Аграгарадок: цуд, які ня дзеліцца пароўну
Няроўнае разьмеркаваньне афіцыйна дэкляраваных сацыяльных стандартаў паміж рознымі слаямі насельніцтва аграгарадкоў спараджае сярод людзей палярныя пытанньні: чаму адным – усё, а іншым – нічога.
Мірнае неба аграгарадку
Мы наведалі аграгарадок Сталовічы, што ў Баранавіцкім раёне, у адзін з выходных сакавіцкіх дзён. Сталовічы – старое мястэчка, вядомае яшчэ з XIV cт. – сустрэла нас абсалютным бязьлюдзьдзем. Не бяды – гэта толькі раніца. Мы рушылі наўпрост да старасты вёскі Тацяны Кузьміцкай, аднаго з самых паважаных людзей сярод вяскоўцаў. Тацяна працуе настаўніцай сельскагаспадарчага ліцэю ў Новай Мышы, што недалёка ад Сталовічаў.
Як заўважыла жанчына, зьмяняюцца дэпутацкія корпусы, а яна нязьменна застаецца на пасадзе старасты вёскі ўжо каля сямі гадоў.
– Даводзіцца вырашаць самыя розныя гаспадарчыя пытаньні, якіх у нас ёсьць багата, – раскрывае існасьць пасады Тацяна. – Безгаспадарчасьць, на жаль, існуе ў наш час, але зь ёй трэба змагацца. Нашая вуліца Баранавіцкая, я лічу, гэта ўвогуле – вакно ў Эўропу. Па ёй едуць у Эўропу, і па ёй мяркуюць пра тое, як жывуць беларусы. А мы жывем добра. Паглядзіце на нашае мірнае неба!.. Хоць цяжка працаўладкоўвацца, але я лічу, хто хоча працаваць і жыць у дастатку, той так і жыве. Зірніце, які добры аграгарадок!.. Сёньня паўсюды так страшна гучаць словы пра пагаршэньне дэмаграфічнай сытуацыі. Мы назвалі новую вуліцу нашага аграгарадка Ўраджайнай, бо там пасяліліся маладыя сем’і, у іх нараджаюцца малыя дзеткі. Яны і ёсць той ураджай, на які мы спадзяемся.
Як заўважыла пазьней старшыня Сталовіцкага сельсавету Ірына Пальчык, пасьля здачы ў 2006 годзе іхняга аграгарадку пераважна за кошт прыежджых у сельсавеце на 238 чалавек вырасла колькасьць насельніцтва. У 2007 годзе тут нарадзілася 26 дзетак, што на 12 болей, чым у 2006-м. Цяпер у дзіцячым садку ўзьнікае чарга, чаго ніколі не было.
Новае жыцьцё старых людзей
Мы ідзем па вуліцы Баранавіцкай. Новы асфальт вядзе проста да цэнтру вёскі. Уздоўж усёй вуліцы – мэтровы бэтонны плот, які не пакінуў мясцовым сабакам аніякіх шанцаў знайсьці які хаця лаз ці шчыліну, і яны навучыліся па-майстэрску скакаць празь яго. Людзі, якія пачалі ўсё часьцей зьяўляцца на панадворках, размаўлялі з намі даволі ахвотна.
Ганна працуе прыбіральшчыцай у сельсавеце, асаблівых зьменаў пасьля наданьня Сталовічам статусу аграгарадку ў сваім жыцьці не заўважыла:
– Адзінае, вось газ мы правялі летась. Ну і, канечне, культурней стала ў нас, пачысьцела.
На двары ў адной майцы зьяўляецца Ганьнін муж Уладзімір:
– Я са Сталовічаў нікуды не паеду. Па горадзе так не паходзіш, як па сваім двары. Я тут як хачу, так і хаджу.
Аднак сам Уладзімір працуе ўсё ж у Баранавічах, у будаўнічай арганізацыі. У Баранавічах жывуць дзеці ды ўнукі Ганны й Уладзіміра. На нашае пытаньне: чым займаецца моладзь?, мужчына ўсьміхнуўся і выдаў не зусім чаканае:
– Ідзіце да магазіну, усё даведаецеся.
Ані каля крамы, ані на вуліцах маладых хлопцаў і дзяўчат мы амаль не сустракалі.
– Тут ніколі не было чым заняцца моладзі, – тлумачыць прыстойнага выгляду малады хлопец Уладзімер. – Дыскатэка – раз-два на тыдзень у суседнім пасёлку, а заняцца чым-небудзь хочацца штодня. Чым займаліся? Як заўсёды, пілі гарэлку і як маглі весяліліся… Сёньня я жыву ў горадзе й даволі рэдка прыяжджаю ў Сталовічы.
Цяпер у цэнтры Сталовічаў ёсьць літаральна ўсё: сельсавет, пошта, аддзяленьне Беларусбанку, сталовая, цырульня, якая працуе раз на тыдзень, комплексны прыёмны пункт, дзе прапануюць хімчыстку, рамонт і выраб мэблі, рамонт трыкатажных вырабаў і складанай бытавой тэхнікі. Праўда, на замкнёных дзьвярах нас сустрэла паперка з не зусім уцямным надпісам: "Приемщик заказов находится на зоне обслуживания".
Не зусім дарэчы глядзіцца пабудаваны побач са старажытнай царквой культурна-досугавы цэнтар з танцавальнай і глядацкай залямі, кабінэтамі для заняткаў мастацкай самадзейнасьцю, які плянуецца адчыніць 9 мая.
З крамы, разьмешчанай праз дарогу, адзін за адным выходзяць маладыя мужчыны з бутэлькамі самай рознай ёмістасьці ў рукох. Асартымэнт і: зь дзясятак гатункаў кілбасаў, больш за 15 гатункаў піва… Багата ў краме і вінаў. Як заўважыла прадавачка, кожны бярэ тое, што дазваляе яму яго дастатак. Пры нас аграгарадоцкі жыхар у поўным росквіце гадоў замаўляе "вэрмут янтарны" вытворчасьці ААТ "Лидапищеконцентраты" (4650 рублёў за літар): гэта звычаёвае пладовае мацаванае віно.
Другі бок мэдалю
Вуліца Палянічыцкая – адна з найвялікшых у Сталовічах, на якую мы зьвярнулі проста з цэнтру вёскі. І ледзь не адразу былі ўражаныя.
– Нічога ў нас тут не зьмянілася, нашай вуліцы тое новае ніяк не датычыцца, – зусім нечакана для нас пачала распавядаць Наталя Ганкевіч, якая адпрацавала сорак гадоў настаўніцай пачатковых клясаў у Палянічыцкай школе. – Каб жа нам хаця плот той харошы паставілі, як на Баранавіцкай вуліцы, дык нічога абсалютна не зрабілі. Некалькім чалавекам, што жывуць каля цэнтру, правялі газ, астатнім – не. Ніхто аб нас тут не клапоціцца, тут усе хворыя і п’яніцы… Аб нас нават куры не пяюць. Гэта ў іх там рай, там жа аграгарадок! А тут які ж аграгарадок?.
Жанчына заплакала і пачала скардзіцца на сваю долю. Мы паспачувалі й хуценька разьвіталіся. Раптам востра захацелася вярнуцца дадому. Прыгадаліся ранішнія словы старасты: "У нас няма разьдзяленьня: вось гэта вёска, а вось гэта аграгарадок. Адно з галоўных пытаньняў, якое я пастанавіла вырашыць для сябе, гэта добраўпарадкаваньне стасункаў паміж карэннымі жыхарамі і тымі, хто прыехаў жыць у наш аграгарадок…" Сапраўды, у гэтым кірунку яшчэ багата трэба зрабіць.
– А что это вы ходите по улицам? – канчаткова выбіла нас з каляіны пытаньне старшыні мясцовай сельскай гаспадаркі, якая, раптоўна пад’ехала да нас на машыне.
На нашае пытаньне: "Няўжо нельга хадзіць па вуліцах аграгарадку?", жанчына адказала: можна, але ёй трэба паглядзець нашыя дакумэнты. Усё ж мы вырашылі прадставіцца толькі пасьля таго, як гэта зрабіў наш нечаканы госьць. Дзякаваць Богу, абодва бакі паверылі адно аднаму на словах і абышлося без двухбаковае дэманстрацыі дакумэнтаў.
Назад ад шчасьця
Да аўтобуснага прыпынку мы вярталіся па адной з самых новых вуліц аграгарадку – Ўраджайнай. Вуліца разьмешчаная на ўзвышку. Моцны вецер ганяе пыл, людзей амаль не відаць. Сады яшчэ зусім маладыя, таму навакольле выглядае пуставата. Паўсюль – падкрэсьленая чысьціня, пад вокнамі – газоны заміж звыклых раней агародаў, у дварах – паробкі з лазы й дроту, перакачавала ў аграгарадкі і мода на каменныя горкі. Уздоўж заасфальтаванай дарогі – домікі, домікі… Такое простае чалавечае шчасьце, дасягальнае, праўда, не для ўсіх.
– Мой муж перайшоў працаваць трактарыстам у СВК з торфапрадпрыемства ў суседнім пасёлку Кастрычніцкі, – распавяла нам маладая кабета Ліяна. – Дагэтуль мы жылі ў вельмі старым доме накшталт бараку, там нават не было вады. Вы не ўяўляеце, якое гэта шчасьце было для нас – атрымаць новы дом. Для нас з мужам і нашых двух дзетак гэта быў проста цуд!
Алесь Правальскі
27.03.2008