Адмовяць у пікетах – зацягаем па судах!
У Магілёве жыхарамі горада пададзена каля 40 заявак на правядзеньне пікетаў супраць адмены льготаў.
Заяўкі не ад імя пэўных палітычных сілаў, а ад звычайных грамадзянаў.
Віктар Каракоўскі, сябра БСДП(Г):
– Я падаў заяўку, каб прыцягнуць увагу простых грамадзянаў да праблемы адмены льготаў. У якасьці месца правядзеньня пікетаў абраў плошчу Арджанікідзе. На 14-16 сьнежня. Як звычайны грамадзянін.
Другі сябра БСДП (Г) Уладзімір Юрчанка падаў заяўку на правядзеньне пікета перад будынкам гарвыканкаму.
– Хачу прыцягнуць увагу прадстаўнікоў улады да бедаў нараду. Я выказваюся за тое, каб ильготы пэнсіянэрам, студэнтам, аўганцам, шкалярам былі пакінутыя.
Са словаў Аляксандра Каралёва, юрыст-консульта незалежнага прафсаюзу радыёэлектронная прамысловасьці, усяго 13 заяўнікаў з РЭПу абралі восем месцаў у цэнтры гораду.
У выпадку адмоваў улады грамадзяне будуць зьвяртацца ў раённыя суды Магілёву з мэтай абскардзіць рашэньне прадстаўнікоў выканаўчай улады.
Не так даўно ў Менску Менскі гарвыканкам адмяніў рашэньне аб тым, што пікеты могуць праходзіць толькі на плошчы Бангалёр.
– Мы спадзяемся на тое, – падкрэсьлівае Аляксандар Каралёў, – што рашэньне гарадзкіх уладаў адносна стандартнага месца правядзеньня пікетаў і мітынгаў у Магілёве каля палацу культуры заводу штучнага валакна будзе перагледжана.
Вітольд Няўрыда
30.11.2007