Магілёўскі далягляд № 10, кастрычнік
|
"Чарнілаў" у Магілёве стане меней?
Баўгары выказалі жаданне набыць тамтэйшы вінзавод. Гэта стала вядома ў выніку візіта ў Магілёў баўгарскай дэлегацыі з горада пабраціма Габрава. Госці наведалі шэраг перадавых прадпрыемстваў горада, але асаблівую цікавасць выклікаў магілёўскі вінзавод, які мясцовая ўлада запісала ў спіс неперспектыўных прадпрыемстваў горада. На выкупленым прадпрыемстве баўгары плануюць наладзіць выпуск сваіх він. Вінзавод мадэрнізуюць, будуць выкарыстоўвацца новыя тэхналогіі, а вінаматэрыялы дапрацоўвацца на месцы, таксама як і этапы фільтрацыі, разліва і пастаўкі прадукцыі ў фірмовыя крамы. Старшыня гарвыканкама Віктар Шорыкаў паабяцаў баўгарскай дэлегацыі ўсялякім чынам спрыяць у рэалізацыі гэтай прапановы. Наступная сустрэча афіцыйных дэлегацыі з Габрава і Магілёва пройдзе ў Баўгарыі. Вітольд Няўрыда 27.10.2008
Пацук сарваў працоўную змену
На Магілёўскім заводзе "Красный металлист" у адным з цахоў ён залез ў электрашчытавую, у выніку чаго адбылося замыканне, выбух і – гуляй народ, святла няма. – Мы бачылі, як заіскрылася электрашчытавая і затым усё спынілася, – гаворыць адна з рабочых, спадарыня Таццяна. У сувязі з тым, што ў гэты час на заводзе не аказалася ніводнаго электрыка, начальства вырашыла распусціць працоўную змену. – Сёння на заводзе працуе 305 чалавек, ёсць і два электрыкі, – гаворыць Таццяна, – але ў той момант іх папросту не было. Раней у нас працавала больш за 1500 чалавек і было сем электрыкаў, але прадпрыемства збанкрутавала і народ пазвальняўся. Вось ужо і пацукі нас дапякаюць… Вітольд Няўрыда 27.10.2008
Выратавальнікі з МЧС ня справіліся з замком
У Магілёве цэлы пад’езд стаў закладнікам звычайных дзвярэй. З няспраўным кодавым механізмам у доме №15 па праспекту Пушкіна ня справіліся нават спэцыялісты. – У 6.45 я збіраўся, як заўсёды на працу, – гаворыць спадар Бягляк, – паспрабаваў выйсці з пад’езда, але не змог адчыніць дзверы. Паступова там пачалі збірацца астатнія жыхары, якія таксама спрабавалі патрапіць зранку на сваю працу. У выніку нам давялося правесці пад дзвярыма больш гадзіны, пасля чаго мы проста яе ўзламалі. Спачатку я патэлефанаваў у аварыйную службу горада, – працягвае спадар Бягляк, – але там мне сказалі каб я турабваў тую арганізацыю, якая ўсталявала дзверы. У 2001 годзе гэта рабіў "Белэлектрамантаж" на замову ЖЭУ-4. Я патэлефанаваў і туды, але марна. Трэці званок быў у МНС. Зняўшы слухаўку аператар абурыўся: "Гэта што пазаштатная сітуацыя? Паспрабуйце яе адчыніць самі!!!" Спадар Бягляк адзначае, што толькі пасля трэцяга званка супрацоўнікі МНС прыехалі, але і яны не здолелі адчыніць дзверы. Тады жыхары схіліліся да варварскага метаду: "Ламаем! ". Так і трапілі на свабоду. Жыхары адзначаюць: такое здараецца ўжо далёка не першы раз і скардзяцца на тое, што камунальныя службы не праводзяць своечасоваю замену замка. Вітольд Няўрыда 24.10.2008
Выпівоха захацеў пафанабэрыцца
У краму "Любава", што ў магілёўскім мікрараёне Казіміраўка, п’яны мужчына зайшоў з "Вальтэрам". Перадзёрнуў затвор і сказаў, што зараз усіх перастраляе. Але – хапіла адной увагі напалоханых пакупнікоў: задавалены мужчына пакінуў краму. Грамадзянскую свядомасць праявілі два мужчыны, якія выпадкова сустрэліся ў гэтай краме – Андрэй Сувораў і Сяргей Лаўрэнцоў. Яны пайшлі следам за "тэрарыстам". На бязлюдным месцы грамадзяне павалілі п’янага дэбашыра на асфальт і звязалі яго выдзернутай з нагавіцаў дзягай. Пасля таго, як на месца здарэння прыбылі супрацоўнікі групы хуткага рэагавання і зброя была перададзена ім, высветлілася, што пісталет пнеўматычны, а з выгляду ён сапраўды мае выгляд блізкі да "Вальтэра". Са словаў затрыманага, ён толькі што вярнуўся ў Магілёў з Расіі і пайшоў у краму, каб наведаць сваю жонку, а пісталет, які набыў загадзя, ён узяў з сабой, каб пафанабэрыцца. Перад гэтым мужчына выпіў, пра што сведчыць 1,7 праміле алкаголя ў крыві, пасля чаго яго бес і паблытаў. Участковы інспектар Ленінскага РАЎС Андрэй Ланец адзначае, раней мужчына ўжо адседзеў пяць год за рабаванне, але на гэты раз усё скончыцца толькі адміністрацыйным пакараннем. Вітольд Няўрыда 23.10.2008
Магілёў і Шклоў могуць значна пастарэць
Да такіх высноваў прыйшлі археолагі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова, пасля ўнікальных археалагічных знаходак. Спецыялісты лічуць, што пасля атрымання дадзеных радыявугляводнага аналіза Магілёў і Шклоў могуць абнавіць даты свайго заснавання. – У гэтым сезоне, – гаворыць загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных дысцыплін МДУ доктар гістрычных навук Ігар Марзалюк, – мы раскапалі Пелагееўскае гарадзішча ля ракі Дубравенкі, якое з’яўляецца помнікам эпохі жалезнага стагоддзя. Разрэзалі вал, даследвалі раскоп і знайшлі тры старажытныя паўземлянкі, першыя дзве з якіх захаваліся цалкам, а трэцяя часткова. Знойдзеныя матэрыялы датуюцца V — VII стагоддзямі нашай эры. Археолаг адзначае, што найбольш цікавымі знаходкамі з’яўляюцца два бронзавых жаночых бранзалеты, якія былі выяўленыя ў куце паўзямлянкі. – Хутчэй за ўсё, калі гарадзішча бралі штурмам, – гаворыць Ігар Марзалюк, – мясцовая дзяўчына схавала іх, як самае дарагое, што ў яе было, пад кут каменнага агменю. Побач знайшлі фрагменты чыгуна, у якім, верагодна, і ляжаў дзявоцкі скарб. Іншая жанчына таксама ў падпечцы хаты схавала сваё маніста. Мы яго знайшлі, сабраўшы па пацерцы. Доктар гістарычных навук падкрэслівае, што на паселішча маглі напасці авары, бо знойдзены наканечнікі стрэлаў, якія належаць ім. Раскапаныя паўзямлянкі з’яўляюцца помнікамі калачынскай культуры. Навукоўцы дыскутуюць, хто былі яе прадстаўнікі, але большасць даследнікаў схіляюцца, што гэта славяне. Пры раскопках зафіксаваны пласт пажару, што азначае – гарадзішча ўзялі штурмам і спалілі. – Я думаю, – гаворыць Ігар Марзалюк, – што гэта помнік калачынскай культуры. Быў такі Аварскі каганат, велізарная ваенна-палітычнае ўтварэнне, якое ў VI стагоддзі разам з двума вялікімі славянскімі саюзамі нападала на Візантыйскую імперыю. Спачатку яны былі саюзнікамі, але потым вялікі племянны саюз славян, які зваўся антамі, выйшаў з гэтых войн і склаў асобную дамову з Візантыяй. У пакаранне авары ў 602 годзе адправіліся ў карны паход на землі антаў. З гэтага часу, што і пацвердзіў радыявугляводны аналіз, паўсюдна гараць гарадзішчы. І усюды ў пласце пажару фіксуюцца такія жа, як у Магілёве, аварскія стрэлы, што пацвярджае дадзеныя пісьмовых крыніц антычных аўтараў аб зруйнавальным паходзе авараў супраць антаў. Пасля гэтага гарадзішчы падупадаюць, а само слова "ант" знікае. Усё гэта дазваляе думаць, што сляды пажару, страла, бранзалеты, выяўленыя на беразе Дубравенкі, адлюстроўваюць надзвычай драматычны сюжэт у развіцці Ўсходняй Еўропы, калі велічны племянны саюз антаў быў разрабаваны, спалены і знішчаны. Археолаг адзначае, што першы матэрыял падчас падобных раскопак атрымаў Якаў Рыгоравіч Рыер, а яны проста пашырылі дыяпазон знаходак і высвятлілі: новае насельніцтва прыйшло на гэтую пляцоўку ў Х стагоддзі, пачысціла яе і культурным пластом, які застаўся ад папярэднікаў, падсыпала вал. Але людзі жылі тамака нядоўга і неўзабаве перанеслі селішча ў зручнейшае месца – на бераг Дняпра. Так тэрыторыя цяперашняга парка Горкага стала сэрцам будучыні Магілёва. Тут самыя раннія знойдзеныя матэрыялы датуюцца другой паловай Х-XI стагоддзяў. – У нас сабрана вялікая колькасць знаходак для правядзення радыёвугляводнага аналіза, – гаворыць сп.Марзалюк. – Для чысціні эксперымента на тэрыторыі парка зробім яшчэ адзін раскоп, даследуем матэрыялы і атрымаем новую дату заснавання Магілёва. Я думаю, у межах XI стагоддзя Археолаг таксама адзначыў, што ў гэтым годзе разам з інстытутам гісторыі праводзілася археалагічная экспедыцыя ў вёсцы Стары Шклоў. У выніку раскопак навукоўцы атрымалі дадзеныя, якія дазваляюць сказаць – у другой палове Х стагоддзя Шклоў ужо існаваў як горад. Выяўленыя гарадскія ўмацаванні, унікальнае прасла з княжым трызубцам Рурыкавіча, шмат зброі... Так што, на думку доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка, Шклоў таксама можа хутка змяніць дату свайго заснавання. Вітольд Няўрыда 22.10.2007
Медыцынскае абслугоўваньне становіцца недаступным
Патрапіць на прыём да гінэколяга ў Магілёўскую жаночую кансультацыю вельмі цяжка. Нават адстаяўшы ў вялікай чарзе няма гарантыі атрымаць квіток да ўрача. Пацыенты жаночай кансультацыі, што на бульвары Няскораных, каб патрапіць на прыём да ўрача вымушаныя прыяжджаць а палове сёмай, каля гадзіны стаяць у чарзе ля зачыненых дзьвярэй паліклінікі, а потым яшчэ й спадзявацца, каб хапіла нумаркоў. Дарэчы на платны прыём сканчваюцца з такой жа хуткасьцю, як і на бясплатны. Тацяна, якой у першы раз не хапіла ні тых, ні другіх, вырашыла на наступны дзень паспрабаваць зноўку прабіцца да ўрача. Сытуація паўтарылася. Расчараваньне і востры боль прымусілі яе зьвярнуцца да загадчыка жаночай кансультацыі. Пасьля спрэчкі ён у індывідуальным парадку выдаў нумарок. У выглядзе выключэньня. – У мяне быў востры боль, таму чакаць яшчэ адзін дзень я ўжо не магла. А калі ў каго-небудзь тэрміновая сытуацыя? Што ім рабіць? Адсутнасьцю магчымасьці пракансультавацца нашыя ўлады ўзвышаюць нараджальнасьць? – нібыта жартуе Таццяна. Па словах загадчыка паліклінікі, у апошні час сытуацыя з урачамі ўскладнілася прымусовымі камандзіроўкамі ў раён. Аднаго з дактароў загадчык павінен адправіць туды на цэлы тыдзень. Гінэколягі скардзяцца – там працы няма, аніхто не зьвяртаецца, сядзім днямі бяз справаў, а ў горадзе – вялікія чэргі і недахоп дактароў. Адмовіцца ад камандзіровак нельга: "загад зьверху". Ёсьць у жанчын і яшчэ праблема. Некаторыя дамы па прашпэкту Пушкінскім, вуліцы Габраўскай і бульвару Няскораных аднесеныя да паліклінікі ААТ "Хімвалакно". І каб атрымаць жаночую кансультацыю, спадарыням даводзіцца ехаць на самы ускраек гораду. З гэтай праблемай жанчыны зьвярнуліся да дзяржкантролю. Цяпер загадчыку жаночай кансультацыі становіцца страшна – больш не за сябе, а за наведвальнікаў, якія будуць ствараць яшчэ большыя, кілямэтровыя чэргі. Дарэчы, прайсьці працэдуру атрыманьня бясплатнага мэдычнага абслугоўваньня, якое гарантаванае дзяржавай, ня могуць і ў іншых паліклініках. Калі чалавеку спатрэбіцца, напрыклад, трапіць на прыём да нэўрапатоляга ці ўроляга ў паліклініку №8, яго чакае тое самае – чэргі за нумарком зьяўляюцца за гадзіну да пачатку працы клінікі. Саша Заяц 20.10.2008
На весь Магілёў роднае слова вывучаюць усяго шэсць малых
Колькасць дзетак у адзінай у Магілёве беларускамоўнай садковай групе магла быць значна большай, аднак гэтаму замінаюць улады. Такой думкі прытрымліваецца адзін з яе стваральнікаў Зміцер Салаўёў. – Справа ў тым, – гаворыць Зміцер, – што не так даўно мне тэлефанаваў адзін з бацькоў, які жадаў аддаць сваё дзіця ў гэтую групу і распавёў сітуацыю, з якой ён сутыкнуўся. Калі прыйшоў у гарана, то чыноўнікі сказалі яму, што падаваць заяву ў гэтую групу не трэба, бо, магчыма, яе хутка ўжо не будзе. Я падазраю, што тыя, хто звяртаўся не напрамую да загадчыцы дзіцячага садка, ці да нас – не трапілі ў гэтую групу. Зміцер Салаўёў адзначае, што сёлета была ініцыятыва з боку кіраўніка гарана спадара Гапеева зачыніць яе. – Калі я дазнаўся пра гэта, – працягвае Зміцер, – то сказаў, што мы будзем адстойваць свае правы праз суд, і па закону яны не маюць права такога рабіць. Я хацеў бы выказаць падзяку загадчыцы садка, якая стаіць на баку беларускамоўных бацькоў. Яна ад гэтай групы мае галаўны боль, але дапамагае нам. Трэба адзначыць, што беларускамоўная група шырока рэкламавалася ў магілёўскіх сродках масавай інфармацыі. Абвесткі развешваліся ва ўсіх тралейбусах горада, але колькасць дзетак, якія яе наведваюць, цяпер складае ўсяго шэсць чалавек. Вітольд Няўрыда 16.10.2008
"Сухі" закон набліжаецца?
Магілёўскі гарсавет дэпутатаў на вырашыў забараніць продаж піва ў шапіках на прыпынках грамадзкага транспарту, непадалёк ад навучальных установаў і прахадных прадпрыемстваў. Мэта – прафіляктыка п’янства Крок за крокам улады набліжаюцца да ўвядзеньня "сухога" закону. П’янства – дастаткова распаўсюджаная і вельмі сур’ёзная для грамадства зьява – з гэтым спрачацца складана. Сёлета, напрыклад, ад выпадковага атручваньня алькаголем у Магілёве загінула 59 чалавек. А колькі народу памірае ад хваробаў-спадарожнікаў сьпіртнога? Сярод моладзі застаецца модным піва й іншыя згарачальныя напоі. Аднак: забарона – ці мэтад для прафілактыкі п’янства? Калі чалавек пажадае выпіць, ён заўжды знойдзе. Ды й "сухі закон" – ня выйсце. Адразу ж зьявіцца нелегальная самагонная прамысловасьць, ваяваць зь якой практычна нерэальна. Здаецца, дэпутаты яшчэ жывуць савецкімі часамі, калі лічалася, што забарон – самы лепшы мэтад дасягнуць посьпехаў. Ну ня могуць зразумець нашыя "прадстаўнікі народу ва ўладзе", што такімі мэтадамі толку не дабіцца. Грамадзяне гэта разумеюць. Кажуць – справа ў культуры. Трэба мяняць перш за ўсё выхаваньне. Напрыклад, амаль у кожнай сям’і за сьвяточным сталом – спіртное. І дзеці – усё бачаць, прызвычайваюцца: ёсьць падстава – трэбы выпіць. А потым, глядзіш, падрастаюць і пачынаюць… А вось яшчэ адзін прыклад. У суботу 11 кастрычніка ў Магілёве ля Палацу культуры вобласьці адбыўся восеньскі кірмаш. Што значаць кірмашы для магілёўцаў – ведае кожны гараджанін. Гэта "добры" адпачынак: можна і зь сябрамі па таннай чарцы "ўмазаць", і сем’ямі адпачыць ды шкваркай закусіць. А дзеці побач – глядзяць... Вучацца! Саша Заяц 15.10.2008
Загінуў дырэктар магілёўскага клуба "CUBA" Віталь Озераў
Па першапачатковым дадзеным прычынай сьмерці сталася самагубства. Справа перададзена ў пракуратуру. Ідэя адкрыць ў Магілёве новы начны клуб у Віталя Віктаравіча нарадзілася яшчэ ў верасьні 2006 года. За 25 дзён (!) ён разам з сябрам Алесем Нікрашэвічэм зрабілі рамонтныя працы, і ўжо з кастрычніка клюб прымаў першых гасцей. А 17 кастрычніка 2006 года адбылося афіцыйнае адкрыццё "Кубы". З лютага 2007 года Віталь Озераў супрацоўнічаў з ТО "Цэнтар жывога року" і даў магчымасьць маладым і таленавітым вядомым магілёўскім рок-гуртам правесці некалькі канцэртаў. З дырэктарам клуба добра знаёмы пастаянныя наведвальнікі – Віталь амаль заўжды быў сярод сваіх кліентаў, часта сам стаяў за барнай стойкай. Можа таму, "Куба" сталася месцам з добрай душэўнай атмасфэрай цяплыні і хатняй утульнасьці. Дарэчы, на ўвесь клуб заўжды быў толькі адзін ахоўнік, які стаяў на ўваходзе, – і пры гэтым у "Кубе" было заўжды бясьпечна. Пахаваны Віталь Віктаравіч Озераў дзевятага кастрычніка на могілках "Самарокава" непадалёк Магілёва. Саша Заяц 13.10.2008
Хацелі ўшанаваць царкву, але ўганаравалі касцёл
Праваслаўная грамада горада Магілёва вырашыла ўсталяваць памятны крыж на месцы, дзе раней знаходзілася зруйнаваная Пакроўская царква. Усталявалі… але на месцы былога Бернардынскага касцёла. – На месцы, дзе стаяла Пакроўская царква, зараз хмызняк, – гаворыць гісторык Ігар Марзалюк, – а крыж, які ўсталявала праваслаўная грамада горада, трэба адсунуць на 40 метраў па – там будзе сапраўднае яе месца. Гэта нейкая экспансія на каталіцкія падмуркі! Ігар Марзалюк адзначае, што зараз Падміколле амаль пустуе, і на ім можна адбудоўваць не толькі Падмікольскую царкву і Бернардынскі касцёл, але і іншыя гістарычныя помнікі архітэктуры. – Адбудова гэтых будынкаў, – лічыць гісторык, – справа канфесійная. Можна ўзгадаць не толькі гэтыя будынкі, але і прыгадаць Фарны касцёл, які каталіцкай грамадзе на сучасны момант зусім не патрэбен, а гэта першы мураваны будынак у горадзе, з якога пачалося мураванае дойлідства Магілёва. Асноўны аб’ём гэтага касцёла захаваўся па сучасныя дні, але выкарыстоўваецца ён як склад "Белсаюздрука". Вітольд Няўрыда 10.10.2008
Атрымалі дыплёмы і зноў вучацца. Выжываць…
Маладыя спэцыялісты пачуваюць сябе ня так добра, як дэкляруе дзяржава. Сярэдні заробак выпускнікоў магілёўскіх ВНУ прыкладна 310 тысяч. Больш пашчасьціла тым, хто "магілёўскі" і разьмеркаваўся менавіта ў родны Магілёў. Менш – тым, хто выехаў на працу ў іншы горад: яны вымушаныя здымаць хату за свае грошы. Пэсімыстычныя погляды учорашніх студэнтаў абгрунтаваныя рэальнымі ўмовамі жыцьця на тле нязбылых абяцаньняў, якія гарантаваў ВНУ. Скаргі ад маладых спэцыялістаў чутны й дагэтуль. Хаця ад размеркаваньня прайшло каля трох месяцаў. Напрыклад, некалькі выпускнікоў Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту будаўнічай спэцыяльнасьці разьлічвалі разьмеркавацца ў прэстыжную прыватную фірму, якая з радасьцю прыняла іх. Абяцалі й заробак нядрэнны – каля 800 тысяч. Замест гэтага, з-за новага палажэньня аб разьмеркаваньні, адправілі на працу ў дзяржаўную арганізацыю з акладам каля 300 тысяч. "Магілёўстройламайтрэст" – гэтак зьняважліва называюць былыя студэнты БРУ сваю арганізацыю – аказалася вельмі жабрацкай "канторай". Колькі складае іхны заробак, ня ведаюць – не атрымалі яшчэ аніводнага рубля. А хлапцы працуюць з жніўня. Такія тут затрымкі. Малады выпскнік унівэрсітэту харчаваньня разьмеркаваўся эканамістам у раённы цэнтр. Скардзіцца: калектыў ня вельмі добры, мяне не ўспрымаюць, часта сварымся – працаваць дрэнна. Хату прыходзіцца здымаць за свае. Дамоў прыяжджае ня часта – не хапае грошай, бо апошні заробак склаў 310 тысяч. – У маёй групе былі адлічаныя пяць студэнтаў. Цяпер яны працуюць на прыватных фірмах і зарабляюць па мільёну. І навошта мне была вышэйшая адукацыя? – расчараваньне маладзёна ня мае межаў. Не асабліва адрозьніваецца сытуацыя і з выпускнікамі МГУ імя Куляшова. Зьміцер, напрыклад, разьмеркаваўся ў горад, дзе жывуць ягоныя бацькі. Спачатку ўзрадаваўся – ды ранавата: кадры спатрэбіліся ў вясковай школе. Цяпер ён вымушаны больш за паўтары гадзіны ехаць на аўтобусе на працу. Потым гадзіну-дзьве проста бавіць час у настаўніцкай. Урокаў тры, далей зноў бавіць час, пакуль ня скончуцца заняткі і разам з вучнямі едзе на аўтобусе . У выніку – кожны дзень вымушаны страчваць па 10 гадзінаў на тое, каб правесці тры-чатыры заняткі. Дамоў трапляе каля шасьці вечара. Заробак таксама вымушае сумаваць – прыкладна 320 тысяч. Дзе дзяржава бярэ для агітак шчаслівыя твары цяперашніх маладых спэцыялістаў – сапраўдная загадка для новых супрацоўнікаў. Чаму ў іх заробак крыху болей за 300 тысяч – загадка яшчэ большая, чым справы дзяржаўнай ідэалёгіі. Саша Заяц 09.10.2008
За дапамогу следству трапіў за краты
У Менску пазбавіўся волі 21-гадовы хлопец, які на працягу амаль трох месяцаў дапамагаў следству па справе выбуху 4 ліпеня. Падзяка за дапамогу? Міліцэйскі крок адчаю? Ужо шостыя суткі Аляксандр Корык праводзіць у зняволяньні – без прад’яўленьня абвінавачваньняў, без завядзеньня справы – проста для высьвятленьня датычнасьці да выбуху 4 ліпеня. Напэўна, трох папярэдніх месяцаў супрацоўніцтва з органамі міліцыі не хапіла, каб высьвятліць гэта. Усё пачалося яшчэ за тыдзень-два да выбуху. Вяртаючыся з гіпер-маркета "Гіпо", дзе Аляксандр працаваў на выкладцы сокаў, на прыпынку да яго звярнуліся два маладых чалавекі, паводзіны якіх юнак адзначыў як неадэкватныя. Папрасіўшы цыгарэту, хлапцы яго папярэдзілі – з’яждай адсюль, тут хутка будзе "вялікі бах". У Дзень Незалежнасьці, 3 ліпеня, Аляксандр езьдзіў да матулі, якая жыве ў Бярэзінскім раёне. Вярнуўся да хаты каля адзінаццаці вечара. А назаўтра яго сябра Аляксандр Гузаў – разам яны здымаюць кватэру ў Менску – паведаміў пра выбух. Корык вырашыў дапамгчы следству – сам прыйшоў да міліцыі і паведаміў пра гісторыю зь незнаёмцамі. І тут пачалося неспакойнае жыцьцё – пастаянныя допыты, выклікі, запрашэньні дапамагчы знайсьці пакет з-пад сока "Садачок". Аляксандр вымушаны быў кожны дзень, акрамя працы да адзінаццаці вечара, аб’яжджаць дзясяткі магазінаў з аб’явамі і шукаць гэты пакет. Прыкладна два тыдні таму Саша разьвітаўся з "Владпромимпортом", дзе ён працаваў супервайзерам. Уладкаваўся на новую працу. А 30 верасьня апынуўся за кратамі. Што цяпер будзе – не вядома. І навошта міліцыі такія людскія ахвяры? – Яны папросту ламаюць жыцьцё, – адзначае сябра Аляксанд Гузаў. Яго, дарэчы, таксама дапыталі. А ў кватэры, дзе хлопцы жывуць, зрабілі обшук. – Я ўпэўнены ў яго недатычнасьці. Я пацьвердзіў яго алібі. У кватэры, зразумела, анічога ня знойдзена. Хімію ён ня ведае ўвогуле. Якім чынам органы высьвятляюць датычнасць юнака? І чаму за кратамі апынуўся той, хто дапамагаў сьледству? І якія ўвогуле падазрэньні могуць быць у адносінах яго? На гэтыя пытаньні міліцыя адказу не дае. Можа, наўпрост жадаюць зрабіць "казлом адпушчэньня" за выбух? Застаецца толькі спадзявацца на лепшае – на тое, што хлопца выпусьцяць на волю, ды с працай усё наладзіцца. Аднак адносіны даверу да органаў у грамадзян зьмяніліся. Цяпер – лепш сядзець і не высоўвацца, калі што і ведаешь. А то і па аддзяленьнях зацягаюць, і дапамагаць прымусяць, і за краты кінуць. Саша Заяц 06.10.2008
БРСМ пачаў акцыю "Нет сквернословию!"
У яе канцэпцыі адзначаецца, што бруднамоўе – адна з негатыўных з’яваў у грамадскім жыцці, якая ўжо даўно перастала быць "лінгвістычнай прэрэгатывай" толькі малаадукаваных. Мат можна пачуць у калідорах прэстыжных ВНУ, са сцэны і экрана, убачыць яго на старонках друкаваных выданняў. Мэтамі акцыі з’яўляецца духоўна-маральнае, эстэтычнае, інтэлектуальнае выхаванне моладзі і фармавання ў маладых людзей каштоўнасных адносінаў да культуры зносінаў. Акцыя будзе працягвацца да траўня 2009 года і за гэты перыяд будзе праведзены шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку – выраб тэматычнай інфармацыйнай прадукцыі, стварэнне фільма "О вреде сквернословия", размяшчэння расцяжак на вуліцах горада, правядзення адзіных дзён інфармавання і г.д. Такім чынам БРСМцы спрабуюць узвысіць культуру зносінаў моладзі. Гісторык Анатоль Сідарэвіч адзначае, што "брудных" словаў у мовах не бывае і па іншаму ставіцца да гэтай праблемы, знаходзіць яе карані ў расійскай гісторыі. – "Брудныя" словы, кшталту "б…", "х…", з’явіліся ў 18 стагоддзі ў эпоху класіцызма, бо ў гэты перыяд адбывалася станаўленне расійскай мовы. Вельмі дрэнную паслугу расійскай мове аказаў вучоны Міхайла Ламаносаў, які на ўзор класіцызма падзяліў лексіку расійскай мовы – на высокі, сярэдні і нізкі стылі (так як ў паэзіі). Калі ў польскай мове ёсць словы "дупа" ці "гоўно", яны гэтаксама з’яўляюцца і літаратурнымі словамі, пішуцца без усялякіх скаротаў. Калі ў немцаў "шайзе", то гэта і ў літаратурнай мове "шайзе". Немцы так і гавораць – на вуліцы, у кампаніях, і гэта ўспрымаецца нармальна. А ў расійскай мове пасля ўвядзення стыляў з’явіліся так званыя "маты", якія сталі забароненымі, – гаворыць гісторык. Анатоль Сідарэвіч падкрэслівае, што дзякуючы таму мова дзялілася на дазволеную і недазволеную. – Немец Марцін Лютэр складаў сваю біблію да эпохі класіцызма. Ён хадзіў па базарах, слухаў як людзі размаўляюць і напісаў біблію на той мове, на якой размаўлялі людзі. У немцаў праблемы з матамі няма. Тое самае і са Скарынай – калі ён рабіў пераклад бібліі на беларускую мову, то ён ужываў словы, на якіх размаўлялі звычайныя людзі. Таму, напрыклад, ў Скарынаўскай бібліі слова "блядзь" абсалютна нармальнае слова, якое ўжывалася ў тыя часы. Пачытайце берасцяныя Наўгародскія граматы – яны пісаліся нармальнай звычайнай мовай, але па сучасных мерках маюць шэраг матных выразаў. У той час не было забароны на "матную" лексікі. Расіяне самі сабе прыдумалі гэтую праблему, – падкрэслівае гісторык. Выхад Анатоль Сідарэвіч бачыць у вяртанні да моўных каранёў, да часоў увядзення стыляў мовы. – Што тычыцца Беларусі і Ўкраіны, – працягвае гісторык, – то тут нашыя народы "малпавалі" ўсё з Расіі і пераймалі гэтыя стылі. У беларускай мове ёсць таксама словы "х.. " і "п.. ", але яны ніколі не былі матамі да ўвядзення гэтых стыляў. У адрозненне ад расійскай у беларускай мове ніколі не ўжываліся "трохпавярховыя" маты. Тут трэба размежаваць словы, якія сталі матамі пасля ўвядзення стыляў, і лаянку. Маты – гэта нармальныя словы. Другая справа – лаянка, то бок "ё… тваю…" і г.д. Такога ў нас не было. Самымі страшнымі лаянкавымі словамі на Беларусі былі "нассяру тваёй матэры", "пацалуй мяне ў сраку". Кузьма Чорны казаў, што ў беларускім слове "нассяру" трэба пісаць тры літары "с". Адзін з грамадскіх лідэраў Сяржук Бахун адзначае, што ў Беларусі самым лепшым спосабам змагання з матамі з’яўляецца вывучэнне і ўжыванне беларускай мовы, якая ў большай ступені абаронена ад брудных словаў чым руская мова. Вітольд Няўрыда 03.10.2008
Сістэма пачала помсціць за выбары
Муж экс-кандыдаткі ў дэпутаты Наталлі Зайцавай патрапіў у бальніцу: у яго адкрылася язва. – У панядзелак, - гаворыць Наталля, – мой муж напісаў заяву свайму начальніку з просьбай адпусціць яго на апошняе паседжанне выбарчай камісіі №87, бо ён з’яўляецца маёй даверанай асобай. Яго адпусцілі. На наступны дзень ён прыйшоў на працу, і ў яго запыталі, чаму не быў на працоўным месцы. Калі пачаў тлумачыць прычыну адсутнасці і спасылацца на заяву, якую напісаў на імя свайго начальніка, то пачуў: заяву неабходна было падпісаць яшчэ і ў дырэктара завода. З гэтай нагоды ён вельмі знерваваўся і з учарашняга дня знаходзіцца ў бальніцы, – адзначае Наталля. Наталля Зайцава гаворыць, што хадзіла ў акруговаю выбарчаю камісію і прасіла, каб яны далі спраўку аб тым, што яе муж у гэты час прысутнічаў на паседжанні камісіі, але старшыня адмахнулася, спасылаючыся на недахоп часу. – Сёння я зноўку пайду ў гэтую камісію, – гаворыць Наталля, – але не ўпэўнена ў тым, што мне гэтую спраўку падрыхтавалі. Што будзе цяпер на працы з мужам – таксама невядома. Вітольд Няўрыда 02.10.2008
Магілёў: бацькі стаміліся ад пастаянных пабораў
У дзіцячым садку №1, што знаходзіцца ў мікрараёне Казіміраўка, з бацькоў дзяцей патрабуюць пастаяннае аказанне спонсарскае дапамогі. – Пры паступленні дзіця у садок, – гаворыць адзін з іх, – загадчыца прапанавала аказаць спонсарскую дапамогу ў памеры 100 тысяч рублёў. Потым высветлілася, што ў дзіцячым садку няма цацак, посуда, лінолеўма, мыла, паперы для прыбіральні і г.д. і ўсё гэта было неабходна набываць бацькам. Яны абураліся, але набывалі. – Тым часам запатрабаванні загадчыцы асадку пачалі расці, – працягвае маці аднаго з дзяцей, – і цяпер адмаўляецца прымаць падарункі ад бацькоў у выглядзе цацак: патрабуе грошы. Бацькі гатовы іх даць, але не ўпэўнены, што сродкі пойдуць на іх дзяцей і прапануюць уключыць "спонсарскую дапамогу" ў аплату за садок, каб забяспечыць малых добрай ежай і магчымасцю з карысцю бавіць свой час у дашкольнай установе. Зараз бацькі звярнуліся з лістом да мэра Магілёва, дзе апісваюць сітуацыю вакол дзіцячага садка №1. Вітольд Няўрыда 02.10.2008 |