"Лукамольцы" ўзнагароджваюць граматамі… немаўлятак!
Найперш аршанскі БРСМ заахвоціў таўстункоў, затым – самых худзенькіх. А вось "сераднякам" нічога… Парадзіхам жа прапанавалі дартс.
Аршанская арганізацыя БРСМ правяла турнір па дартсу сярод парадзіх проста ў радзільным доме.
Мерапрыемства, пэўна, настолькі агаломшыла мэдпэрсанал, што дактары забыліся нават на пагрозу інфэкцыі: перад сябрамі гарадзкой арганізацыі БРСМ, прадстаўнікамі моладзі пэдагагічнага каледжа і ліцэя тэкстыльнай і лёгкай прамысловасьці дзьверы ў два пасьляродавыя аддзяленьні былі гасьцінна адчыненыя.
Маладыя таты, а таксама бабулі і дзядулі, якіх звычайна не дапускаюць да парадзіх з нованароджанымі дзеткамі, былі ў шоку, убачыўшы, што абсалютна чужых хлопцаў і дзяўчат з пакункамі бесперашкодна пусьцілі туды, куды звычайна "уваход забаронены".
У пакунках знаходзіліся сувеніры для маладых мам, а таксама граматы і дыплёмы ад БРСМ, якімі ўзнагародзілі самых большых па вазе нованароджаных, а таксама самых мініяцюрных – мабыць, каб хутчэй падрасталі...
Маладым жанчынам, якія ляжаць у двух пасьляродавых аддзяленьнях, БРСМаўцы прапанавалі пагуляць у дартс. Праўда, кажуць, пагадзіліся далёка ня ўсё: цяпер у палатах парадзіх разьмяшчаюць разам зь дзеткамі, адысьціся ад якіх праблематычна, бо яны патрабуюць ці ня штохвіліннага догляду. Але ж заўзятыя спартоўкі знайшліся, і пераможцам у дартсе былі таксама ўручаныя ўзнагароды.
– На мой погляд, гэта скрайняя дурасьць – прыйсьці да жанчыны, якая два-тры дні таму нарадзіла, ды прапанаваць ёй падобныя забаўкі! – абураецца Любоў Іванаўна, якая нядаўна стала бабуляй. – Да маёй дачкі не пусьцілі ня мужа, ні брата, а тут прыходзяць на нейкія мерапрыемствы ў літаральным сэнсе "людзі з вуліцы"! Я сама нарадзіла чатырох і ведаю, як гэта нялёгка. А ў дачкі першае дзіця, яна яшчэ ня ўмее яго даглядаць, а іх паклалі ў палату разам – уяўляеце, наколькі ёй складана і карміць яго, і пялёшкі мяняць, і сябе дагледзець, каб малако было? Дарэчы, пра пялюшкі. У роддоме мне ўручылі цэлы сьпіс неабходных рэчаў, якія трэба перадаць парадзісе. У тым ліку пялюшкі, а таксама цэлы пачак пральнага парашку. Я не ўяўляю, як яны там тыя пялюшкі мыюць, калі ссыпаюць усе розныя парашкі разам... Але гэта нікога не хвалюе! БРСМаўцы ж прынесьлі, пэўна, ня лекі і не пялюшкі, а маглі б, калі ў нашай дзяржаве іхная дзейнасьць лічыцца такой важнай.
"Моладзевая дэлегацыя" падарыла парадзіхам саламяных лялечак. На памяць пра сустрэчу. Такія сустрэчы гаркам БРСМ плянуе цяпер праводзіць рэгулярна: ужо заплянаваны турнір па інтэлектуальных гульнях, які мае адбыцца ў адзьдзяленьні паталёгій цяжарнасьці. А потым абодва мерапрыемства – і дартс, і інтэлектуальныя гульні – БРСМаўцы зноў хочуць правесьці ў пасляродавых аддзяленьнях.
Дактары пакуль не камэнтуюць, наколькі карысна і бясьпечна правядзеньне падобных імпэзаў у даволі спэцыфічнай мэдычнай установе.
Алена Штраль
30.05.2008
рызыка