№ 6, декабрь
|
Аляксандр Ярашук: "Міліцыянты груба парушылі закон"
Затрыманых учора Аляксандра Макаева, Алега Корбана, Міколу Сергіенку і Надзею Сінькевіч адпусьцілі ўначы з Ленінскага РУУС. Учора ўвечары ў офіс Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў уварваліся міліцыянты ўпраўленьня ўнутраных спраў Ленінскага раёну і пачалі ператрус. Пры гэтым былі затрыманыя ўсе прысутныя ў офісе. Міліцыянты на чале з намеснікам начальніка РУУС Сяргеем Каяловічам канфіскавалі каля пяці тысячаў знойдзеных улётак аб мітынгу 10 сьнежня, а таксама забралі "на экспертызу" рызограф. Міліцыянты сфабрыкавалі пратаколы за дробнае хуліганства на першых трох, якія быццам бы нецэнзурна лаяліся падчас ператрусу. Позвы ў суд ім уручылі на 12 сьнежня. Аляксандр Ярашук атэстуе учорашнія дзеянні міліцыі грубым парушэннем Закону: – Мы лічым такія паводзіны праваахоўнікаў, калі яны ноччу ўрываюцца ў наш офіс, канфіскуюць аргтэхніку, затрымліваюць людзей, недапушчальнымі. Гэта чыстай вады правакацыя. З нашага боку будуць зроблены ўсе юрыдычныя захады, каб вярнуць канфіскаванае абсталяванне і пакараць вінаватых. Спадар Аляксандр заяўляе: арганізацыя не мае ніякага дачынення да знойдзеных ўлётак, хаця і падтрымлівае ўсялякія дзеянні, накіраваныя на абарону правоў грамадзян, у тым ліку прадпрымальнікаў: – Апошні час мы пачалі заяўляць пра сабе, рабіць рэальныя справы. Да нас далучаецца моладзь, якую арыентуем на працу з людзьмі, рабочымі прадпрыемстваў, служачымі устаноў. Камусьці гэта прыйшлося не даспадобы. Калі да нас звярнуліся з прапановай надрукаваць такія ўлёткі, мы адмовіліся. У той жа час падтрымліваем акцыі прадпрымальнікаў, накіраваныя на абарону іх правоў, але імкнемся дзейнічаць у межах закону, – дадае старшыня БКДП. Артур Лагодны 07.12.2007
Што міліцыя шукае у офісе БКДП?
А дзевятай гадзіне вечара 6 снежня ў офіс Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў ўварваліся міліцыянты Ленінскага РАУС. Усім прысутным яны загадалі заставацца на сваіх месцах. У памяшканні сярод іншых заблакаваны прафсаюзныя актывісты Алег Корбан, Мікола Сергіенка, прадпрымальнік Аляксандр Макаеў. Кіраўнік міліцэйскай аперацыі, намеснік начальніка Ленінскага РАУС Сяргей Каяловіч адмовіўся ад усялякіх каментарыяў, а толькі сказаў, што затрыманых павязуць у раённае УУС для высвятлення асобы. Як паведаміў па тэлефоне Аляксандр Макаеў, зараз міліцыянты праводзяць вобыск і чакаюць прыезду экспертаў. Хутчэй за ўсё налёт міліцыі на офіс Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў звязаны з маючым адбыцца 10 снежня мітынгам прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы. Мяркуюць, што міліцыя шукае ўлёткі ды іншыя матэрыялы да гэтай акцыі. Артур Лагодны 06.12.2007 |