ЧК не забывае Галіну Лісіцыну
У Магілёве невядомы параіў кіраўніку Магілёўскай філіі незалежнага прафсаюза РЭП Галіне Лісіцынай не ехаць у Мінск на Сацыяльны марш.
– Пасля таго, як я выйшла з офіса, – распавядае Галіна Лісіцына. – і пачала рушыцца ў бок крамы, да мяне падыйшоў невядомы высокі брунет. Ён вырашыў спраўдзіць маё прозвішча і перапытаў, ці не Лісіцына я Галіна Міхайлаўна. Я адказала, што так.
Спадарыня Лісіцына адзначае, што сам малады чалавек не прадставіўся, і праігнараваў яе патрабаванне паказаць сваё пасведчанне. Аднак ён параіў кіраўніку мясцовай арганізацыі РЭП 4 лістапада лепей не ехаць у Менск на мерапрыемства, прысвечанае абароне сацыяльных правоў грамадзян.
– Тады я яму патлумачыла , – працягвае Галіна Лісіцына, – што Сацыяльны марш – мерапрыемства афіцыйнае. На яго правядзенне атрыманы дазвол і гэта непасрэдна тычыцца таго, чым я займаюся. Пасля гэтага ён зноў папярэдзіў мяне і сказаў, каб я ехала да хаты і была там да панядзелка, бо інакш могуць быць непрыемнасці.
Праз імгненне ён знік таксама раптоўна як і з’явіўся.
Нагадаем, што мінулы раз кіраўнічцы прафсаюза невядомы, у адной з магілёўскіх кавярняў, перадаваў прывітанне ад КДБ.
Вітольд Няўрыда
03.11.2007