Магілёўскі далягляд № 16, снежань
|
На Ліфтмашы з’явіўся "правільны" бюлетэнь
Незалежнае выданне "Голас Ліфтмаша" прымусіла актывістаў БРСМ на РУП завод "Магілёўліфтмаш" выпусціць свой бюлетэнь. Нагадаем, што першы нумар незалежнага "Голаса Ліфтмашу" выйшаў у кастрычніку гэтага году. І вось нядаўна на прадпрыемстве з'явілася яшчэ адно выданне пад назвай "Наше время". У бюлетэні размешчана інтэрв’ю з генеральным дырэктарам прадпрыемства Пятром Руднікам, інфармацыя аб завадской арганізацыі БРСМ, артыкул аб паездцы ў Санкт-Пецярбург ды анонс гульні "Што? Дзе? Калі?" – Новае выданне, – падкрэслівае Ян Чыгірдот, галоўны рэдактар незалежнага бюлетэню "Голас Ліфтмаша" – накіравана на тое, каб выступіць у процівагу нашаму і паказаць што на прадпрыемстве праблемаў няма. Я ўпэўнены, што такі бюлетэнь наўрад ці будзе ўяўляць цікавасць для рабочых. Са словаў Яна Чыгірдота, падача інфармацыі ў афіцыйным завадскім бюлетэні падобна больш на прапаганду і нагадвае часы Савецкага Саюза. Усё пястрыць рознага роду лозунгамі, адлюстроўваюцца толькі станоўчыя моманты прадпрыемства і ніякія праблемы не выносяцца на абмеркаванне. – Рэдакцыйная калегія бюлетэня "Наше время" не валодае базавымі ведамі ні аб сучасным дызайне, ні аб структуры пабудовы артыкулаў, – гаворыць сябра рэдакцыйнай калегіі бюлетэню "Голас Ліфтмаша" Савось Трамадолаў. – З’яўленне такога выдання на прадпрыемстве, – адзначае Вітольд Няўрыда, сустаршыня творчай групы "НАШ Магілёў", – з’ява добрая. Ініцыятары гэтага выдання, незаўважна для сябе, пачынаюць будаваць грамадзянскую супольнасць "зверху", якая з часам можа прывесці да ліберальных і дэмакратычных поглядаў, як унутры рэдакцыйнай калегіі, так і сярод некаторых рабочых і кіраўніцтва прадпрыемства, якія ўхваляюць сучасную дзяржаўную палітыку. Яны, не заўважаючы для сябе, закладаюць міну запаволенага дзеяння, якая можа разарвацца пры пэўных палітычных умовах. А тым часам рэдакцыя бюлетэню "Голас Ліфтмаша" рыхтуе другі нумар нашумеўшага на прадпрыемстве выдання. Барыс Шылевіч 18.12.2007 |