Святары асвяшчаюць небяспечныя дарогі
Па просьбе ДАІ Магілёўшчыны яны хочуць з дапамогай малітвы блакіраваць адмоўную энергетыку "заварожаных участкаў" на трасах.
У Магілёўскім раёне на гомельскай шашы перад самым уездам у абласны цэнтр ёсць участак абсалютна роўнай дарогі. Але ён вылучаецца сярод іншых вялікай аварыйнасцю: толькі за апошні час тут адбыліся два дарожна-транспартных здарэнні. У адным выпадку вадзіцель не справіўся з кіраваннем на хуткасці, іншы неабачліва пайшоў на абгон. Абодва аўатамабілі перакуліліся, загінулі людзі.
ДАІ палічыла, што нялішнім будзе асвяціць дарогу. Айцец Мікалай з пасёлка Вейна прачытаў на збочыне малітву для вандроўнікаў, каб Бог падараваў кожнаму анёла-захавальніка і каб падарожжа паспяхова завяршылася мірным вяртаннем дадому.
– Трэба асвяшчаць нешчаслівыя месцы, – упэўнены святар. – Тут, калі казаць сучаснай мове, адмоўная энергетыка, і яе выправіць можа малітва і крапленне святой вадой. Тады Бог будзе ахоўваць людзей.
Такіх нібыта "заварожаных участкаў" на Магілёўшчыне нямала. Напрыклад, у Чэрыкаўскім раёне, дзе дарогу пабудавалі праз старыя могілкі і месца жорсткіх баёў на Проні, пастаянна б’юцца аўтамабілі, прычым з цяжкімі наступствамі. У Кіраўскім раёне ёсць яшчэ адзін падобны ўчастак дарогі, дзе адсыпку пры будаўніцтве рабілі пяском з могілак.
– Любы кіроўца, які даўно за рулём, ведае такія дрэнныя месцы, – тлумачыць Аляксей з Быхаўшчыны. – Ёсць нешта такое, што людзі не заўсёды могуць растлумачыць. Таму я мяркую, што супраць злых сілаў асвяшчэнне можа дапамагчы. Народ у гэта верыць.
– А я лічу, што трэба найперш строга выконваць правілы дарожнага руху, – пярэчыць іншы кіроўца, Уладзімір з Магілёва. – Тады любая дарога не будзе заварожанай. Канечне, па дапамогу да Бога таксама нядрэнна звярнуцца. Аднак, як гавораць, не трэба ляцець наперадзе свайго анёла-захавальніка.
Айцец Мікалай гатовы працягнуць працу з ДАІ. І ў прыватнасці асвяціць участак дарогі на трасе "Мінск-Магілёў" у раёне вёскі Княжыцы, дзе ўзімку маршрутнае таксі насмерць збіла двух дзяцей, якія ішлі ў школу.
Падобную працу вядуць і ў іншых сельскіх раёнах. ДАІ выкарыстоўвае ўсе метады дзеля бяспекі на дарогах – прафілактыку, жорсткія пакаранні парушальнікаў, відэакнтроль, а цяпер яшчэ малітву і святую ваду. Ці дазволяць гэтыя высілкі выканаць праграму ўратавання жыцця кіроўцаў і пешаходаў "Мінус 100", пакажа будучае. Пакуль, паводле вынікаў за паўгода, у Магілёўскай воблаці зарэгістравана больш аварыяў, чым за леташняе першае паўгоддзе, але людзей у іх загінула меней.
Сяргей Гутарэвіч
22.08.2007