У Мсціславе прайшоў рыцарскі фэст
У ім бралі ўдзел 16 беларускіх клубаў гістарычнай рэканструкцыі і з дзесятак гуртоў, якія граюць музыку ў старажытным стылі.
Мясцовыя ўлады падтрымалі і дапамаглі ажыццявіць ідэю. Яны разлічваюць, што гэта мерапрыемства прыцягне ў Мсціслаў болей турыстаў. Тым больш, у гэтым старажытным горадзе зашмат помнікаў архітэктуры і гісторыі. Напрыклад, рыцарскія баі адбываліся побач з іезуіцкім касцёлам – старажытным велічным будынкам, які, аднак, яшчэ дагэтуль не адрэстаўраваны.
– Мне спадабаўся Мсціслаў, – расказаў Аляксандр з аршанскага клуба "Монсальват". – Добра, што тут шмат старажытных будынкаў. Тут па-іншаму упрымаш гісторыю і адчуваеш свае карані.
Паглядзець рыцарскі турнір сабралося больш за тысячу мсціслаўцаў. Яшчэ болей людзей назірала за вогненным шоу і танчыла на старажытнай дыскатэцы. Мсціслаўцам спадабаліся рыцары ў латах і іх прыгожыя дамы ў старажытных строях. Яны жартавалі з басаногімі манахамі ў сутанах, якія збіралі міласціну ў драўляныя келіхі. І спрытна набывалі CD ў сярэдневечных сялянаў.
– Нам вельмі спадабаўся фестываль, – паведамілі мсціслаўскія дзяўчыны. –Асаблівае ўражанне зрабілі рыцары і іх стаўленне да жанчын. Нядрэнна было б і цяперашнім мужыкам пераняць кодэкс гонару рыцара.
– Няхай і мсціслаўцы захопяцца рыцарскай справай, няхай у людзей узнікне жаданне больш даведацца пра гісторыю свайго роднага краю, – гаворыць Віктар з Мінску. – Я старажытнасцю захапляўся з дзяцінства, і мая "хвароба" з узростам не праходзіць. Лепей займацца рэкантрукцыяй гісторыі, чым ляжаць на канапе, тупа глядзець тэлевізар і піць гарэлку.
Сяргей Гутарэвіч
21.08.2007