Камунальнікі пляваць хацелі на свае абавязкі
За чатыры месяцы, пакуль дождж залівае кватэру магіляўчаніна, яны гэтак і не прыйшлі ані зафіксаваць факт затапленьня, ані адрамантаваць дах.
У аднапакаёвай кватэры на апошнім паверсе з-за працяканьня даху ўжо чацьвёрты месяц у натуральным сэнсе ідзе дождж. Залівае ўсюды – вада цячэ і на кухні, і ў прыхожай, і ў пакоі. Шпалеры ды падлога заўжды ў вадзе, у ванным са столі адвальваецца тынкоўка. Жыць ва ўмовах такой вільготнасьці проста немагчыма.
– На працягу чатырох месяцаў даводзіў да ведама ЖЭУ-20 аб тым, што працякае дах і залівае маю кватэру. Тройчы прыходзіў у домаўпраўленьне, пакідаў свае нумары тэлефонаў, аднак рэакцыя нулявая, – расказвае Леанід, уладальнік кватэры па вуліцы Гогаля.
Аднак і па сёньняшні дзень ЖЭУ не знайшоў часу для агляду кватэры. З месяц назад жыхар падаў афіцыйную заяву да начальніка жыллёвага ўпраўленьня і папрасіў зарэгістраваць яе. Але – адмахнуліся. Не так даўно Леанід зноў зьвярнуўся да камунальнікаў, яны паабяцалі знайсьці яго заяву і зайсьці для састаўленьня акту. Аднак чаканьне цягнецца і дагэтуль.
Яшчэ адну афіцыйную заяву расчараваны ўладальнік падаў ужо ў ЖРЭУ Ленінскага раёна. І настаяў на рэгістрацыі. У гэты ж дзень патэлефанаваў майстар ЖЭУ-20 і паабяцаў прыйсці. Але не з'явіўся.
А дождж усё лье ды лье. Ваду Леанід зьбіраць нават не спрабуе – хай, маўляў, цячэ далей, залье суседа знізу, можа тады лягчэй будзе прывесьці камунальнікаў.
Колькі яшчэ чакаць камунальнікаў і куды зьвяртацца – Леанід проста не ведае.
Саша Заяц
25.04.2008