Яблыкі на Магілёўшчыне – у дэфіцыце
Спажывецкая кааперацыя ў звязку з няўраджаем падняла закупачную цану да 200-260 рублёў за кілаграм.
Цэны падвысіліся ў параўнанні з мінулагоднімі ў два разы, аднак нягледзячы на гэта пакуль удалося нарыхтаваць толькі каля 3,5 тысячы тон. І тое, большая частка з гэтага сабрана ў суседніх абласцях.
Калі летась за сезон магілёўскія кааператары набылі ў насельніцтва больш за 20 тысяч тон яблык, то сёлета лічбы чакаюцца больш сціплыя. У паніцы пераапрацоўчыя прадпрыемствы, бо яблыкі – гэта асноўная сыравіна для вырабу таннага віна. Таму нарыхтоўшчыкі старанна шукаюць месцы, дзе можна набыць садавіну. Аднак рэсурсы, як кажуць у спажыўсаюзе, сапраўды абмежаваныя.
Напрыклад, у вёсцы Ермалавічы на Бялыніччыне яблыкі сёлета ўрадзілі толькі на адным пасёлку. З трох дзесяткаў падворкаў у мясцовую кааператыўную краму ўжо здалі 10 тон. Людзей не трэба пераконваць везці яблыкі ў мясцовую краму: яны і самі ахвотна здаюць лішкі сваіх "антонавак" ды "пуцінак". У сярэднім на здачы яблык зарабляюць па 200-300 тысяч рублёў.
– Агульнавядома, што добры ўраджай яблык здараецца праз год, – тлумачаць вяскоўцы. – Сёлета ўрадзіла на нашым пасёлку, і мы рады прадаць яблыкі кааперацыі: чым яны будуць гнісці пад нагамі, лепей паклапаціцца і атрымаць дадатковыя грошы.
Тыя, хто лічаць цэны спажывецкай кааперацыі не надта вялікімі, едуць гандляваць на рынкі. Невялікае вядэрца салодкіх яблык на трасе "Магілёў-Мінск" каштуе 3-4 тысячы рублёў, на рынку ў Магілёве за кілаграм яблык просяць ад 500 да 1500 рублёў.
Гэтым часам таксама пачалася нарыхтоўка брусніцаў. Аднак сяляне моцна незадаволеныя закупачнай цаной – 1,5 тысячы за кілаграм. Яны параўноўваюць яе з цаной на чарніцы: сёлета іх закупалі за 4,5-6 тысяч і, сабраўшы рэкордны за апошнія 30 гадоў ураджай у амаль паўтысячы тон, актыўна прадавалі замарожаныя ягады ў Польшчу. Беларусы не могуць зразумець, чаму для замежнікаў карысныя для здароўя брусніцы менш каштоўныя за чарніцы. Падобная сітуацыя, папярэджваюць у спажывецкай кааперацыі, будзе і з журавінамі, збор якіх пачнецца з 25 жніўня.
Па-ранейшаму кааператары прымаюць грыбы. Лісічкі каштуюць 2,5-4,5 тысячы рублёў за кілаграм. Можна будзе яшчэ зарабіць на продажы белых грыбоў, апенькаў, падбярозавікаў і падасінавікаў. А ўсяго сёлета за здачу лясной і пладова-агародніннай прадукцыі жыхары Магілёўскай вобласці зарабілі больш за 3 мільярды рублёў.
Сяргей Гутарэвіч
18.08.2007