Светлогорские вести № 4, апрель
|
У Светлагорску затрыманы генеральны дырэктар
23 красавіка кіраўніка буйнейшага ў горадзе гандлёвага прадпрымства "Гандлёвы цэнтр" Вячаслава Гаравога наведалі чэкісты. Праваахоўныя органы пакуль не паведамляюць афіцыйную інфармацыю. Паводле неафіцыйных звестак, затрыманне адбылося ў службовым кабінеце, пасля чаго дома ў генеральнага дырэктара быў праведзены вобыск. В.Гаравога падазраюць у дачы хабару супрацоўніку інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду за атрыманне дазволу на пашырэнне гандлёвых плошчаў. Памер хабару называецца ў 800 тыс. руб. У затрыманні ўдзельнічалі супрацоўнікі Упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гомельскай вобласці. Адкрытае акцыянернае таварыства "Гандлёвы цэнтр" – буйнейшае прадпрыемства Светлагорска ў сферы гандлю. Яно ўтварае сетку ў маштабах горада. У састаў прадпрыемства ўваходзяць тры магазіны харчовых тавараў, магазін прамысловых тавараў і іншыя аб’екты. Арсень Даніловіч 25.04.2008
З шостага паверху выпала школьніца
Дзевяцікласніца засталася жывой. Пералом бядра, іншыя пашкоджанні – ужо прыйшла ў прытомнасць. Пракуратура Светлагорска правярае гэты факт як спробу самазабойства. 16-гадовая дзяўчына была дастаўлена ў Светлагорскую цэнтральную раённую бальніцу. Яна прыйшла ў прытомнасць, яе стан медыкі ацэньваюць як стабільна цяжкі. У дзяўчыны пералом бядра і іншыя пашкоджанні. Дарэчы, яе маці таксама ўрач. Інфармацыя аб здарэнні паступіла ў раённы аддзел міліцыі. Паводле інфармацыі Вадзіма Сушчынскага, які выконвае абавязкі пракурора Светлагорскага раёна, пракуратура правярае гэты факт як спробу самазабойства. Разам з тым не выключана іншая прычына, напрыклад - неасцярожнасць пры мыцці вакна. Арсень Даніловіч 25.04.2008
Памежнікі атрымалі наводку на пенсіянерку
Як толькі жыхарка Светлагорска Святлана Міхальчанка перасякае мяжу, яе вядуць на асобны дагляд ручной кладзі – шукаюць "антыканстытуцыйныя прадметы". Нядаўна Міхальчанка ездзіла ў Літву, мяжу праязджала праз пункт пропуску "Каменны Лог". Праверыўшы яе пашпарт па камп’ютэрнаму спісу, памежнікі паклікалі мытнікаў. Тыя павялі жанчыну на асобны дагляд ручной кладзі, патлумачыўшы, што маюць "заданне памежных войск" шукаць у яе "антыканстытуцыйныя прадметы". Іншыя пасажыры аўтобуса вымушаны былі чакаць. Інспектар аддзялення мытнага афармлення і кантроля № 2 Аршанскай мытні А.Н.Шумскі перагледзіў невялікі багаж Святланы. Тое ж паўтарылася і на зваротным шляху – на гэты раз "антыканстытуцыйныя прадметы" шукаў старшы інспектар аддзялення № 1 П.С.Урбановіч. Але нічога падазронага ў рэчах не было, і ў акце дагляду так і запісалі: "прадметаў антыканстытуцыйнай накіраванасці не выяўлена". Па словах Святланы Міхальчанкі, ні адміністрацыйных спагнанняў, ні судзімасцяў яна не мае, да выхаду на пенсію працавала дырэктарам школы. "Раней пры паездках за мяжу ніякіх прэтэнзій да мяне з боку памежнікаў і мытнікаў не было," – кажа жанчына. Але увосень мінулага года С.Міхальчанка актыўна выступала за захаванне сацыяльных гарантый для пенсіянераў, інвалідаў і студэнтаў, а нядаўна аспрэчвала ў судзе Светлагорскага раёна забарону мясцовага райвыканкама на правядзенне пікета. Пасля гэтага, кажа яна, і з’явілася ў памежных войск такое заданне. Арсень Даніловіч 23.04.2008
Полацкую легенду паказалі ў Светлагорску
Тут адбылася прэм’ера спектакля "Палачанка" па п’есе Аляксея Дударава ў пастаноўцы народнага тэатра "Спадчына". Легенду пра першага полацкага князя Рагволода і ягоную дачку князёўну Рагнеду ўвасобілі на сцэне рэжысёр Ада Кузьмянкова і самадзейныя артысты - Надзея Блізнец, Яўген Драпеза, Аляксандр Іваноў, Аляксандр Моар, Іван Русіновіч і іншыя. Іх натхнёная гульня, а таксама музыка ў стылі старадаўніх мелодый, якую падрыхтавалі Наталля Палько і гукарэжысёр Аляксандр Бутрамееў, выклікалі захапляльны водгук гледачоў. Сёлета тэатр "Спадчына" пры гарадскім цэнтры культуры праводзіць свой 39-ы тэатральны сезон. "Палачанка" – першы спектакль на гістарычную тэматыку ў рэпертуары. Ідэю паставіць гэтую пьесу прапанаваў рэжысёру некалькі гадоў таму Вадзім Болбас, які быў тады старшынём раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Цяпер ён і сам далучыўся да тэатра і выканаў у спектаклі ролю ваяводы Дабрыні. Летась на фестывалі народных тэатраў Гомельскай вобласці "Спадчына" паказала таксама спектакль па пьесе А. Дударава – "Вечар", і была ўзнагароджана дыпломам І-ай ступені ў намінацыі "За лепшае ўвасабленне твораў нацыянальнай драматургіі". Міхаіл Мікіціч 23.04.2008
У Светлагорску салдаты адпрацоўваюць "дзеянні пры масавых беспарадках"
Днямі прайшлі вайсковыя вучэнні. Іх сцэнар быў такі: нібыта ў горадзе адбываюцца масавыя беспарадкі. Салдаты, узброеныя шчытамі і дубінкамі, у бронекамізэльках і касках, пад кіраўніцтвам афіцэраў "адбівалі напад раз'юшанага натоўпу". Праходзілі вучэнні ў загараднай мясцовасці, задзейнічаны ў іх былі вайскоўцы 5-ай асобнай патрульнай роты Унутраных войск. У сапраўднасці масавых беспарадкаў у Светлагорску раней не было. Чаму менавіта цяпер узнікла пагроза "раз'юшанага натоўпа", мясцовыя ўлады не паведамляюць. Летась камандуючы Унутранымі войскамі хацеў расфарміраваць роту, якая дыслакуецца ў там. Але тутэйшы райвыканкам настойліва прапрасіў Міністэрства ўнутраных спраў не рабіць гэтага. Актыўным праціўнікам расфарміравання выступіў начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Канстанцін Пятроўскі. Гаворачы пра Светлагорск, ён адзначыў тады, што "ў нас ёсць свае, можа быць, некалькі спецыфічныя праблемы, таму прысутнасць роты на нашай тэрыторыі асабліва важна". Патруляванне ваенаслужачыя ажыццяўляюць у міліцэйскай форме і з дубінкамі. Але на узбраенні роты маецца і аўтаматычная стралковая зброя, у тым ліку кулямёты і баявыя машыны. У салдат нядаўна прайшлі вучэнні і па затрыманні ў лесе двух тэрарыстаў. Ці мог бы злавіць двух злачынцаў раённы аддзел міліцыі – пытанне застаецца адкрытым, бо там такіх вучэнняў не праводзілі. Варта адзначыць, што ў краінах, якія паўсталі на шлях стабільнай эканомікі і дэмакратыі – напрыклад, у Чэхіі – унутраных войскаў няма зусім. Арсень Даніловіч 14.04.2008
Ліпы не хочам, нам тую купляй!
28 маладых ліп спілавалі 2 красавіка каля будынкаў райвыканкама і міліцыі ў Светлагорску. Кіраўніцтва мясцовай улады пажадала, каб замест ліп пасадзілі туі. Ліпы раслі ўздоўж Цэнтральнай плошчы горада і ўтваралі цяністую алею. Раней такія дрэвы пры рэканструкцыі вуліц перасаджвалі, цяпер іх проста знішчылі. Заканадаўства прадугледжвае, што замест кожнага спілаванага ў горадзе дрэва трэба пасадзіць 10 новых. Пакуль невядома, дзе і як гэта будзе ажыццяўляцца: чыноўнікі кажуць, што дрэваў у Светлагорску дастаткова ў лясных масівах. Ці сапраўды для таго, каб надаць гораду выгляд, трэба спачатку садзіць алеі, а затым пілаваць іх? Гэтае пытанне неабыякавае для мясцовых людзей, якія ходзяць па разбітых дарогах у мікрараёнах, жывуць у цёмных пад’ездах і часта маюць над галавой дахі, якія працякаюць. За апошнія некалькі гадоў у Светлагорску быў ліквідаваны сквер ля гарадской наберажнай і знішчаны большасць дрэў на цэнтральнай вуліцы. Насуперак пратэстам жыхароў, пад будаўніцтва крытага рынку вырублены лясны масіў ля мікрараёна № 2. Кіраўніцтва райвыканкама настойвае таксама на тым, каб у новым генеральным плане Светлагорска была дазволена вырубка ляснога масіва ля раённай паліклінікі, насупраць мікрараёна № 3. Арсень Даніловіч 04.04.2008 |