Магілёўскіх донараў заваляць палёгкамі
Мясцовыя гарвыканкамы і райвыканкамы ў Магілёўскай вобласці цяпер будуць самастойна вырашаць пытанне сацыяльных льготаў донарам.
На прыканцы чэрвеня адбылося пасяджэнне пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях, якая дзейнічае пры магілёўскім абласным Савеце дэпутатаў XXV склікання. Падчас пасяджэння гэтай камісіі быў распрацаваны шэраг рэкамендацый розным установам і арганізацыям па заахвочванню донарства і яго папулярызацыі сярод насельніцтва.
– Так, напрыклад, старшыням гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў у бліжэйшы час неабходна разгледзець на пасяджэннях пытанне аб магчымасці прадастаўлення права бясплатнага праезда на сваіх адміністратыўных тэрыторыях донарам, якія ўзнагароджаны знакам "Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь" альбо асоб, якія прыраўнаваныя да іх, – гаворыць старшыня магілёўскага грамадскага аб'яднання "Кропля жыцця", ганаровы донар Рэспублікі Беларусь Ігар Каваленка.
– Такім чынам, – адзначае спадар Каваленка, – мясцовыя гарвыканкамы і райвыканкамы ў Магілёўскай вобласці цяпер будуць самастойна ў індывідуальным парадку вырашаць пытанне сацыяльных льготаў донарам. Якія льготы даць донарам, у якім памеры кампенсоўваць аплату праезда і г.д. Адзін райвыканкам можа прыняць адно рашэнне – другі, зусім іншае.
У лісце, які атрымаў грамадскі актывіст Ігар Каваленка ад пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях, таксама гаворыцца аб тым, што даны рэкамендацыі Магілёўскаму абласному аб'яднанню прафсаюзаў дабівацца ўключэння ў калектыўныя працоўныя дамовы наступных пунктаў: прадастаўлення адпачынку ў зручны для донараў час, прадастаўлення часткова аплачваемай пуцёўкі для аздараўлення, прадастаўлення дадатковага адпачынку с захаваннем сярэдняй зарабатнай платы ў памеры двух дзён, а таксама заахвочвання донараў у міжнародны дзень донара 14 чэрвеня.
Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі па Магілёўскай вобласці неабходна арганізаваць работу па прыцягненню сябраў арганізацыі БРСМ у шэрагі донараў, матэрыяльнаму і маральнаму заахвочванню сябраў арганізацыі БРСМ, якія з'яўляюцца актыўнымі донарамі. Таксама даны рэкамендацыі па правядзенню акцый па прыцягненню працоўнай і студэнцкай моладзі да донарства, выпуску і распаўсюду вырабаў з донарскай сімволікай – сувеніраў, значкаў, паштовак і г.д.
Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага грамадства "Чырвонага крыжа" неабходна заняцца вырабам сродкаў нагляднай агітацыі – паштовак, буклетаў, плакатаў і г.д., а таксама спрыяць вырабу сувеніраў і іншых вырабаў з донарскай сімволікай – кепак, значкаў, маек. Акрамя гэта неабходна арганізаваць акцыі па донарскай тэматыцы ў вучэбных установах Магілёўскай вобласці.
Галоўным лекарам установам аховы здароўя – актывізаваць працу па арганізацыі аўтадонарства.
– Наш аблсавет пайшоў яшчэ далей у донарскім пытанні, чым я сабе ўяўляў, – адзначае Ігар Каваленка, – Я ўжо цэлы дзень хажу пад уражанне ад рашэння пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях. Толькі ў Магілёўскай вобласці на пытаннях донараў акцэнтуюць увагу і спрабуюць іх вырашаць.
– Я, як старшыня донарскай арганізацыі "Кропля жыцця", – адзначае ганаровы донар, – цяпер буду кантраляваць вышэйпазначаныя рэкамендацыі пастаяннай камісіі, то бок – як яны будуць выконвацца.
Вітольд Няўрыда
23.07.2008