Светлогорские вести № 2, февраль
|
Кіраўнікам Светлагорска прапануюць далучыцца да роднай мовы
У мясцовы райвыканкам накіраваны зварот актывістаў аб удзеле вертыкальнікаў і дэпутатаў у другой нацыянальнай дыктоўцы па беларускай мове. Яна запланавана на 21 лютага. "Нацыянальная дыктоўка праводзіцца дзеля развіцця павагі да беларускай мовы, падвышэння яе становішча ў грамадстве. Дыктоўка не накіравана на праверку ведаў, напісаныя тэксты не здаюцца і могуць быць захаваны ўдзельнікамі ў памяць аб акцыі", – гаворыцца ў звароце. Па даручэнні тутэйшых сябраў Таварыства беларускай мовы ліст падпісалі Тэльман Маслюкоў і Вадзім Болбас. Актывісты грамадскага аб’яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) прапануюць райвыканкаму выдзеліць чытальную залу ў бібліятэцы Светлагорска ці іншае аналагічнае памяшканне, дзе маглі б сабрацца ахвотныя ўзяць удзел у дыктоўцы. Аб гэтым паведаміў Вадзім Болбас, адзін з мясцовых сябраў ТБМ. З ініцыятывай аб правядзенні ІІ-ой нацыянальнай дыктоўкі выступіў Алег Трусаў, старшыня ТБМ. Першае падобнае мерапрыемства адбылося летась, яго ініцыятарам быў кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол. Сябра Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта А. Трусаў мяркуе, што сёлета акцыю мэтазгодна распачаць 21 лютага – ў Міжнародны дзень роднай мовы. Прадоўжыцца яна каля месяца ў розных гарадах і мясцовасцях краіны, а таксама за мяжой. Арсень Даніловіч, Regionby.org 12.02.2009
Жыхары Светлагорска вырваліся з працоўнага рабства
Шэсць тамтэйшых днямі звярнуліся ў міліцыю з заявамі аб працоўнай эксплуатацыі. А ўсяго летась трапілі ў працоўнае рабства 74 гамельчукі. Яшчэ 29 – у сэксуальнае. У мінулым годзе яны працавалі ў Расіі, аднак нічога не атрымалі. Адсутнасць працы альбо нізкія заробкі ў сваёй мясцовасці падштурхнулі людзей пагадзіцца на прапановы зарабіць нібыта вялікія грошы ў суседняй краіне. Для Гомельскай вобласці, якая мяжуе з Расіяй, праблема працоўнага рабства застаецца асабліва актуальнай. Начальнік аддзела па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі светлагорскай міліцыі Ігар Камейка лічыць, што многія грамадзяне ў такіх выпадках зусім не звяртаюцца ў праваахоўныя органы, бо не ведаюць сваіх правоў. Апроч таго, людзі часта спадзяюцца: ім усё ж заплоцяць за працу, і працяглы час не падаюць заяву ў міліцыю. І. Камейка адзначае: нярэдка аб тым, што чалавек патрапіў у Расіі ў працоўную эксплуатацыю, становіцца вядома толькі ў выніку вышуку па заяве сваякоў. Па афіцыйных дадзеных, за мінулы год міліцыяй Гомельскай вобласці былі раскрыты дзевяць каналаў гандлю людзьмі. Ахвярамі яго на Гомельшчыне летась сталі 103 чалавекі. З іх 74 вывозіліся з Беларусі для працоўнай эксплуацацыі і 29 – для сексуальнай. Арсень Даніловіч 09.02.2009
Вярхоўны Суд падцвердзіў пакаранне для агітатараў дэмкандыдата
Летась у верасні трох жыхароў Светлагорска, давераных асоб кандыдата ў дэпутаты, міліцыя затрымала за дзень да выбараў у Палату прадстаўнікоў і аштрафавала. Усе трое лічаць, што затрыманне было зроблена для таго, каб перашкодзіць весці агітацыю: другім кандыдатам у гэтай акрузе была Валянціна Каваленка – дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, а да таго – намесніца старшыні мясцовага райвыканкама. А Віктар Ахрамчук, Святлана Міхальчанка і Дзмітрый Шавяленка вялі агітацыю за кандыдата ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл Сяргея Дайнеку. Падчас гэтай справы іх і затрымалі супрацоўнікі Светлагорскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Суддзя Ірына Алісейка Ірына Аляксандраўна прысудзіла затрыманым штрафы па 1 400 000 рублёў кожнаму. Прычынай стала тое, што ў аўтамабілі, на якім ездзілі давераныя асобы кандыдата, міліцыянты знайшлі 56 асобнікаў газеты "Таварыш", 15 – газеты "Глыток паветра" і 77 – інфармацыйнага бюлетэня "Выбары-08". Паводле матэрыялаў судовай справы, дзяжурны Светлагорскага РАУС указаў у рапарце: "жанчына, якая не назвалася", паведаміла, што "мужчына раздаваў друкаваную прадукцыю" (якую менавіта – не гаворыцца). Інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ светлагорскага РАУС Д.Мітраховіч напісаў, што пры аглядзе аўтамабіля была "ўстаноўлена перавозка газет і улётак палітычнага характару". Вадзіцель аўтамабіля, які быў сведкам, паказаў: "жанчына і мужчыны разносілі нейкія газеты, назваў якіх я не бачыў". Гэта дало падставу суддзе І.Алісейцы вырашыць, што В.Ахрамчук, С.Міхальчанка і Д.Шэвяленка распаўсюджвалі апазыцыйную прэсу. Далей І.Алісейка пагадзілася з пратаколамі аб тым, што "Глыток паветра" утрымліваў звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А "Выбары-08" суддзя прызнала перыядычным выданнем – на падставе таго, што на ім былі ўказаны даты выхаду і электронны адрас. Таму, паводле І.Алісейкі, гэты бюлетэнь павінен мець выдавецкія дадзеныя, а паколькі не меў – значыць, парушаў Закон "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі". Самі грамадзяне вінаватымі сябе не прызналі. На судзе С. Міхальчанка патлумачыла, што распаўсюджвала газету "Таварыш", а тое, што рабіць з астатнімі выданнямі, яшчэ не вырашыла. Па словах В.Ахрамчука і Д.Шэвяленкі, яны займаліся агітацыяй і расклейваннем плакатаў. Акрамя таго, усе трое лічаць, што бюлетэнь "Выбары-08" быў не перыядычным, а разавым выданнем, і таму не мог парушаць закон аб друку і СМІ. Грамадзяне звярнуліся са скаргамі на пастанову І.Алісейкі ў суд Гомельскай вобласці. Суддзя Н.Емельяновіч у сваёй пастанове фактычна паўтарыў тое, што было напісана І.Алісейкай і пакінуў скаргу без задавальнення. Цяпер тое ж самае паццвердзіў і намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Валерый Калінковіч, які лічыць, што ў адносінах да затрыманых "вінаватасць у здзяйсненні адміністрацыйных правапарушэнняў" была даказана. Арсень Даніловіч 06.02.2009 |