Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members kola Магілёў Магілёўскі далягляд № 11, лістапад
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Магілёўскі далягляд № 11, лістапад

Матушка патрабуе развода з бацюшкам: гуляе і б’ецца!

У суд аднага з раёнаў Магілёва звярнулася жонка праваслаўнага бацюшкі спадара Сеня, які працуе ў дрыбінскай Спаса-Прэабражэнскай царкве.

Жонка абвінавачвае яго ў рукапрыкладстве, пралюбадзействе і патрабуе разводу.

Матывацыя яе зразумелая, бо акрамя сваіх уласных чатырох дзяцей, высветлілася, на баку бацюшка мае яшчэ траіх пазашлюбных, пры гэтым самы малодшы з іх маладзейшы за самага апошняга, які народжаны ў шлюбе, усяго на два тыдні.

Спадарыня Сень адзначае, што неаднаразова звярталася да кіраўніцтва праваслаўнай епархіі, але там ніякім чынам не здолелі паўплываць на паводзіны мужа.

Зараз суд даў на роздум тэрмін, які прадугледжаны заканадаўствам. Калі за гэты час бацюшка не замірыцца з матушкай, то хутчэй за ўсё адбудзецца развод.

Вітольд Няўрыда

26.11.2008

Як ні круці, а "s" застаецца "г"

На плошчы Леніна ў Магілёве усталяванае нешта з прэтэнзіяй на архітэктуру з назовам "Нулявы кіламетр". На першы погляд, хай не арыгінальна, але...

Стаіць ён сабе сіратліва перад Домам Саветаў, адлегласць адлічвае. Ды й бакі Сьвету паказвае. Для гасцей горада – даўно ўжо не набытак. Асабліва для мінчан – на Кастрычніцкай плошчы Менска ўсталяваны падобны. Але ў нашага, магілёўскага, ёсць свая гумарная асаблівасць.

Бакі Сьвету абазначаны лацінскімі літарамі, як прынята ва ўсім сьвеце. Вось толькі поўдзень вызначаны не буквай S, а курсіўнай маленькай літарай "г". Калі грамадзяне заўважаюць, дык першая рэакцыя такая: "А, дык проста не з таго боку глядзім!" Пераходзяць на 180 градусаў – ізноўку "г". Як ні круціся, а "г" не можа пераўтварыцца ў "S". Даволі цікава бывае паказаць наведвальнікам горада наш "нулявы кіламетр" – не як архітэктурны элемент, а так – проста пасьмяяцца.

Дарэчы, па словах начальніка упраўленьня архітэктуры гарвыканкама, у хуткім часе памылка будзе выпраўлена. "Зараз праходзіць рэканструкцыя плошчы, на працягу якой гэтая праблема будзе вырашына", – паабяцаў сп.Якушык.

Так што сьпяшайцеся, пакуль не знесьлі, паглядзець на гэты цуд. Гэткі, лічы, новы бок Сьвету – "г". Засталося да яго толькі назву прыдумаць.

Саша Заяц

25.11.2008

Белтэлекам добра робіць толькі рэкляму

У астатнім, упэўнены жыхар Магілёва, гэта – ненадзейная праца, вялікія грашовыя паборы, маленькая хуткасць інтэрнэта і старое абсталяванне.

– У мяне, напрыклад, праца вельмі залежыць ад тэлефоннай сувязі, – распавядае Максім, жахар Кастрычніцкага раёна. – І вось аднойчы сувязь знікла. Крыху пачакаў, пачынаю тэлефанаваць на Белтэлекам. Дзяўчына адказала: рамонт кабеля. Абяцалі зрабіць праз дзень. Два дні я жыў без тэлефона і інтэрнэта – з-за гэтага страціў каля 15 тысяч. На наступным тыдні сітуацыя паўтарылася. Зноў рамонт кабеля. Зноў два дні без сувязі і інтэрнэта. У дадатак пасьля рамонту тэлефон чамусьці падлучылі да суседзяў. А нам – іхні нумар. Яшчэ дзень мы атрымоўвалі званкі ад тых, хто тэлефанаваў суседзям.

З інтэрнэтам у Максіма сітуацыя ня лепш. Аніводнага кантэнт-правайдэра падлучыць не можна – старая лінія, адказваюць. У дадатак да гэтага, тэлефон "спараны" з тымі ж суседзямі.

– Выхад ёсць – проста "распарыць" апарат і перайсці на новую АТС. Аднак, вольных нумароў у гэтым раёне няма. Так адказваюць у Белтэлекаме. Летась, – дадае Максім, – Белтэлекам усталяваў ужо другую новую АТС у Ленінскім раёне. А мы пяты год пішам заявы на "распарку". Пра нас хіба забылі.

Калі Максім карыстаецца электронным сецівам, тэлефонная сувязь занятая і ў яго кватэры, і ў кватэры суседзяў. Ні патэлефанаваць, ні прыняць званкі нельга. Такі ў нас Белтэлекам. Ды й інтэрнэт, па словах жыхара, настолькі марудны, што проста часам не хапае нерваў, каб дачакацца той жа электроннай пошты.

Коштамі, дарэчы, Белтэлекам таксама ганарыцца не будзе. Бадай, толькі самымі вялікімі. Перааформіць уладальніка нумара каштуе прыкладна 60 тысяч рублёў. Столькі ж правесьці і падлучыць новы "гарадскі тэлефон". Таму пры куплі кватэры наяўнасць праведзенага тэлефона даўно ўжо не служыць перавагай. Нават, калі набываешь кватэру "з тэлефонам", за пераафармленне ўладальніка плаціш тыя ж самыя грошы, што і за новы. Мабільная сувязь у гэтым плане выйграе намнога. У МТСе, напрыклад, пераафармленне ўладальніка нумара каштуе ўсяго тры тысячы.

Паслуга Белтэлекама "Чорны спіс" можа спачатку зацікавіць – добрая ідэя паставіць каго-небудзь ў яго, каб не дакучваў іншым разам. Аднак у "чорны спіс" па-белтэлекамаўску заносяцца ня тыя, хто затым не могуць датэлефанавацца да цябе, а тыя, каму нельга будзе патэлефанаваць з твайго нумара. Такая паслуга ў мяне, напрыклад, вызвала толькі ўсмешку.

Саша Заяц

25.11.2008

Бясплатны абед для навучэнцаў каштаваў ажно 150 рублёў!

У Магілёўским дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы (МДЭПТК) тое ўжо стала "нормай". Не дапамог і зварот моладзі ў гарвыканкам.

– Звычайна стыпендыю плоцяць "месяц ў месяц", – тлумачыць навучэнец МДЭПТК другой ступені першага курса. – Гэтак жа выплочваецца і ў суседнім архітэктурным каледжы, палітэхнікуме, ва ўнівэрсітэтах. І толькі ў нас, чамусьці, заўжды ў наступным месяцы.

Дырэктар каледжа сп.Бахановіч у адказах на пытанні навучэнцаў усю вінаватасьць з сябе скідвае. Маўляў, так паступаюць дзяржаўныя сродкі, і ён нічога не можа паправіць. Вось толькі навучэнцы не разумеюць, чаму іншыя навучальныя установы атрымоўваюць сродкі своечасова, а тут – з затрымкай амаль на месяц. Нават нарадзілася думка, што не ў дзяржаўным фондзе  справа, а ў самім каледжы, і што грашовыя сродкі спецыяльна затрымліваюць з нейкай мэтай – напрыклад, атрымоўваюць прыбытак ад іх накапленьня.

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Віктар Шорыкаў у сваім адказе навучэнцам МДЭПТК адзначае:

"Тэрмін фінансаваньня стыпендыі для УА "МДЭПТК" усталяваны кожны месяц 8 ліку за папярэдні месяц. Атрымоўваць стыпендыю за верасень можна было з 9 кастрычніка".

На думку эканаміста аднаго з унівэрсітэтаў Магілёва, стыпендыя – гэта від сацыяльнай падтрымкі, і яна, таксама як і пенсія, выплочваецца "месяц у меясц" – у верасні за верасень. Гэта пацьвярджаецца і нарматыўнымі актамі. Напрыклад, міністэрства адукацыі у сваёй Пастанове №20 ад 23 сакавіка 2001 года зацьвердзіла Інструкцыю аб парадку устанаўленьня й выплаты стыпендый навучэнцам установаў, якія забясьпечваюць атрыманьне прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Па словах навучэнца МДЭПТК, першыя два гады навучаньня стыпендыю юнакі ўвогуле не атрымоўвалі. Замест яе – прапаноўвалі абеды. На лета ўсё ж налічылі, хаця назваць гэта стыпендыяй складана: памер выплат кіраўніцтва каледжа вырашыла разлічыць ад кошта тых самых абедаў. Напрыклад, за два тыдні заплацілі каля 2000 рублёў. Атрымоўваецца, што адзін абед каштаваў 150 рублёў.

Саша Заяц

21.11.2008

Крык роспачы да новаабараных дэпутатаў

Група магілёўскіх выбарцаў вырашыла збіраць подпісы за вяртанне сацыяльных ільгот.

Цяпер з лістапада ў кожнай выбарчай акрузе Магілёва чалавек можа паставіць подпіс пад зваротам да свайго дэпутата Палаты Прадстаўнікоў, якому прапаноўваюць вярнуць сацыяльныя  льготы, найперш 50 адсоткаў скідкі на праезд для  інвалідаў, пенсіянераў, непаўнагадовых дзяцей і студэнтаў.

Дваццаціпяцігадовы  інвалід  Зміцер Заўяла не можа дастаць нават калёсіка для свайго замежнага хадунка, таму не ведае, як прайсці зімой па снягу. Ён псіхалагічна і матэрыяльна адчуў на сабе наступствы зніжэння сацыяльных гарантый.

– Пасля адмены льгот мне цалкам прыйшлося плаціць за ліфт, за бялізну, якую я здаваў  у мыццё, за лекі. Атрымліваю ж усяго дзве сотні тысяч у месяц. Думаю, нічога не зменіцца, пакуль у нас будзе такая ўлада, якая клапоціцца толькі пра сябе, але не аб  простых людзях.

Яго бацька Анатоль Заўяла  настроены больш аптымістычна: мяркуе, дапамагчы падобным людзям можна праз подпісы да свайго дэпутата.

– Дэпутаты пакажуць, наколькі іх перадвыбарчыя абяцанні адпавядаюць рэчаіснасці. Калі  збяром подпісы, то яны мусяць праявіць заканадаўчую  ініцыятыву. А калі  не, то пакажуць сваё сапраўдную сутнасць. Глядзіце, у так званай сацыяльнай дзяржаве правоў  пазбавілі  1 мільён 843 тысячы школьнікаў і студэнтаў, а ў суседняй Польшчы тая ж моладзь плоціць амаль палову кошта за праезд.

Увесь лістапад актывістыі будуць хадзіць па кватэрах і хатах, нагадваць, што многія цяперашнія дэпутаты  падчас выбараў абяцалі вярнуць сацыяльныя льготы і гарантыі.

– Я чакаю ад Палаты заканадаўчай  ініцыятывы аб вяртанні  льгот, – разважае зборшчыца подпісаў  пенсіянерка Галіна Лісіцына. – Дэпутаты мусяць паказаць сваю законнасць, паводле 25 артыкула закона аб  іх статусе прарэагаваць на звароты людзей. А калі  не прарэагуюць, то мы можам патрабаваць  іх адстаўкі. Хай падумаюць.

Аляксандр Васняцоў

06.11.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: