Магілёўскі далягляд № 12, снежань
|
За марыхуану сакратар БРСМ трапіў на "хімію"
Лідэр адной з магілёўскіх пярвічак напіўся "канаплянага малачка" і выправіўся ў гулі па гораду. "Гулёну" з банкай кайфавага напою спыніла міліцыя. Сакратар першаснай арганізацыі БРСМ КПУП "Магілёўзеленбуд" Дзмітрый Данілін разам са сваім братам Арцёмам Хадоркіным атрымалі два гады "хіміі" за ўжыванне марыхуаны. Маладзёны набылі малака, нарвалі дзікарастучай канаплі, зварылі яе, працадзілі праз марлю і ўжылі па некалькі глыткоў кожны, пасля чаго пайшлі гуляць па гораду, дзе каля ўніверсама №4 іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Пры асабістым даглядзе ў спадара Даніліна знайшлі банку з вадкасцю карычневага колера. БРСМавец патлумачыў, што ў ёй гашышная алея, якую ён зрабіў разам з Арцёмам для асабістага ўжывання. Затрыманыя адразу прызналі сваю віну і пачалі даваць паказанні. Пазней высветлілася, што спадар Данілін не толькі будучы эканаміст, але і зацяты хімік, які ведае механізм прыгатавання гашышнай алеі. Экспертыза паказала, што ў мачы маладзёнаў прысутнічалі канабіноіды. Трэба адзначыць, што абодва затрыманых з’яўляюцца студэнтамі 3-га і 5-га курсаў эканамічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. Вітольд Няўрыда 11.12.2008 |