Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members expert Светлогорск Светлогорские вести № 8, август
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Светлогорские вести № 8, август

Выбарчыя камісіі пабудаваныя па "сілавому" прынцыпу

Участковыя выбарчыя камісіі Светлагорска створаны ў асноўным з работнікаў адной арганізацыі, а ўзначальваюцца іх дырэктарамі. Што тыя скажуць, тое падначаленыя і падпішуць.

– У кожную камісію аднаго чалавека ўключае райвыканкам. Гэта дырэктар школы альбо хто-небудзь з кіраўніцтва. Ён і становіцца галоўным. Выбараў старшыні на паседжанні камісіі не было. Дырэктар адразу паводзіць сябе як начальнік, а ў пратаколе пішуць, што яго выбралі, – распавядае адзін з настаўнікаў, які прасіў не называць імя.

На Пралетарскім выбарчым участку ў камісіі – толькі работнікі цеплаэлектрацэнтралі; на Маладзёжным ўчастку – вытворчага аб’яднання "Хімвалакно"; на Чырвонаармейскім участку – Цэлюлозна-кардоннага камбіната. Калі верыць апублікаванаму спісу, работнікі вылучаліся на сходах структурных падраздзяленняў: напрыклад, на цеплаэлектрацэнтралі – ад бухгалтэрыі, электрычнага цэху, хімічнага цэху і г. д.

Апазіцыя лічыць, што гэта робіцца для фальсіфікацыі выбараў – наўрад ці члены камісіі запярэчаць свайму дырэктару. Дырэктар, ў сваю чаргу, падпарадкаваны ўладзе. Дэпутатам "ад улады" ў Палату прадстаўнікоў вылучаецца Валянціна Кавалёва – цяперашняя дэпутатка, а раней – намесніца старшыні райвыканкама.

– Мы прааналізавалі састаў камісій і на іншых участках, – кажа Віктар Раманішка, сябра Гомельскай абласной рады Партыі БНФ. – Там, дзе няма структурных падраздзяленняў, напрыклад, у школах – работнікаў прымушалі вылучацца ў камісіі шляхам збору подпісаў. У выніку ў большасці камісій ў асноўным работнікі адной арганізацыі. З 28 вылучаных прадстаўнікоў дэмакратычных сіл райвыканкам нікога ў камісіі не ўключыў. Значыць, улада загадзя нешта хавае.

Міхаіл Мікіціч

23.08.2008

Выбары: мінімум інфармацыі, ды і тая па-руску

У раённай газеце "Светлагорскія навіны" за першы месяц кампаніі было ўсяго дзьве публікацыі: спіс выбарчых участкаў і артыкул "Ідзе вылучэнне кандыдатаў".

В.Болбас, сябра Партыі БНФ, расказвае:

– Прычым спіс участкаў надрукаваны ў выпуску за аўторак, які распаўсюджваецца толькі па падпісцы. У продажу яго не было.

Такім чынам, для выбаршчыкаў, якія не з’яўляюцца падпісчыкамі, доступ да гэтай інфармацыі вельмі абмежаваны. Астатнія газеты, што выдаюцца тут – "Ранак-плюс" і "Светлагорскі бізнес" – выбарчую кампанію зусім не асвятлялі.

– Абласная "Гомельская праўда" за той жа перыяд зрабіла 10 публікацыяў па гэтай тэматыцы. З іх дзве – афіцыйныя дакументы, і восем – матэрыялы тлумачальнага характару: інтэрв’ю, артыкулы, нататкі, а яшчэ – крытыка ў адрас магчымых апазіцыйных кандыдатаў, – каментуе В. Болбас.

Уся афіцыйная інфармацыя аб выбарах, а таксама шыльды Светлагорскай акруговай выбарчай камісіі зроблены не на беларускай мове. Хоць, напрыклад, у Светлагорскім раёне 82 адсотка жыхароў падчас дзяржаўнага перапісу назвалі роднай мовай беларускую.

Арсень Даніловіч

22.08.2008

Светлагорская вертыкаль лічыць сумленне на выбарах лішнім

Ва ўчастковых выбарчых камісіях рэгіёна няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі. На пытанне, як у такім разе праводзіць сумленныя выбары, адказваюць: "Гэта вашы справы".

Святлана Міхальчанка, якая ўваходзіць ва ініцыятыўную групу па вылучэнню дэмакратычнага кандыдата Сяргея Дайнекі, размаўляла аб выніках утварэння ўчастковых камісій з Уладзімірам Кукарам – намеснікам старшыні акруговай выбарчай камісіі, начальнікам арганізацыйна-кадравага аддзелу райвыканкама:

 – Спытала ў яго: каго з нашых прадстаўнікоў уключылі  ва ўчастковыя камісіі? Ён гаворыць – нікога. На мае словы аб тым, што ў такіх умовах немагчыма праводзіць чэсныя выбары, ён адказаў: гэта вашыя справы, – кажа С. Міхальчанка.

Па словах С. Міхальчанкі, дэмакратычныя сілы Светлагоршчыны вылучылі ва ўчастковыя камісіі 28 прадстаўнікоў: 12 – ад грамадзян шляхам збору подпісаў (6 сябраў Партыі БНФ і 6 беспартыйных), яшчэ 16 – ад Партыі камуністаў Беларускай (з іх 6 – і шляхам збору подпісаў). Большасць маюць вышэйшую адукацыю – у тым ліку настаўнікі, намеснік дырэктара школы, начальнік аддзела завода.

Канкурэнтам С.Дайнекі на выбарах з’яўляецца Валянціна Кавалёва, цяперашні дэпутат Нацыянальнага сходу, якая да таго была намеснікам старшыні Светлагорскага райвыканкама.

Міхаіл Мікіціч

20.08.2008

Дэмакраты Светлагорска дабіліся свайго

Намеснік старшыні Светлагорскай акруговай выбарчай камісіі Уладзімір Кукар нарэшце прыняў заяву аб накіраванні ў камісію ў якасці назіральніка Вадзіма Болбаса, прадстаўніка Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі.

В. Болбас, сябра Партыі БНФ, накіраваны назіральнікам у акруговую камісію  Светлагорскай выбарчай акругі ад групы жыхароў Светлагорска ў колькасці 33 чалавек. Але 7 жніўня намеснік старшыні камісіі, загадчык арганізацыйна-кадравага аддзелу Светлагорскага райвыканкама Ул. Кукар не прыняў у яго заяву грамадзян з той прычыны, што там была выпраўлена адна лічба.

В. Болбас, каментуючы дзеянні чыноўніка, адзначыў, што, на яго погляд, сапраўднай прычынай адмовы была не выпраўленая лічба, а тое, што для кіраўніцтва камісіі непажаданая прысутнасць незалежнага назіральніка. 11 жніўня ён прадставіў у камісію новую заяву, таксама ад групы з 33-х грамадзян. Цяпер усе літары і лічбы ў заяве былі без выпраўленняў, і В. Болбас пачаў назіранне.

Міхаіл Мікіціч

17.08.2008

У Светлагорску прадпрымальнікі падпісваюцца за камуніста

Закончваецца тэрмін збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Нацыянальнага сходу. Каб стаць кандыдатам, неабходна сабраць не меней 1000 галасоў.

Як ідзе гэты працэс у Жлобінскай і Светлагорскай выбарчых акругах на Гомельшчыне?

У Жлобінскай акрузе № 40 ўжо прыкладна 1000 выбаршчыкаў падпісаліся за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Валерыя Рыбчанкі, сябра Партыі камуністаў Беларускай. Збіраюць таксама подпісы за вылучэнне Уладзіміра Патана, начальніка рамонтнага цэху Беларускага металургічнага заводу – тут яго лічаць вылучэнцам "ад улады".

– Чулі, што зарэгістравана нібыта яшчэ група за вылучэнне кагосці з работнікаў фабрыкі штучнага футра, але мы яе ні разу не бачылі, – гаворыць В.Рыбчанка. – Паведамленняў пра гэта нідзе не было. Што тычыцца цяперашняга дэпутата ад Жлобінскай акругі – Ніны Кабернік, намесніка дырэктара Беларускага металургічнага заводу, то збор подпісаў за яе не вядзецца. Відаць, яна выходзіць на пенсію.

Каля 1000 подпісаў сабралі ўжо і ў Светлагорскай акрузе № 46 за Сяргея Дайнеку, які таксама прадстаўляе Партыю камуністаў.

– Акрамя пакватэрнага абыходу жыхароў, мы збіралі подпісы і на рынку. Выбаршчыкі падпісваюцца ахвотна. А на рынку найбольш актыўна падпісваліся прадпрымальнікі, – паведамляе Святлана Міхальчанка, сябра групы па збору подпісаў за вылучэнне С. Дайнекі.

Афіцыйным вылучэнцам, за якого таксама збіраюць подпісы, у Светлагорскай акрузе з’яўляецца Валянціна Кавалёва – у адрозненне ад жлобінскага дэпутата, яна зноў вылучаецца ў Палату прадстаўнікоў. Збор подпісаў вядзецца да 18 жніўня.

Арсень Даніловіч

15.08.2008

Чапляюцца за ўсё, каб адбіцца ад "не сваіх"

Уладзімір Кукар, намеснік старшыні Светлагорскай акруговай выбарчай камісіі, не прыняў заяву ад 33 грамадзян аб накіраванні туды назіральніка ад іх.

Мясцовы жыхар Вадзім Болбас, якога грамадзяне накіравалі назіральнікам у камісію, з’явіўся да Ул. Кукара на мінулым тыдні. Але той адмовіў.

– Калі пісалі заяву, то ў нумары акруговай камісіі замест "46" памылкова напісалі "48", – распавядае В. Болбас. – Раней гэтая камісія мела нумар 48. Затым памылку заўважылі і выправілі яе. З-за гэтага выпраўлення спадар Кукар і не прыняў заяву. Ён патлумачыў гэта так: калі грамадзяне падпісвалі заяву, то нібыта маглі лічыць, што накіроўваюць назіральніка ў акруговую камісію № 48.

Такое тлумачэнне выглядае дзіўным, бо ў Светлагорску і Светлагорскім раёне толькі адна акруговая камісія. Таму В. Болбас, які з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, лічыць, што прычына ў іншым:

– На мой погляд, сапраўднай прычынай было тое, што для кіраўніцтва камісіі непажаданая прысутнасць дэмакратычнага назіральніка, – гаворыць ён.

Уладзімір Кукар з'яўляецца начальнікам арганізацыйна-кадравага аддзелу выканаўчага камітэту Светлагорскага раёна.

Арсень Даніловіч

14.08.2008

Светлагорск: у выбарчую камісію настаўнікаў уключалі прымусова

Завяршылася фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій. Паводле заканадаўства, вылучэнне прадстаўнікоў у гэтыя камісіі можа рабіцца на сходах працоўных калектываў. А як насамрэч?

– Дырэктар гімназіі Пётр Кулакоўскі выклікаў да сябе настаўнікаў па аднаму і казаў: "Я запісваю цябе ва ўчастковую камісію". Большасць настаўнікаў – жанчыны, і многія ўвогуле ніколі не хочуць у гэтых камісіях ўдзельнічаць. Хто спрабаваў адмаўляцца – дырэктар нагадваў аб працоўным кантракце: маўляў, пры прадленні яго гэта будзе ўлічвацца, – распавяла адна з настаўніц (прозвішча прасіла не называць). На яе меркаванне, такая ж сітуацыя і ў іншых школах.

Абыякавасць членаў камісій да сваёй працы спрыяе фальсіфікацыям падчас выбараў – сцвярджаюць прадстаўнікі апазіцыі. Ці сапраўды ў камісіях няма каму працаваць, што настаўнікаў даводзіцца літаральна заганяць туды?

– Акрамя працоўных калектываў, прадстаўнікоў у склад камісій можна вылучаць шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, а таксама ад палітычных партый. Дэмакратычныя сілы на кожных выбарах вылучаюць прадстаўнікоў – і ад партый, і ад выбаршчыкаў. Але ўлады нікога з іх не ўключаюць, хоць гэтыя людзі гатовыя ўдзельнічаць, – паведаміла Святлана Міхальчанка, актывіст Партыі камуністаў Беларускай у Светлагорску.

Арсень Даніловіч

12.08.2008

Светлагорскі райвыканкам цікавіцца кантрактам актывіста

У Светлагорскі райвыканкам быў выкліканы кіраўнік, які з’яўляецца начальнікам па месцы працы Сяргея Дайнекі – актывіста Партыі камуністаў Беларускай.

Прычынай выкліку з’явілася магчымае вылучэнне С. Дайнекі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Намеснік старшыні выканаўчага камітэта Светлагорскага раёна Сяргей Меркулаў, які курыруе пытанні дзяржаўнай ідэалогіі, высвятляў падрабязнасці працы С. Дайнекі, а таксама запытаўся, да якога часу з інжынерам заключаны працоўны кантракт. Аб гэтым  факце паведаміў прадстаўнік Партыі камуністаў Беларускай.

30-гадовы С. Дайнека – інжынер дыягностыкі прадпрыемства "Аўтасэрвіс" г. Светлагорска. У спісе Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі ён названы як магчымы кандыдат у дэпутаты па Светлагорскай выбарчай акрузе. У 2007 г. С. Дайнека выступаў за захаванне сацыяльных гарантый для малаабароненых катэгорый насельніцтва – моладзі, пенсіянераў і іншых. З-за гэтага міліцыя рабіла ператрус у яго кватэры.

Нагадаем, што 10 ліпеня на нарадзе па пытаннях правядзення выбараў А. Р. Лукашэнка адзначыў: "Любы апазіцыянер павінен адказаць народу на адно пытанне: дзе ён працуе. Нашыя... так званыя апазіцыянеры, якія імкнуцца ва ўладу, нідзе не працуюць, а жывуць лепш за ўсіх у рэспубліцы. Але калі ты працуеш, калі можаш працаваць, я ўпэўнены – народ цябе падтрымае".

Арсень Даніловіч

07.08.2008

Тэлеканал "Лад" рэкламуе адданых уладзе "палатачнікаў"

Перадача пра дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валянціну Кавалёву выйшла ў перыяд, калі ў Светлагорскім раёне збіраюць подпісы выбаршчыкаў за яе паўторнае вылучэнне.

Ці есць магчымасць паказаць па тэлебачанні і Сяргея Дайнеку, які з’яўляецца канкурэнтам В.Кавалёвай?

У перадачы на працягу 12 хвілін распавядалася, як добра працуе спн.Кавалёва, як яе хваліць насельніцтва і гэтак далей. "Лад" з’яўляецца адным з каналаў дзяржаўнага Беларускага тэлебачання. Перадача "Дэпутацкі корпус" была выпушчана 31 ліпеня ў 16 гадзін 30 хвілін і паўторана 1 жніўня ў 7 гадзін 20 хвілін.

Між тым у Светлагорскай выбарчай акрузе вядзеца таксама збор подпісаў за вылучэнне яшчэ аднаго кандыдата ў дэпутаты – Сяргея Дайнекі. Гаворыць Святлана Міхальчанка, член ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнню С. Дайнекі:

"Лічу, што пра С. Дайнеку тэлебачанне нічога не стане паказваць. Таму што ён не той чалавек – не ад уладаў. А ўвогуле, цікава было б паспрабаваць звярнуцца на гэты тэлеканал з такой прапановай. Мы ў сваёй ініцыятыўнай групе пра гэта падумаем".

В. Кавалёва з 2004 году  з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Светлагорскай выбарчай акругі, а да гэтага была намеснікам старшыні выканаўчага камітэта Светлагорскага раёна. Пры кантактах з яе зборшчыкамі подпісаў прыхільнікі С.Дайнекі даведаліся, што падабраць людзей для збору подпісаў за В.Кавалёву райвыканкам даручыў выканаўчым камітэтам пасялковых і сельскіх Саветаў, да гэтага працэсу прыцягнуты таксама мясцовыя настаўнікі.

Міхаіл Мікіціч

06.08.2008

У Шацілках выявілі антычныя знаходкі

4 жніўня пачаліся сёлетнія археалагічныя раскопкі ў Шацілках – старадаўняй частцы Светлагорска Знаходкі, якія выяўлены тут, па сваім паходжанні дасягаюць эпохі антычнасці.

Па пісьмовых звестках Шацілкі вядомы з 1560 г. як вёска, а ў 1961 г. атрымалі статус горада з цяперашнім найменнем. Пры мінулагодніх раскопках спачатку высветлілася, што паселішча існавала яшчэ ў перыяд Тураўскага княства. Затым быў адкрыты культурны слой ранняга сярэднявякоўя. А нядаўна знайшлі два бронзавыя ўпрыгожанні, якія маюць гунна-аварскае паходжанне і адносяцца да часоў антычнасці.

– Сёлета на раскопках працуе група навучэнцаў мясцовага індустрыяльнага каледжа, якія закончылі першы курс па будаўнічай спецыяльнасці. Кіруе групай майстар вытворчага навучання Генадзь Рызнавокі – упершыню ён браў удзел у археалагічных раскопках, яшчэ калі сам быў школьнікам. Трэці год майстар праводзіць навучэнцкую практыку на раскопках, якія вядуцца ў Светлагорскім раёне, – паведаміў навуковы кіраўнік, доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін.

Археалагічныя даследванні ў Шацілках вядуцца з 2006 г. па ініцыятыве тутэйшай грамадскасці. Працу пад кіраўніцтвам навукоўцаў пачыналі дабраахвотнікі. З мінулага году рэгулярныя раскопкі Шацілак вырашыў праводзіць Сяргей Рассадзін – прафесар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, які ў Светлагорскім раёне кіруе таксама раскопкамі былога горада Казімір. Даследванні фінансуюцца Нацыянальнай Акадэміяй навук Беларусі і з мясцовага бюджэту.

Тэльман Маслюкоў

06.08.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: