Крадуць усё часьцей: ад металу да мабільных тэлефонаў
Колькасць крадзяжоў у Магілёўскай вобласці летась дасягнула амаль 14 тысяч. Гэта найбольшы паказчык за апошнія пяць гадоў.
Усё больш крадуць у гарадах Магілёве і Бабруйску, меней – у сельскай мясцовасці. Павялічылася колькасць рабаўніцтваў кватэраў і дамоў.
Міліцыю сёння вельмі хвалюе сітуацыя на прадпрыемствах. Напрыклад, нядаўна з Магілёўскага ліфтавага завода зніклі амаль дзве тоны медзі. Злодзеяў знайшлі: імі аказаліся работнікі гэтага ж прадпрыемства. Нядаўна з Бабруйскай фабрыкі футру скралі каля трох тысяч кушнерскіх нажэй. На аўтазаводзе імя Кірава выкралі гідраўзмацняльнікі рулёў на суму 40 мільёнаў рублёў, і гэты буйны крадзёж яшчэ не раскрыты.
Міліцыянты настойваюць на тым, што суб’ектам гаспадарання трэба больш увагі надаваць ахове сваёй маёмасці. Усюды ёсць вартаўнікі і ахоўнікі, але яны не спраўляюцца.
У сельскай мясцовасці звычайна крадуць жывёлу – і з фермаў сельскіх гаспадарак, і з прыватных падворкаў. Перапрадаваць скрадзенае выгадна, бо ўсе мясцовыя газеты запоўнены аб’явамі накшталт "набуду мяса, дорага".
Ёсць праблема з крадзяжамі аўтамагнітол, але тут вінавацяць у халатнасці і гаспадароў, якія не карыстаюцца паслугамі ахоўваемых стаянак, а эканомяць і паркуюць свае машыны дзе давядзецца.
Шмат рэгіструецца крадзяжоў і мабільных тэлефонаў. Але зноў-такі міліцыянты заклікаюць быць пільнымі грамадзян. Людзі часта самі губляюць тэлефоны, асабліва ў стане алкагольнага ап’янення. А таксама (і гэта датычыцца найперш дзяцей і падлеткаў) становяцца ахвярамі дробных махляроў, якія просяць паглядзець мадэль альбо патэлефанваць, і потым знікаюць з апаратам. Альбо проста выхопліваюць тэлефон з рук на цёмнай вуліцы. Толькі прыкладна траціна такіх злачынстваў раскрываецца.
Сяогей Гутарэвіч
31.01.2007