Як мяне затрымалі
10 студзеня, падчас мітынгу прадпрымальн ікаў, я быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПу, апранутымі ў цывільнае. Я катаўся на каньках каля галоўнай ялінкі краіны: спачатку я быў зь белчырвонабелым сьцягам, пасьля пакінуў сьцяг сябрам і працягваў катацца безь яго. На мяне, падбягаючы, накінуліся два моцныя мужчыны. Я ўпаў, яны ўпалі на мяне. Дзьве мае сяброўкі спрабавалі мяне абараніць, але амапаўцы адкінулі іх, схапілі мяне за рукі, за ногі і панесьлі за Палац Рэспублікі. Там мяне паставілі на ногі (у каньках!), выгнулі рукі і павялі, лаючыся мацюкамі, у машыну.
У аўтазаку мне далі дазвол перамяніць абутак. Я чакаў на працягу 40 хвілін, увесь час за мной назіралі. Я агледзеў сябе і ўбачыў, што мне парвалі куртку. Потым мяне перасадзілі ў іншую машыну і павезьлі ў Цэнтральны РУУС. Па дарозе яны зьдзекаваліся зь мяне, маральна прыніжалі. У Цэнтральным РУУСе я сустрэў спадара Сіўчыка, якому прысудзілі суткі. Я быў адведзены да інспэктара па справах непаўналетніх. Амапаўцы склалі на мяне рапарт. Калі інспэктар пацікавіўся, дзе ж той сьцяг, за які мяне быццам-бы затрымалі, амапаўцы адказалі, што ім быў дадзены загад затрымаць менавіта мяне. Пасьля гэтага яны сышлі. Шмат абставін у рапарце не было пазначана (напрыклад, пра канькі), ён увогуле амаль ні ў чым не адпавядаў рэчаіснасьці.
Праз 15 хвілін прыйшла мая маці і забрала мяне дахаты.
Станіслаў Стэсік, Менск