Замежнікі дапамагаюць дзецям і старым
Дабрачыннікі з ЗША, Ірландыі, Галандыі ды іншых краін апякуюцца дзіцячымі лячэбнымі ўстановам, а таксама адзінокімі састарэлымі людзьмі з Магілёва, Клімавіч, Горак.
Днямі Магілёў наведала Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт. Яна перадала Магілёўскай абласной бальніцы груз лекаў. Гэта антыбіётыкі новага пакалення, і іх хопіць для таго, каб пралячыць ад розных хваробаў больш за 15 тысяч дзяцей. Гэты гуманітарны груз каштуе больш за 2 мільярды беларускіх рублёў. Магілёўскія медыкі выказалі амерыканскаму амбасадару шчырую ўдзячнасць за дапамогу.
Горацкія ўлады дамовіліся з дабрачыннай арганізацыяй "Дзеці Чарнобыля" з Ірландыі пра будаўніцтва сацыяльна-педагагічнага цэнтра (так цяпер называюцца дзіцячыя сацыяльныя прытулкі) разам з цэнтрам рэабілітацыі і навучання для дзяцей-інвалідаў. У раённым цэнтры ўжо выбраны зямельны ўчастак пад будаўніцтва, але праект будуць рабіць у Ірландыі. Плануецца, што прыканцы гэтага года пачнецца будаўніцтва, 35 ірландскіх рабочых пабудуюць цэнтр для дзяцей за 15 тыдняў. Раёная ўлада дапаможа толькі тэхнікай, астатняе – за кошт дабрачыннікаў.
Міжнародны дабрачынны "Ротары"-клуб дапамагае дзіцячаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру ў Клімавічах, дзе звычайна жыве і вучыцца прыкладна з паўсотні дзяцей, якія трапілі ў крытычныя сітуацыі. клуб "Ротары" пералічыў 4 тысячы еўра на рамонт даха цэнтра. А прадстаўнікі фонда дапамогі дзецям Чарноблыя з Галандыі на 1,5 тысячы еўра набылі ў клімавіцкіх крамах цёплы абутак для дзяцей і бытавую тэхніку для дома ветэранаў.
"Ротары" прапанаваў мясцовым уладам дапамогу для стварэння камфортных умоў жыцця ў доме ветэранаў у вёсцы Вялікі Мох. Там у будынку барачнага тыпу жывуць каля 40 адзінокіх пенсіняераў. У гэтай старой пабудове няма магчымасці нават паставіць добрыя ложкі, таму ўмовай ажыццяўлення праекту дабрачыннікі паставілі выдзяленне іншага будынку – у такім выпадку паабяцалі яго поўнасцю абсталяваць.
Сяргей Гутарэвіч
26.01.2007