Паручыцелі заплацяць за чужыя крэдыты
Калі людзі перастаюць пагашаць свае даўгі, банкі праз суд прад’яўляюць іскі паручыцелям. Гэтым карыстаюцца крэдытныя махляры.
Спецыялісты ў банках раяць кліентам уважліва чытаць дакументы, пад якімі яны ставяць свае подпісы. А таксама не забывацца, што подпіс – гэта не проста фармальнасць. Калі ваш сябар, калега ці сваяк, які атрымаў крэдыт, не будзе вяртаць банку грошы, то гэта дакладна давядзецца рабіць паручыцелю. З пачатку года ў суды Магілёўскай вобласці толькі з падачы "Беларусбанка" прад’явілі паручыцелям 8 іскаў.
Сюжэты з крэдытнымі махлярствамі, як правіла, адбываюцца ў сельскай мясцовасці, бо там людзі прызвычаіліся больш давяраць адзін аднаму. Напрыклад, у Дрыбінскім раёне здарылася павучальная гісторыя з падстаўнымі атрымальнікамі крэдытаў.
Прадавачка сельскай крамы звярнулася да землякоў з сяброўскай просьбай – узяць для яе крэдыт на спажывецкія патрэбы. Зносіны будаваліся выключна на даверы: некалькі сялянаў спакойна аддалі атрыманыя ў банку грошы. Спачатку жанчына сапраўды плаціла, а потым банкі сталі турбаваць даверлівых грамадзян і патрабаваць грошы з іх.
Ім давялося ўжо заплаціць дзесяткі тысяч сваіх кроўных рублёў, а цяпер стала вядома, што прадавачка арыштавана за нястачу ў краме. Прычым міліцыя не бачыць нічога крымінальнага ў крэдытных горасьцях вяскоўцаў, таму што яны падпісывалі дакументы ў банку добраахвотна, а не пад прымусам.
Часам "за таго хлопца" даводзіцца плаціць вялізныя сумы. Аднойчы быў выпадак, калі чалавек за крэдыт пабудаваў кватэру, а потым спыніў выплаты банку, ды яшчэ і з працы звольніўся. Паводле закона, кватэра да пагашэння крэдыту не магла быць прададзена, таму давялося плаціць паручыцелям. Хаця яны маюць права таксама звярнуцца ў суд, каб у сваю чаргу спагнаць з атрымальніка крэдыта заплачаныя за яго грошы.
Дарэчы, цяпер з’явілася новая паслуга – страхаванне на выпадак невяртання крэдыта. Выдаткі на страхаванне павінен узяць на сябе атрымальнік крэдыта, аднак паслуга гэта вельмі нятанная, таму на Магілёўшчыне такую магчымасць яшчэ ніхто не скарыстаў.
Сяргей Гутарэвіч
17.08.2007