У Магілёве затрыманы рэдактар студэнцага бюлетэню
Станіслава Кавалеўскага другі раз затрымаліваюць на аўтобусным прыпынку. Паўмесяца таму яму інкрымінавалі спраўленне фізічнай патрэбы, а зараз падазраюць у крадзяжы.
Сёння раніцай Станіслаў з сябрам ехалі ва ўніверсітэт. Да прыпынку каля ПТВ №9 пад'ехаў міліцэйскі "Уазік" з якога выйшлі міліцыянеры. Яны папрасілі праехаць хлопца і яго сябра Леха Валіцкага ў Ленінскі РАЎС горада Магілёва, спасылаючыся на тое што хлопцы падазраюцца ў крадзяжы.
– Пасля таго як нас даставілі ў Ленінскі РАЎС, – распавядае Лех Валіцкі: міліцыянты пачалі правяраць нашы асабістыя рэчы. У Станіслава знайшлі каля дзесяці нумароў газеты "НАШ Магілёў" і вялікі стос улётак, прысвечаных надыходзячаму Сацыяльнаму маршу. Мяне адразу адпусцілі, бо ў мяне нічога не было.
Станіславу Кавалеўскаму давялося правесці ў Ленінскім РАЎСе тры гадзіны, пасля чаго ён быў таксама адпушчаны. У моладзевага актывіста забралі ўлёткі прысвечаныя Сацыяльнаму маршу да разбірацельства. Асобнікі газэты "НАШ Магілёў" былі вернуты.
– Яго адпусцілі, бо за наяўнасць улётак непрадугледжана зняволенне. Хутчэй за ўсё ў бліжэйшы час адбудзецца пасяджэнне адміністратыўнай камісіі, на якой стане ўсё вядома: ці то ён атрымае штраф, ці то яму вынясуць папярэджанне, - паведаміў аўтару bulletinonline.org праваабаронца Барыс Бухель. Я папрасіў таксама міліцыянтаў выпісаць спраўку ва ўніверсітэт, што Станіслаў знаходзіўся ў Ленінскім РАЎСе пэўны час, каб гэта не стала прычынай ягона выключэння адтуль.
Нагадаем, што 12 кастрычніка, напярэдадні Еўрапейскага марша Станіслаў Кавалеўскі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі каля прыпынку"Лесгас" як быццам бы за спраўленне фізічнай патрэбы. 15 кастрычніка суд вынес яму вырак: трое сутак пазбаўлення волі. Моладзевы актывіст быў вызвалены на волю адразу ж з залы суда, бо ўжо адбыў свой тэрмін ў ізалятары часовага ўтрымання.
Вітольд Няўрыда
02.11.2007