Прыдняпроўе № 10, люты
|
Скандал: у Магілёва адабралі 32 шэдэўры
Перад юбілеем класіка жывапіса В.Бялыніцкага-Бірулі паміж кіраўніцтвам Магілёўшчыны і Нацыянальнага мастацкага музея разгарэўся канфлікт. 28 лютага і 1 сакавіка ў вобласці адзначаецца 135-годдзе мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, які нарадзіўся 29 лютага ў маёнтку Крынкі Бялыніцкага раёна. У магілёўскіх музеях адкрыецца адразу некалькі выстаў, дзе будуць прадстаўлены палотны славутага земляка. Між тым, юбілейныя імпрэзы азмрочаныя спрэчкай вакол музея Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, які існуе больш за 20 гадоў. Гэты музей – філіял Нацыянальнага мастацкага, і цяпер ён павінен перадацца мясцовым органам кіравання. Гораду ад пачатку належаў толькі гістарычны будынак, у якім месціцца экспазіцыя, і частка карцін, падараваных удавой мастака. Астатняе – уласнасць Нацыянальнага музея. І, як уласнік, той вывез у Мінск 32 карціны. Мясцовыя ўлады прымаць экспазіцыю ва ўрэзаным выглядзе катэгарычна не жадаюць: кіраўніцтва сферы культуры хоча, каб карціны Бялыніцкага-Бірулі экспанаваліся на радзіме сусветна вядомага класіка, а не захоўваліся ў фондах. Паводле некаторай інфармацыі, Нацыянальны мастацкі музей сёння мае некалькі соцень палотнаў Бялыніцкага, але з іх выстаўлены толькі дзесятак. Тым не менш, сталічныя дзеячы настойваюць на тым, што і сённяшняя магілёўская экспазіцыя цалкам дастойная. Маўляў, любы горад узрадаваўся б такому падарунку. Але Магілёў не радуецца і лічыць, што па-справядлівасці павінен атрымаць болей. – Шкада, што з-за гэтых разборак гараджане страцілі знакамітыя творы майстра, – лічыць знаўца культурнага жыцця горада. – Карціны схаваюць у запасніках, і іх не будуць бачыць людзі... Спрэчка не завершана, бакам прадстаіць разбірацца з юрыдычнымі тонкасьцямі гэтай музейнай справы. Сяргей Гутарэвіч 28.02.2007
Японцы дапамаглі бальніцам у пацярпелых раёнах
Цэнтральныя раённыя бальніцы ў Слаўгарадзе, Быхаве і Касцюковічах атрымаюць 213,3 тысячы долараў агулам. Гэтыя грошы ад краіны ўзыходзячага сонца прызначаны для набыцця і ўдасканалення медыцынскага абсталявання. Урад Японіі рэалізуе праграму "Грантавая дапамога для праектаў бяспекі насельніцтва". Агульны кошт гранту складае адзін мільён долараў, а адзін праект каштуе прыкладна 80 тысяч долараў. Дакументы аб прадстаўленні часткі гранта для трох раённых бальніц Магілёўскай вобласці падпісаў ў абласным цэнтры Часовы Павераны ў справах Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Коікэ Такаюкі. Дыплямат падкрэсліў, што яго суайчыннікі ставяцца да пацярпеўшых ад радыяцыі беларусаў з сімпатыяй і спачуваннем. Бо ім самім давялося перажыць ядзерную бамбардзіроўку і спраўляцца з наступствамі. Кіраўніцтва вобласці выказала ўдзячнасць за грант: дэмаграфічная сітуацыя ў пацярпелых ад радыяцыі раёнаў складаная, а таму любая дапамога сферы аховы здароўя пойдзе на карысць людзям. У структуры прычын смяротнасці лідыруюць хваробы органаў кровазвароту, таксама шмат людзей пакутуюць на анкалогію, таму японцаў прасілі аб арганізацыі стажыроўкі магілёўскіх кардыёлагаў і анколагаў. Сяргей Гутарэвіч 12.02.2007
Адкрыўся самаакупляльны пансіянат для самотных старых
Хрысціянская дабрачынная арганізацыя "Табея" з Магілёва арганізавала пансіянат для пенсіянераў. За 120 тысяч вяскоўцы жывуць там узімку. "Табея", адна з самых буйных дабрачынных структур рэгіёна, некалькі гадоў таму пабудавала ў Бялыніцкім раёне дзіцячы летнік. Драўляныя дамы разам са сталоўкай і тэхнічнымі пабудовамі размясціліся ў маляўнічым кутку каля вёскі Прыбар. За цёплы сезон тут бясплатна адпачываюць паўтысячы дзяцей, але ўзімку лагер пустуе. Кіраўнік "Табеі" Павал Бродаў прыдумаў на халады сяліць там нямоглых старых з вёсак, якім разам будзе і весялей, і эканомней жыць. Тым больш, ім заўсёды гатовы дапамагчы валанцёры-пратэстанты. Другі года запар у лагеры збіраюцца 15 пенсіянераў, якім за 80 гадоў. Усе засталіся ў самоце з розных прычынаў. Ім цяжка жыць адным, асабліва ўзімку. А ў лагеры маюць цёплы дом, смачныя харчы, чыстую бялізну і штотыднёвую лазню. На аплату электрычнасці, харчоў і сродкаў гігіены кожны плаціць штомесяц 120 тысяч рублёў. Пенсіянерскае таварыства існуе на пранцыпах самафінансавання – дзяржава не плаціць ні капейкі. Сельскія гаспадаркі і фермеры дапамагаюць бульбай і гароднінай. Бялыніцкі райвыканкам падараваў тэлевізар. З замежнай гуманітарнай дапамогі жыльцы маюць новае адзенне. Састарэлых людзей збіраюць з 15 кастрычніка па 15 красавіка. Але многім і ўлетку няма куды падацца, акрамя сваіх паўразбураных хатаў. Таму "Табея" вырашыла пашырыць праект. Мяркуецца пабудаваць пансіянат на 30 месцаў, дзе старыя будуць жыць круглагадова. Бялыніцкія ўлады бясплатна аддалі арганізацыі драўляныя безгаспадарчыя пабудовы ў вёсцы Асман-Касаева. З іх і будзе ўзведзены новы будынак. Туды мяркуецца прыцягнуць сродкі замежных дабрачыннікаў і валанцёраў. Плануецца, што новы пансіянат запрацуе ўжо сёлетняй восенню. – Невядома, як старым выжываць узімку ў вёсках, -- гаворыць Павал Бродаў. –У іх няма сіл: хаты халодныя, самі гаспадары брудныя і харчуюцца абы чым. Аднак можна ў кожнай вёсцы сабраць некалькі чалавек у адну хату і аб’яднаць у камуну. Заплаціць з іх пенсіяў сацыяльнаму супрацоўніку, каб іх даглядалі. Гэта складана, але магчыма. Трэба грамадству клапаціцца пра сваіх старых. Сяргей Гутарэвіч 08.02.2007
П'яныя палёнцы гінуць на пажарах
За першыя дні лютага ў Магілёўскай вобласці загінула на пажарах 13 чалавек. Асноўная прычына – п'янства. Неасцярожнасць з агнём і паленне ў нецвярозым стане прыводзіць да трагедый. Найбольш жахлівы выпадак адбыўся толькі што ў вёсцы Халмы Чавускага раёна. Там на пажары загінулі чатыры чалавекі. Усё пачыналася з радаснай падзеі: у гаспадарцы далі заробак, і кампанія вырашыла гэта добра адзначыць. Мужыкі кінулі працу, удзень набылі на шэсць чалавек больш за скрыню таннага віна, дзве пачкі пячэння(!) на закуску і пачалі святкаваць у вартаўніцкай на ферме. Потым перамясціліся ў прыватны дом, набыўшы яшчэ віна – не хапіла. Цяжка падлічыць, колькі было выпіта за дзень: каля чатырох дзесяткаў бутэлек віна дакладна. На ноч у гаспадара хаты засталіся тры госці – і ўсе яны разам згарэлі ў выніку пажара. Праверкі абставін і гэтай трагедыі, і іншых засведчылі: усе, хто загінулі, напярэдадні былі п'яныя. Вось яшчэ некалькі прыкладаў. У вёсцы Гадылёва Быхаўскага раёна згарэла ў сваёй кватэры 55-гадовая жанчына: яна не атрымлівала пенсію з прычыны адсутнасці пашпарта, аднак гэта, паводле сведчанняў суседзяў, не перашкаджала моцна піць і мець небяспечную звычку паліць у ложку. У вёсцы Крапіўня Касцюковіцкага раёна муж і жонка 45 і 43 гадоў, якія працавалі вартаўнікамі, загінулі на пажары: дакладна вядома, што прычынай стала неасцярожнае паленне, таму што электрычнасць у хаце была даўно адключана, печку тапілі раніцай, а хата палыхнула вагнём бліжэй да ночы. У 55-гадовага мужчыны з Кароўчына ўжо не раз гарэла пасцельная бялізна, але ён упарта працягваў паліць у ложку п'яны, і гісторыя яго жыцця завершылася моцным пажарам. У Магілёўскай вобласці зменшылася колькасць дзяцей, якія загінулі на пажарах. Таму што мясцовыя ўлады сталі актыўна забіраць малых у п'яніц-бацькоў. Аднак апошнімі днямі на пажары моцна пацярпела малое. У вёсцы Лар’янава Мсціслаўскага раёна маці выйшла па справах і кінула адну ў хаце дзяўчынку 2004 года нараджэння. У выніку гульняў з вагнём тая атрымала моцныя апёкі твару і рук, за яе жыццё цяпер змагаюцца магілёўскія медыкі. У такой сітуацыі пажарныя аб'явілі месячнік прафілактыкі і ўсе сілы задзейнічалі на зносінах з народам. Разам з міліцыяй яны правяраюць хаты і кватэры праблемных сем'яў. Сяргей Гутарэвіч 07.02.2007
Рэстаўратары ратуюць унікальную спадчыну
У новай экспазіцыі Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленнікава старажытны спіс абраза Бялыніцкай Божай Маці і фрэска з кляштара кармелітаў. Цяпер магілёўцы могуць пабачыць усё, што супрацоўнікам музея ўдалося сабраць, захаваць, адрэстаўраваць на працягу больш як дзесяці гадоў. У складзе калекцыі старажытнасцяў XVI-XVIII стагоддзяў – абразы, кнігі, фрэскі, драўляныя скульптуры, археалагічныя знаходкі, царкоўныя прылады і іншае. Спіс са знакамітага абраза Бялыніцкай Божай Маці, які цяпер адрэстаўраваны і ўпрыгожвае музейную экспазіцыю, датуецца XVIII стагоддзем. Сам абраз, які шанавалі і праваслаўныя, і каталіцкія вернікі, знаходзіўся ў кляштары кармелітаў. Народ лічыў яго цудатворным, было масавае паломніцтва, а Бялынічы у звязку cа славутым абразам сталі вядомым рэлігійным цэнтрам. Сам абраз Бялыніцкай Божай Маці страчаны і лёс яго невядомы. У 2000 годзе старажытны спіс з абраза прапанаваў набыць музею прыватны калекцыянер. Каб сабраць немалую суму, давялося прасіць людзей ахвяраваць грошы: сваімі заробкамі падзяліліся многія – ад губернатара Магілёўскай вобласці да шэраговых супрацоўнікаў музея. Адно з магілёўскіх прадпрыемстваў выдаткавала сродкі на рэстаўрацыю прыгожага абраза. Іншая адметнасць новай экспазіцыі – гэта фрагмент фрэскавага роспісу "Прэабражэнне Гасподне" з Бялыніцкага кляштара кармелітаў. Кляштара ўжо няма: за савецкім часам ён быў прыстасаваны пад клуб, потым пад склад, а потым рэшты будынка канчаткова ўзарвалі ў 1978 годзе. Напярэдадні знішчэння група мінскіх рэстаўратараў ўратавала фрагменты фрэсак. Яны скалолі іх са сцен і закансервавалі. Каб насценны жывапіс са знішчанага кляштара з’явіўся ў Магілёве, рэстаўратарам давялося складаць яго як мазаіку: сотні кавалкаў умацаваны на шчыце ад падлогі да столі. "Прэабражэнне Гасподне" было напісана манахам Іофіфам у 1761 годзе і цяпер робіць вялікае ўражанне. Выратаваная фрэска яшчэ раз нагадвае пра ашчаднае стаўленне да культурнай спадчыны, каб цудоўныя старажытнасці змаглі ўбачыць і нашы нашчадкі. Сяргей Гутарэвіч 04.02.2007
Першакласнік загінуў пад коламі маршруткі
Дзеці пацярпелі яшчэ ў адной страшнай аварыі ў Магілёўскай вобласці, на гэты раз з удзелам маршрутнай таксоўкі. Трагічнае здарэнне адбылося ў Магілёўскім раёне, у вёсцы Княжыцы, насупраць сельскай школы. Раніцай на вясковы прыпынак прыехаў рэйсавы аўтобус, дзеці і дарослыя пераходзілі дарогу па пешаходнаму пераходу. Аўтамабілі спыніліся, але кіроўца междугародняй маршруткі гэтага не зрабіў. Так пад коламі апынуліся двое першакласнікаў. Хлопчык загінуў на месцы, а дзяўчынка шпіталізавана ў рэанімацыю – яе стан застаецца крайне цяжкім. У дачыненні да 36-гадовага кіроўцы маршрутнай таксоўкі распачата крымінальная справа. Здарэнне моцна ўсхвалявала не толькі Княжыцы, але і навакольныя вёскі, адкуль дзеці прызджаюць вучыцца ў школу. Там, дзе трэба пераходзіць дарогу, – даволі небяспечнае месца, дзе моцны рух. Нават нягледзячы на папераджальныя дарожныя знакі. У некалькіх кроках ад пераходу праз дарогу яшчэ гадоў дзесяць таму пабудавалі падземны пераход, але мясцовыя жыхары закідалі яго смеццем, знішчылі святло, пераўтварылі ў прыбіральню. У Магілёўскай вобласці ў студзені перавышаны мінулагоднія паказчыкі па траўматызму і смяротнасці на дарогах. Сёлета за першы месяц года адбылося 80 дарожна-транспартных здарэнняў, дзе 85 чалавек атрымалі траўмы і 21 – загінуў. Гэта ледзь не ўдвая болей, чым летась. Негатыўна адбіліся на сітуацыі на дарогах вельмі складаныя пагодныя ўмовы. Сяргей Гутарэвіч 03.02.2007
Владимир Браиловский осужден вторично
Адвокаты отца могилевского фестиваля "Золотой Шлягер" намерены обжаловать приговоры маэстро. Бывшему директору Могилевской областной филармонии Владимиру Браиловскому в конце декабре 2006 года судом Ленинского района Могилева вынесен второй приговор. Адвокаты маэстро подали кассационную жалобу и имеют намерение в порядке надзора обжаловать и первый приговор. Владимир Браиловский – знаковая для области и Беларуси фигура. В свое время он придумал Международный музыкальный фестиваль "Золотой шлягер", на котором выступали звезды советской и мировой эстрады прежних лет. Среди них Муслим Магомаев, Вадим Мулерман, Валерий Ободзинский, Виктор Вуячич, Юрий Антонов, Эдита Пьеха, Аида Ведищева, ансамбли "Самоцветы", "Ялла", "Голубые гитары", "Ариэль", "Машина времени", Тото Кутуньо, Рикардо Фольи и многие другие. Теперь его идея возвращения к слушателю старых песен и их исполнителей подхвачена и плодотворно разрабатывается другими людьми. Владимир Браиловский был задержан по обвинению в хищении путем злоупотребления служебным положением и осужден в декабре 2005 года к девяти годам лишения свободы в колонии усиленного режима с конфискацией имущества. Маэстро категорически не признал себя виновным. За время лишения свободы он написал и подготовил к изданию пять книг, в которых рассказывается об организации концертной деятельности, музыке, есть занимательные истории из личной практики. В связи с установлением новых фактов в конце прошлого года состоялся второй суд над Владимиром Браиловским. Маэстро по некоторым пунктам обвинения был оправдан, но в итоге обвинен в хищении и приговорен к семи годам лишения свободы. По решению суда меньший срок (второй) должен поглотиться большим (первым). Адвокаты воспользовались своим правом обжаловать очередной приговор в вышестоящих инстанциях. Сергей Гутаревич 02.02.2007
Кітайцы ўкладаюць грошы ў Бялынічы
Сёлета ў Магілёўскай вобласці мяркуецца ажыццявіцць 177 інвестыцыйных праектаў у малых гарадах і сельскіх раёнах. Прыцягненне інвестыцыяў стала галоўным клопатам сельскіх раёнаў. Ад мясцовай улады патрабуюць мадэрнізацыі старых вытворчасцяў, адкрыцця новых прадпрыемстваў і стварэння працоўных месцаў. Менавіта з гэтых паказчыкаў будзе ацэньвацца праца кіраўнікоў "вертыкалі". Новыя вытворчасці патрэбны не толькі раённым цэнтрам, але і аграгадакам, дзе можна падзівіцца добраўпарадкаванню і еўрарамонту ў сацыяльных установах, але цяжка знайсці працу з нармальным заробкам. Напрыклад, сёлета плануецца адкрыць у гарадскім пасёлку Глуша Бабруйскага раёна новую швачную вытворчасць. Нічым не завершыліся спробы знайсці інвестараў для адраджэння вядомага завода "Шкло-Глуша", якое стала банкрутам. Таму яго плошчы зойме прыватнае прадпрыемства "Славянка-Глуша", дзе 30 чалавек будуць шыць адзенне для школьнікаў на імпартным абсталяванні. Грошы на рэалізацыю дае канцэрн "Беллегпрам", а стварае новае прадпрыемства ААТ "Славянка" ў Бабруйску. У Бялыніцкім раёне ў вёсцы Цяхцін кітайцы пабудуюць сучасны крухмальны завод. Тэндэр, аб’яўлены сельгаспрадпрыемствам "Новая Друць", выйграла фірма з Пекіна. Пастаўка модуля будынка і тэхналагічнага абсталявання будзе каштаваць 1,6 мільёнаў еўра. Фінансаваць праект будуць Нацыянальны банк Беларусі, пры якім працуе "Новая Друць", і сама гаспадарка. Штодзень новы завод мусіць пераапрацоўваць 100 тон бульбы, а крухмал будзе высакаякасны – для харчовай і фармацэўтычнай прамысловасцяў і для тэхнічных патрэбаў. Сельгаспрадпрыемства павялічыць пасевы бульбы. У Чавускім раёне бліжэйшым часам плануецца адкрыць тры новыя вытворчасці, якія дадуць 120 працоўных месцаў. Гэта вытворчасць брыкетаў з адкідаў лесапілення і прадпрыемства па ўтылізацыі шын, а таксама прыватная фірма набыла два цэхі на мясцовым гароднінасушыльным заводзе, каб займацца пераапрацоўкай паліэтылена. Наколькі спраўдзяцца планы – сказаць пакуль цяжка. Таму што ў звязку з ударажэннем энергарэсурсаў ставіцца задача жорсткай эканоміі ва ўсім. Сельскім раёгнам раяць прыцягваць замежных інвестараў і за кошт іх сродкаў мадэрнізаваць вытворчасці. А таксама адкрываць прадпрыемствы, якія не патрабуюць высокіх тэхналогіяў і вялікіх выдаткаў, але тавары якіх карыстаюцца попытам на беларускім рынку. Сяргей Гутарэвіч 01.02.2007 |