Нахабных кіроўцаў штрафуюць па максімуму
ДАІ Магілёўшчыны стала працаваць па ўзмоцненаму варыянту нясення службы. Такая мера выклікана ўскладненнем абстаноўкі на дарогах.
Напрыклад, толькі за 31 ліпеня і 1 жніўня у вобласці зарэгістравана 7 дарожных аварыяў, у якіх 4 чалавекі загінулі і 5 паранена.
У сутыкненні двух аўтамаліляў "Аўдзі" ў Бабруйскім раёне загінуў кіроўца аднаго з іх. У Магілёўскім раёне гаспадар "Жігылёў" парушыў правілы абгона і сутыкнуўся з трактарам, у выніку чаго загінуў пасажыр аўтамабіля.У Быхаўскім раёне "Фольксваген-Гольф" з’ехаў на збочыну і забіў мужа з жонкай, якія сядзелі ля дарогі. У яшчэ адной аварыі ў Бабруйскім раёне пацярпела 8-гадовая дзяўчынка: яна ехала ў легкавым аўтамабілі, які сутыкнуўся з "Уралам".
Дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам дзяцей – на жаль, не рэдкасць. Дзве страшныя трагедыі адбыліся ў чэрвені. Паблізу Глушы Бабруйскага раёна аўтамабіль збіў 15-гадовую дзяўчыну, якая ад атрыманых траўм памерла. А ў Клімавіцкім раёне пад колы "Мерседэса" трапіла 4-хгадовае дзіця, якое не ўдалося выратаваць.
Асноўнымі прычынамі павелічэння колькасці ДТЗ з’яўляюцца найперш парушэнні хуткаснага рэжыма. Потым ідуць парушэнні правіл абгона, недысцыплінаванасць пешаходаў і таксама адсутнасць вопыта ў кіроўцаў – штомесяц аўташколы выпускаюць 1,5 тысячы чалавек.
Складаная сітуацыя з бяспекай на дарогах вымагае мер прафілактыкі, а таксама больш жорсткага ўздзеяння на недысцыплінаваных кіроўцаў. Тых, хто дэманстратыўна грэбуе правіламі дарожнага руху і не робіць вывадаў з папярэджанняў, штрафуюць па максімуму, а потым і пазбаўляюць праў.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за паўгода ў Магілёўскай вобласці адбылося амаль паўтысячы дарожна-транспартных здарэнняў. У іх паранена 530 чалавек, 86 – загінулі. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года зарэгістравана болей ДТЗ і параненыз. Загінула на 10 чалавек меней.
Сяргей Гутарэвіч
06.08.2007