Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members kola Магілёў Магілёўскі далягляд № 9, сакавік Хроніка Дня Волі на Магілёўшчыне
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Хроніка Дня Волі на Магілёўшчыне

НаташаПоследнее изменение: 2008-03-13 12:37

Два з паловай тыдні ўлады ўсяляк імкнуліся заблякаваць правядзеньне сьвята. У ход пайшлі арышты, затрыманьні, выкраданьні, канфіскацыі, высяленьні.

Сьвята пачалі адзначаць яшчэ 7 сакавіка. Тады група грамадзкіх і партыйных актывістаў падала ў Магілёўскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне шэсьця ды ўрачыстага мітынгу, прымеркаваных да 89-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Заяву падпісалі дэпутат гарсавету Аляксандар Агееў, кіраўнікі рэгіянальных арганізацыяў партыі БНФ Рыгор Кастусёў, Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Ўладзімер Шанцаў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Юры Новікаў ды кіраўнічка незалежнага прафсаюзу радыё-электроннай прамысловасьці Галіна Лісіцына. Пад заявай паставілі свае подпісы партыйныя актывісты Віталь Макаранка, Сяргей Стральцоў ды Ірына Качарова.

Увечары гэтага ж дня ў офіс рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ уварваліся двое міліцыянтаў – Віктар Цароў ды Юры Радзькоў, а таксама прадстаўнік Управы ідэалягічнай работы Магілёўскага аблвыканкаму Міхаіл Халамаў. Свае дзеяньні яны матывавалі тым, што ў горадзе зьявілася шмат друкаванай прадукцыі, якая выйшла з парушэньнем заканадаўства і знаходзіцца ў офісе рэгіянальнай партыйнай арганізацыі. Міліцыянты сканфіскавалі 600 асобнікаў газэты "Свабода" і 1000 улётак да сьвяткаваньня ў Менску Дня Волі.

13 сакавіка ў Магілёве й Бабруйску пачалі выклікаць грамадзкіх актывістаў на допыты ў КДБ. Цягам наступных сямі дзён позвы атрымалі 11 чалавек. У Магілёве – Антон Усьцімчук, Тацяна Буланава, Максім Азараў, Расьціслаў Панкратаў, Крысьціна Шацікава, Кірыла Паражынскі, Сяргей Нягацін ды Артур Фінькевіч. У Бабруйску – Валер Мацкевіч ды Максім Буйніцкі. У Горках – Эдуард Брокараў.

13 сакавіка ў Магілёве зафіксавана першае затрыманьне моладзевага актывіста. Антона Усьцімчука з пакункам улётак да сьвяткаваньня Дня Волі затрымалі ў 18.30 каля ягонага дому двое амапаўцаў.

20 сакавіка рэгіянальную суполку БНФ пазбавілі офісу. Кіраўнік арганізацыі Рыгор Кастусёў патлумачыў скасаваньне дамовы на арэнду імкненьнем улады зьнішчыць рэгіянальныя структураў Партыі БНФ.

21-22 сакавіка Магілёўскую вобласьць наведаў кіраўнік місіі АБСЭ у Менску Оке Пэтэрсан. Падчас свайго візыту ён пабываў у Магілёве ды на Слаўгарадчыне, дзе з падтрымкі Фэдэральнага ўраду Нямеччыны рэалізуецца шэраг экалягічных праектаў. У Магілёве спадар Пэтэрсан сустрэўся зь мясцовымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, а таксама меў сустрэчы ў аблвыканкаме. Кіраўнік місіі АБСЭ таксама наведаў палітзьняволенага Артура Фінькевіча.

21 сакавіка Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў правесьці на Дзень Волі шэсьце й мітынг. Магілёўскія ўлады матывавалі забарону тым, што гэты дзень не зьяўляецца нацыянальным сьвятам Рэспублікі Беларусь. Гарвыканкам патлумачыў адмову й тым, што ў грамадзтве існуюць палярныя погляды на гісторыю ўтварэньня БНР, і сьвяткаваньне можа прывесьці да сацыяльнага канфлікту. Таму, як зазначана ў адказе, падпісаным намесьнікам старшыні гарвыканкаму Фёдарам Міхеенкам, дэманстрацыя і мітынг нямэтазгодныя.

22 сакавіка позна ўвечары ўсе арганізатары мітынгу і шэсьця былі выкліканыя ў міліцыю і КДБ. Позвы яны атрымалі ад участковых.

23 сакавіка адбылася прэсавая канфэрэнцыя, арганізатары забароненых акцыяў паведамілі, што зьбіраюцца падаваць у суд на гарвыканкам. Акрамя таго, журналісты даведаліся пра зьмест прафіляктычных гутарак. Усіх хто пабываў у КДБ і міліцыі афіцыйна папярэдзілі пра адказнасьць за экстрэмісцкія дзеяньні.

23 сакавіка, моладзевага актывіста Максіма Азарава суд Кастрычніцкага раёну Магілёва пакараў на сем сутак арышту.

У той жа дзень у Бабруйску затрымалі моладзевага актывіста Валеру Мацкевіча. Як удалося высьветліць бабруйскім праваабаронцам, ён да панядзелка застанецца ў ізалятары. У панядзелак адбудзецца. Бацька знайшлі адваката.

23 сакавіка ўвечары на вачох грамадзкай актывісткі Ірыны Качаровай невядомыя заштурхнулі Крысьціну Шацікаву ў легкавік і некуды зьвезьлі. Качарова напісала заяву ў міліцыі з фармулёўка "крадзеж чалавека".

24 сакавіка міліцыянты арыштавалі 3200 асобнікаў газэты "Наш Магілёў". Лёс выданьня вырашыць суд.

24 сакавіка невядомы паведаміў маці Крысьціны Шацікавай спадарыні Сьвятлане, што яна знаходзіцца ў 12 аддзяленьні магілёўскага псыхіятрычнага шпіталю. 25 сакавіка дзяжурная доктарка Алена Бат паведаміла, што грамадзкая актывістка ад пятніцы 22 сакавіка знаходзіцца ў 8 аддзяленьні. Ёй забаронена сустракацца са сваякамі. 26 сакавіка будзе вырашаны лёс пацыенткі Шацікавай, зазначыла дзяжурная доктарка.

У той жа дзень адбылася ўрачыстая вечарына, прымеркаваная да Дня Волі. Гісторык Ігар Пушкін распавёў грамадзе пра падзеі, якія адбываліся ў Магілёве ў 1917, 1918 гадох. Арганізавала сустрэчу гарадзкая суполка Таварыства беларускай мовы.

24 сакавіка ў Магілёве затрымалі Антона Ўсьцімчука і Яўгена Суворава. Іх зьвінавацілі ў дробным хуліганцтве. Да 26 сакавіка яны застануцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. У гэты дзень адбудзецца над імі суд.

25 сакавіка Нягледзячы на тое, што многія актывісты паехалі адзначаць Дзень Волі ў Менск, у гарадох вобласьці праходзілі сьвяточныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 89-й гадавіны БНР.

У Магілёве грамадзкія й партыйныя актывісты выйшлі на цэнтральныя вуліцы гораду зь бел-чырвона-белымі шалікамі. Яны распаўсюджвалі зварот старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы да грамадзянаў Беларусі, а таксама паштоўкі да Дня Волі. Цягам дня да будынку краязнаўчага музэю ўскладалі бел-чырвона-белыя гвазьдзікі. Тут 12 ліпеня 1918 году магілёўская грамадзкасьць ухваліла абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

У Горках грамадзкія актывісты Дзень Волі адзначаюць распаўсюдам паштовак зь беларускай нацыянальнай сымболікай. Напярэдадні Дня Волі выйшаў сьвяточны нумар горацкай газэты "Ўзгорак".

У Крычаве прайшла ўрачыстая вечарына, прымеркаваная да Дня Волі. Як і ў Горках, напярэдадні выйшаў сьвяточны нумар крычаўскай газэты "Вольны горад". Рэдактара выданьня за два дні да 25 сакавіка выклікалі да пракурора раёну, які папярэдзіў пра адказнасьць за несанкцыянаваныя публічныя мерапрыемствы.

25 сакавіка ў Магілёве міліцыянты праз пагрозы адміністрацыйнага пакараньня перапынілі стыхійны мітынг. Ён пачаўся на Савецкай плошчы перад будынкам мясцовага краязнаўчага музэю. Моладзь прыйшла да музэю, каб ускласьці кветкі і ўшанаваць магілёўцаў, якія 12 ліпеня 1918 году ўхвалілі абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі.

25 сакавіка сканфіскавалі 70 асобнікаў газэты "Магілёўскі час".

25 сакавіка актывісты "Моладзі БНФ" разгарнулі расьцяжку "Слава Беларускай Народнай Рэспубліцы".

26 сакавіка ў Магілёве Дзень Волі будзе працягвацца. Павінны адбыцца суды ў Бабруйску над Валерам Мацкевічам, а ў Магілёве – над Антонам Усьцімчуком ды Яўгенам Сувораым. У гэты ж дзень павінна выйсьці з псыхіятрычнага шпіталю Крысьціна Шацікава.

Андрэй Белагубаў

25.03.2007

Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: