Свята адбудзецца пры любым раскладзе
Нягледзячы на забарону мітынга і шэсця, прысвечаных Дню Волі, магілёўскія дэмакраты не збіраюцца адступаць.
Усіх заяўнікаў выклікалі ў міліцыю, а старшыню выканаўчага камітэта аб’яднаных дэмакратычных сіл Алеся Сілкова яшчэ і ў КДБ.
Алесь Сілкоў, Галіна Лісіцына і Віталь Васількоў у міліцыі атрымалі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння дзейнага заканадаўства, несанкцыянаваных выступаў, мітынгаў, дэманстрацый, пікетавання, распаўсюду друкаваных выданняў, графіці, вывешвання і выкарыстоўвання незарэгістраваных сцягоў і сімволікі, а таксама блакіроўкі будынкаў органаў улады і ўпраўлення, дзяржаўных установаў, перакрыцця руху транспарта на цэнтральных вуліцах горада. Таксама папярэджвалася аб нявыездзе ў Мінск на несанкцыянаваныя мерапрыемствы.
Астатнія актывісты адмовіліся ад кантакту з супрацоўнікамі міліцыі.
Віталь Макаранка атрымаў позву з рук участковага, які падпільнаваў яго ў пад’ездзе дома.
– Я не пайшоў на размову ў міліцыю, – гаворыць Віталь, – бо позву аформілі неналежным чынам: не было пазначана, з якой нагоды і ў якасьці каго я туды выклікаюся.
Акрамя афіцыйнага папярэджання ад капітана міліцыі Кірыловіча, Алесь Сілкоў атрымаў яшчэ адно – у абласным КДБ.
Прадстаўнікі аб’яднаных дэмакратычных сіл абскардзяць адмову ў правядзенні святочных мерапрыемстваў у судзе. Ужо складзена скарга, і пад ёй падпісаліся амаль усе заяўнікі.
Суд будзе пазней. А што збіраюцца рабіць на свята дэмакраты? Старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Стральцоў:
– Мерапрыемствы будуць праходзіць, але згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Старшыня магілёўскай гарадской філіі БНФ Віталь Макаранка:
– Фармат мерапрыемства зменены. Зараз у Магілёве шмат маладзёжных груп дэмакратычнай скіраванасці, таму, думаю, некалькі мерапрыемстваў абавязкова пройдзе. Пакуль толькі не магу сказаць, у якім фармаце.
Адзін з апазыцыйных лідэраў Алесь Сілкоў:
– Мне ніхто не забароніць 25 сакавіка прынесці кветкі да будынку, дзе прадстаўнікамі Магілёва прымалася рашэнне аб прызнанні ўраду БНР, альбо апрануць бел-чырвона-белую майку ці шалік і прайсціся ў такім выглядзе па гораду.
Вітольд Няўрыда
23.03.2007