У Магілёве прайшло "Шоу беларушчыны"
Ініцыятарамі гэтага мерапрыемства выступіла творчая група "НАШ Магілёў".
– "Шоу беларушчыны" – гэта эмацыйная ўспышка, гульня і віктарына адначасова, якая праводзіцца адмыслова на беларускай мове, – гаворыць адзін з ініцыятараў правядзення віктарыны Ігар Барысаў. – Удзельнікам задаюцца пытанні з геаграфіі, гісторыі, мовы, музыкі, літаратуры ды і проста глыбіні душы. Ініцыятыва ўзнікла ў выніку нашага шчыльнага супрацоўніцтва з рэспубліканскім кіраўніцтвам арганізацыі "Малады Фронт".
– Магілёўская арганізацыя "Маладога Фронту" фактычна бяздзейнічае, – працягвае Андрэй Воўкаў, – а працаваць з моладдзю і выпрацоўваць у іх любоў да свайго беларускага камусьці трэба. Вось мы і вырашылі дапамагчы ў правядзенні такога мерапрыемства.
– Мне вельмі спадабалася, - гаворыць Алесь Паплыка, адзін з удзельнікаў віктарыны. – Я нават выйграў невялікі каштоўны прыз – касету з беларускімі спевамі, што вельмі прыемна. Хацелася кампакт-дыск, але знайшліся больш спрытныя, якія апярэдзілі мяне па колькасці агульных балаў.
Творчая група "НАШ Магілёў" на гэтым не прыпыняецца і ў бліжэйшы час плануе правядзенне яшчэ некалькіх такіх віктарын.
Вітольд Няўрыда
10.06.2008