Хлопчык загінуў на сваё трынаццацігоддзе
За мінулы тыдзень у Магілёўскай вобласці дзве авары сталі смяротнымі для пяці пасажыраў "Жыгулёў". Старыя савецкія машыны у аварыйных сытуацыях больш небяспечныя за іншамаркі.
У суботу ўвечары ў Бялыніцкім раёне адбылася страшная аварыя. У выніку лабавога сутыкнення двух аўтамабіляў – "Жыгулей" і "Мазды" загінулі чатрыры чалавекі, з якіх двое – дзеці.
Паводле звестак ДАІ, 27-гадовы мінчанін, які кіраваў іншамаркай, пайшоў на абгон, і сутыкнуўся на сустрэчнай паласе з "сямёркай". Распачата крымінальная справа.
У "Жыгулях" на месцы загінулі чацвёра: 36-гадовы мужчына,
33-гадовая жанчына, дзяўчынка 2004 года нараджэння і хлопчык, якому ў дзень аварыі споўнілася 13 гадоў. Яшчэ двое мужчын атрымалі траўмы. Жыццё 32-гадовай жанчыны, якія кіравала "сямёркай", выратаваў рамень бяспекі. Але яна страціла мужа і дзіця.
У "Маздзе" атрымала цялесныя пашкоджанні толькі пяцімесячная дзяўчынка, якая шпіталізавана. Астатнія – не пацярпелі.
А некалькі дзён таму, у складаных пагодных варунках яшчэ адны "Жыгулі" трапілі ў аварыю ў цэнтры Магілёва, на праспекце Пушкіна. Аўтамабіль выскачыў на сустрэчную паласу і ад лабавога сутыкнення з маршрутнай таксоўкай пераўтварыўся ў груду жалеззя, дзе адзін чалавек, мужчына 49 гадоў, загінуў, а два пацярпелі так моцна, што апынуліся ў рэанімацыі. У маршрутцы пасажары, лічы, толькі спужаліся, але прыканцы дня адзін з іх быў шпіталізаваны з чэрапна-мазгавой траўмай.
Гэтыя аварыі даюць падставы сур'ёзна задумацца, наколькі бяспечныя для здароўя і жыцця людзей старыя савецкія аўтамабілі. У крытычных сітуацыях, аварыях кіроўцы і пасажыры моцна церпяць. Атрымліваецца, што пры яздзе на іншамарках больш шанцаў на выжыванне нават у самых страшных сутыкненнях.
Сяргей Гутарэвіч
30.01.2007