Узяліся за яйкі – 120 чалавек звольніліся
У Светлагорскім раёне спынілася птушкафабрыка. Работнікам прапанавалі шукаць працу ў іншых месцах. Але гэта мала рэальна.
Фабрыка знаходзіцца ў прыгараднай вёсцы Якімаўская Слабада. У 2005-м прадпрыемства прадалі закрытаму акцыянернаму таварыству "Прамбудгандаль" з Гомеля. За два гады ў рэканструкцыю светлагорска аб’екта яно нібыта ўклала 5,2 млрд. руб.
У Светлагорскім райвыканкаме ў сваю чаргу сцвярджаюць, што "Прамбудгандаль" не выплаціў яшчэ ўсю суму за выкупленае прадпрыемства, пры гэтым з пачатку бягучага году фабрыка фактычна не працуе. У выніку ўся сельская гаспадарка раёна сёлета не дасягнула станоўчых фінансавых паказчыкаў. Разам з тым у райвыканкаме лічаць, што продаж фабрыкі быў праведзены кампетэнтна, з ўсебаковым улікам інтарэсаў калектыва і магчымасцей новага ўладальніка. Намеснік старшыні выканкама па эканоміцы Аляксандр Магазіншчыкаў кажа: прычына праблемы – у фінансавых цяжкасцях “Прамбудгандля”. Таму фабрыку зноў хочуць вярнуць у камунальную ўласнасць – верагодна, у судовым парадку. Аднак гэты працэс, які планавалі пачаць у траўні пры ўдзеле Міністэрства сельскай гаспадаркі, патрабуе немалага часу.
Сітуацыя на фабрыцы абмяркоўвалася на адным з паседжанняў райвыканкама. Яго старшыня Сяргей Максіменка паабяцаў, што каб не ўзнікла сацыяльнага напружання, выканкам дасць магчымасць працаўладкавацца ўсім звольненым работнікам.
Міхаіл Мікіціч
30.05.2008