлігійных арганізацый – садзейнічаць прафіляктыцы СНІДу, выкарыстоўваючы сваю душпастырскую ролю.

Хворыя на СНІД — гэта таксама людзі, і яны не могуць быць выкінутыя са сферы нашых пастырскіх і сацыяльных праграмаў. Неабходна асуджаць зло, але трэба любіць чалавека. У адказ на папрок Хрысту, які ішоў да грэшнікаў, Ён казаў, што лекар патрэбны хвораму, а не здароваму (пар. Мц 9, 12). Гэтымі цяжка хворымі якраз і зьяўляюцца тыя, хто заразіўся ВІЧ.

Галіна Баравая

13.03.2008

Крыж ХІV стагоддзя ўсталяваны ў Парычах

А дакладней – у храме Святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны. Шматлюдная служба з гэтай нагоды адбылася 9 сакавіка – на Даравальную нядзелю.

У 1993 годзе пры зборы краязнаўчых звестак для кнігі "Памяць" Светлагорскага раёна была выяўлена група культавых помнікаў у вёсцы Здудзічы (Чыркавіцкі сельсавет): два курганы, валун, два камяні з выявамі крыжа, камень з неразборлівым надпісам і тры каменныя крыжы.

Найбольш старадаўні крыж быў укапаны ў зямлю на ўскрайку могілак, магчыма – на царковішчы. Крыж выраблены з гранітнага валуна. Надземная частка акруглена і выветрана, ён падобны на славутыя Тураўскія крыжы XII ст. Па словах мясцовых жыхароў, мае цудадзейную моц.

У 1997 г. помнікі абследавала кандыдат гістарычных навук Н.Дубіцкая. "Несумненна, знойдзеныя каменныя крыжы выраблены ў гэтым краі, хоць першапачаткова яны маглі стаяць у іншых месцах", – кажа яна.

Згодна навуковым рэкамендацыям, у 2004 годзе найбольш старадаўні крыж дзеля захавання быў перавезены ў Музей гісторыі Светлагорска, але з-за рэканструкцыі музея не экспанаваўся. А сёлета па прапанове іярэя Дзмітрыя Шылянка, настаяцеля парыцкага храма, Здудзіцкі каменны крыж перададзены царкве. Як лічыць спадарыня Дубіцкая — старшы навуковы супрацоўнік аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі —гэты крыж можна аднесці да XIV ст., калі на Ніжняй Бярэзіне завяршылася замацаванне хрысціянства.

Вышыня крыжа — каля 1,5 метра вага — каля 400 кілаграмаў. Цікава, што верхняя частка крыжа мае форму трылісніка, які ў хрысціянстве сімвалізуе Святую Тройцу. На пярэдняй паверхні крыжа маюцца дзве вертыкальныя і дзве гарызантальныя рысы. Яны былі нанесены, верагодна, для разметкі пры апрацоўцы валуна. У надземнай частцы ўнізе адзін бок крыжа больш масіўны. Магчыма, гэта было зроблена для таго, каб надаць крыжу ўстойлівасць, калі першапачаткова ён стаяў на адхіле берага ці ўзвышша. Цяпер крыж усталяваны ў памяшканні храма і адкрыты для паломніцтва як хрысціянская святыня і помнік беларускай гісторыі.

Тэльман Маслюкоў

11.03.2008

Суд указаў райвыканкаму на парушэнні заканадаўства

Суд Светлагорскага раёну пакінуў без змяненняў рашэнне мясцовай улады аб забароне пікетаў, але прыняў асобную пастанову аб парушэнні выканкамам Закону аб масавых мерапрыемствах.   

Шэсць жыхароў Светлагорска звярнуліся ў суд са скаргамі на неправамерныя дзеянні райвыканкама. Грамадзяне мелі намер правесці ў горадзе 31 студзеня пікеты з мэтаю "данесці да жыхароў раёну інфармацыю аб дзеяннях уладаў па забароне партый і грамадскіх арганізацый". Непасрэднай прычынай для гэтага была спроба Міністэрства юстыцыі ліквідаваць Партыю камуністаў Беларускую. У адказ намеснік старшыні выканкама па ідэалогіі Сяргей Мяркулаў напісаў, што ўлада будуе свае адносіны з партыямі і грамадскімі арганізацыямі на падставе заканадаўства, і таму "ў дадзеным выпадку публічнае выказванне пратэсту не мае пад сабой падстаў".

На судовым паседжанні адзін з грамадзянаў, Тэльман Маслюкоў, выказаў меркаванне, што такім чынам райвыканкам неправамерна прысвоіў сабе права вырашаць за людзей, ці маюцца ў іх падставы для выказвання пратэсту.

Пенсіянер Мікалай Лазарэнка распавёў на судзе, што пасля падачы заявы на пікет яго выклікалі ў раённы аддзел  унутраных спраў. Супрацоўнікі міліцыі пагражалі пенсіянеру непрыемнасцямі, патрабавалі падпісаць распіску, што ён не будзе ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах, а таксама аказвалі псіхалагічны ціск на яго сям’ю. М. Лазарэнка, былы начальнік будаўнічага ўпраўлення (пад яго кіраўніцтвам быў ўзведзены гарадскі цэнтр культуры), задаў у судзе пытанне С. Мяркулаву – на якой падставе копія яго заявы на правядзенне пікету была перададзена ў міліцыю? Намеснік старшыні райвыканкаму адказаў, што ніяк не можа гэта патлумачыць.

Толькі на судовым паседжанні С. Мяркулаў прадаставіў поўнае рашэнне выканкама аб забароне пікетаў. З тэксту вынікае, што была яшчэ адна прычына, па якой масавае мерапрыемства не дазволілі: заліўка лядовага катка на Набярэжнай плошчы, дзе меркавалася праводзіць пікет. У графіку, які С. Мяркулаў таксама прынёс на судовае паседжанне, напісана: менавіта ў нядзелю 31 студзеня і планавалася заліваць гэты каток (дарэчы, тое не здарылася з-за цёплага надвор’я). Аднак ні ў адказе грамадзянам у студзені, ні на двух гутарках у судзе, якія праводзіліся ў лютым пры падрыхтоўцы судовага паседжання, райвыканкам гэтыя звесткі не прадастаўляў.

Старшы памочнік пракурора Светлагорскага раёна Аляксандр Красільнікаў, які браў удзел у судовым паседжанні, прапанаваў суддзі Галіне Свідуновіч пакінуць рашэнне выканкама ў моцы – прымаючы пад увагу дакументы, якія С. Мяркулаў прадаставіў непасрэдна на судзе.

Разам з тым па прапанове пракурора суд прыняў пастанову аб парушэнні выканкамам Закону аб масавых мерапрыемствах. Суд адзначыў: меркаванне выканкама аб тым, ці маюцца ў грамадзян прычыны для выказвання пратэсту, не з’яўляецца законнай падставай для забароны масавага мерапрыемства. Парушэнні выяўлены таксама ў тым, як выканкам праінфармаваў грамадзян аб прынятым рашэнні. Старшыня выканкаму павінен на працягу месяца ўхіліць недахопы ў працы і паведаміць аб гэтым суду.

Сярод тых, хто прысутнічаў на судовым паседжанні ў знак салідарнасці з арганізатарамі пікетаў, быў ветэран працы Валерый Касіч, які болей 30 год працаваў на вытворчым аб’яднанні "Хімвалакно" і доўгі час быў намеснікам генеральнага дырэктара гэтага буйнейшага ў горадзе прадпрыемства.

Міхаіл Мікіціч

04.03.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: